Святочны лістапад. 7 лістапада 1917 года – дата, якая стала пераломным момантам, лічы, для ўсяго свету

Па-рознаму можна ставіцца да той ці іншай падзеі дзяржаўнай важнасці, якая карэнным чынам паўплывала ці ўвогуле змяніла ход гісторыі. Але адно відавочна: гісторыю трэба ведаць, шанаваць і вучыць гэтаму ж нашчадкаў.


7 лістапада 1917 года – дата, якая стала пераломным момантам, лічы, для ўсяго свету. Падзея, якая атрымала назву Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, стала пачаткам нараджэння новай дзяржавы і новых сацыяльна-эканамічных адносін. Бясплатная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, васьмігадзінны працоўны дзень, ліквідацыя саслоўных прывілеяў, роўнасць грамадзянскіх правоў жанчын і мужчын і многае іншае стала заваяваннем таго часу. Дзякуючы рэвалюцыі, людзі атрымалі права на працу, адукацыю і адпачынак, права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Мы, беларус, набылі сваю незалежнасць, магчымасць будаваць суверэнную дзяржаву на прынцыпах дабра і справядлівасці, плённа працаваць на роднай зямлі. І сёння Рэспубліка Беларусь не толькі захавала, але і прымножыла гэты патэнцыял, выбраўшы ўласны шлях развіцця.
І ў новым стагоддзі 7 лістапада ў суверэннай Беларусі – чырвоны дзень календара. І ў многіх пакаленняў з сёмым днём апошняга месяца восені звязаны святочныя і добрыя ўспаміны.

Уладзімір САЛАДУХА, ляхавічанін, на заслужаным адпачынку:
– Для мяне Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – знакавая дата. Лічу сябе па сутнасці бальшавіком. Дзякуючы Кастрычніку, я атрымаў бясплатную адукацыю, дабіўся ў сваім жыцці, лічу, значных дасягненняў. Маё дзяцінства апалена вайной. Нашу вёску дашчэнту спалілі фашысты, і ўся мая сям’я пайшла ў партызаны. Бацька завяршыў вайну ў маі 1945 года ў Празе. Яшчэ ў дзяцінстве я выбраў будучую прафесію – самую мірную, самую стваральную – будаўнік. І ні разу не пашкадаваў пра выбар. Нават і не падлічу, колькі квадратных метраў узведзена за гэты час – жылых дамоў, сельскагаспадарчых і сацыяльных аб’ектаў, у тым ліку малочнатаварныя комплексы, СШ № 1, райбальніца ў райцэнтры, ГДК і шмат чаго іншага.
У гады СССР было добрай традыцыяй адкрываць да чарговай гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі заводы, фабрыкі, бальніцы, школы, магазіны, Дамы культуры. Асабліва памятным для мяне стаў пуск у райцэнтры прыроднага газа ў 1986 годзе. Тады пракладвалі газаправод два этапы. Паралельна з тым, як у горад прыйшоў прыродны газ, пачала дзейнічаць і гарадская кацельня на газу, якая замяніла работу адразу чатырох вугальных кацельняў. На той час гэта была падзея выключнай важнасці.
Увогуле, з 7 лістапада ў мяне толькі станоўчыя асацыяцыі. Яшчэ калі быў студэнтам, заўжды справай гонару было прайсці ў вялікай агульнай калоне на лістападаўскай дэманстрацыі. Трывалыя традыцыі адзінства былі, калі працаваў ў будаўнічых арганізацыях Ляхавіцкага раёна. На дэманстрацыю выходзілі сем’ямі, калектывамі, вакол кветкі, усмешкі, транспаранты, віншаванні са святам – такая цудоўная атмасфера не забываецца. І будучыя пакаленні павінны помніць і ганарыцца, дзеля чаго жылі іх бацькі, дзяды і прадзеды.

Наталля ПРАЖОГА, загадчык Навасёлкаўскага СДК:
– Памятаю, як яшчэ школьніцай цікава на ўроках гісторыі было слухаць пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Так хацелася пабываць у Ленінградзе, пагля-дзець хоць здалёк на крэйсер «Аўрору». У школе кожны вучань імкнуўся быць добрым акцябронкам, стаць піянерам, з гонарам насіць чырвоны гальштук і, у рэшце рэшт, уступіць у камсамол.
Асабіста для мяне Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі быў і застаецца святам. Прычым не толькі дзяржаўнай важнасці, але і вызначальным ў асабістым жыцці. 7 лістапада 1984 года я выйшла замуж. І вось ужо 37 гадоў жывём з мужам, як гаворыцца, душа ў душу. Так што 7 лістапада дзень нараджэння нашай сям’і.
Мяне заўсёды ўражвалі маштаб і відовішчнасць гэтага свята. Тады з года ў год у Навасёлках арганізоўвалася дэманстрацыя. Вялікая калона, у якой працаўнікі калгаса “Новы шлях”, тады старшынёй быў Мікалай Стэцко, настаўнікі, работнікі дзіцячага сада, медработнікі, школьнікі праходзілі па вуліцах вёсак, абавязкова праводзіўся мітынг. А потым у СДК ладзілася вялікая канцэртная праграма. Колькі цікавых нумароў рыхтавалі да святочнага мерапрыемства! Іншы раз прыязджалі самадзейныя артысты з горада ці з суседніх Дамоў культуры. На канцэрты збіралася ўся вёска, было мнагалюдна.
З настальніяй ўспамінаю тыя часы. І здорова, што і цяпер 7 лістапада – па-ранейшаму чырвоны дзень календара.

Дар’я МАРОЗАВА, першы сакратар райкама БРСМ:
– Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі да гісторыі і традыцый заўсёды ставіцца з павагай і пашанай. Праводзіцца шмат праектаў і конкурсаў, сустрэч і пляцовак, якія прысвечаны слаўнаму мінуламу нашай краіны. Для пераемніка камсамола – БРСМ – 7 лістапада – цудоўная нагода ўспомніць пра падзеі, якія карэнным чынам змянілі жыццё мільёнаў людзей, а таксама асэнсаваць дасягненні і задумацца , што сёння можна зрабіць разам для шчаслівага заўтра усёй краіны і сваёй малой радзімы ў прыватнасці.
Моладзь абавязана вывучаць і ведаць гісторыю краіны, таму што без мінулага не бывае будучыні. У Год народнага адзінства БРСМ даў старт патрыятычнаму праекту «Ведаю Беларусь». Падчас інтэлектуальных спаборніцтваў юнакі і дзяўчаты адказваюць на пытанні па гісторыі, геаграфіі, культуры нашай краіны.
Дарэчы, сёлета да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі актывісты пярвічкі БРСМ Навасёлкаўскай СШ сумесна з мясцовым сельвыканкамам прымеркавалі пасадку алеі ў вёсцы Ураджайная.