Дрэва мірнага жыцця. У Ляхавічах нарадзілася «Дзіця міру»

26 кастрычніка Беларускі фонд міру адзначыў 60-годдзе. У гэты дзень у аграгарадку Мухавец Брэсцкага раёна на тэрыторыі гасцінічнага комплексу «Лагуна-Янтарная» лідары грамадскага аб’яднання Брэстчыны заклалі алею з граба.

Месца яе нараджэння вельмі сімвалічнае – тут знаходзіцца Алея помнікаў савецкім салдатам, загінулым у Польшчы падчас вайны. У суседняй дзяржаве помнікі былі дэманціраваны і аказаліся нікому не патрэбнымі. Па ініцыятыве генеральнага дырэктара ТАА «Лагуна» дэпутата Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Наталлі Ільніцкай памяць пра подзвіг герояў захавана, і абеліскі вернуты на Радзіму.
У пасадцы дрэў прынялі ўдзел кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, прадстаўнікі гарадскіх і раённых арганізацый Беларускага фонда міру Брэстчыны, сярод якіх і старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі Ларыса Юшкевіч. Сярод двух дзясяткаў высаджаных пірамідальных грабаў будзе цягнуцца да сонца і яе дрэўца. Каля кожнага ўстаноўлена шыльда з «імянным» надпісам.
– Садзім дрэвы – пакідаем адметны след на зямлі. Прызначэнне Беларускага фонда міру – рабіць дабро. І сённяшняя падзея таму яскравы прыклад – у пасадку дрэў укладзены глыбокі сэнс і выхаваўчае значэнне. Дрэвы жывуць не адно стагоддзе, значыць, падтрымліваем такім чынам сувязь пакаленняў і ўмацоўваем традыцыі. Што вельмі сімвалічна ў Год народнага адзінства, калі дрэвы садзілі не толькі нераўнадушныя землякі, цэлыя калектывы, а і бацькі разам з дзецьмі, – падкрэслівае Ларыса Юшкевіч.


У Беларускага фонда міру ёсць цудоўная традыцыя – ушаноўваць дзяцей, якія нарадзіліся 21 верасня – у Міжнародны дзень міру. На Ляхавіччыне такую падзею адзначалі шэсць гадоў назад. А сёлета ў сям’і ляхавічан Ігара і Ірыны Сокалаў менавіта ў гэты мірны дзень з’явіўся першынец – дачка Ева, якая стала ўладальніцай ганаровага статусу – «Дзіця міру». Шчаслівыя бацькі не хаваюць радасці – чакалі менавіта дзяўчынку.


27 кастрычніка Ларыса Юшкевіч сардэчна павіншавала маладых бацькоў (на здымку) і ўручыла пасведчанне, падпісанае старшынёй праўлення абласнога аддзялення Беларускага фонда міру Лідзіяй Раманюк, і грашовы сертыфікат. Такой шчырай увагай
грамадскае аб’яднанне падкрэслівае значнасць мацярынства і важнасць з’яўлення на свет новага жыцця.
Спонсарам падарунка стала ТАА «Трансэлектракамплект». За нераўнадушнасць і заўсёдную гатоўнасць дапамагаць яго калектыву ад раённай арганізацыі Беларускага фонда міру – вялікая ўдзячнасць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.