Быць патрыётам і плённа працаваць. 79 маладых спецыялістаў папоўнілі сёлета працоўныя калектывы Ляхавіччыны

79 маладых спецыялістаў папоўнілі сёлета працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны.
Пытанні, што іх хвалююць, вырашалі падчас традыцыйнай сустрэчы з кіраўніцтвам раёна

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Першае працоўнае месца ў многім лёсавызначальная падзея. Менавіта з размеркавання студэнт па-сапраўднаму пачынае адчуваць усе нюансы дарослага жыцця. Сёлета на Ляхавіччыну прыехалі 79 маладых спецыялістаў – яны папоўнілі працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Кожнаму – рады, для кожнага маладога і перспектыўнага – усе ўмовы для далейшага ўдасканалення і развіцця.

Мінулы чацвер сабраў маладыя сілы ў гарадскім Доме культуры. Традыцыйная сустрэча старшыні райвыканкама з новым кадравым папаўненнем – магчымасць для пачынаючых спецыялістаў задаць хвалюючыя пытанні, вырашыць многія праблемныя моманты або прапанаваць сваё меркаванне. Кіраўнік раёна Мікалай Мароз задаў характар сустрэчы як зацікаўлены дыялог, у якім не бывае закрытых тэм.


– Сёння ў кожнага з вас вялікія перспектывы, усё залежыць ад вас, вашага жадання плённа працаваць і дасягаць поспеху. У раёне створаны ўсе умовы, каб вы тут замацаваліся і працягнулі працаваць на карысць раёна і краіны. Не будзьце раўнадушнымі, праявіце ініцыятыву, і мы, кіраўніцтва раёна, вас абавязкова пачуем. Ляхавіччына – багаты край, ён абавязкова вас зачэпіць і сваёй гісторыяй, і працавітымі шчырымі людзьмі. Але вы самі вырашаеце свой лёс, галоўнае – заставацца патрыётамі, вернымі сваёй Радзіме, – вітаў маладых спецыялістаў Мікалай Мароз.
На хвілін 15 экскурсам па Ляхавіччыне прайшліся ўдзельнікі сустрэчы – фільм пра патэнцыял нашага краю толькі прыадкрыў гістарычныя таямніцы і заінтрыгаваў рабят. Колькі яшчэ ім належыць усяго даведацца пра нашу Грушаўку, Рэпіхава, Савейкі, ахутаную легендамі Ведзьму…
Прафсаюзы заўсёды стаяць на абароне правоў работнікаў. Таму маладыя кадры гэты момант не павінны ўпусціць: дзе даведацца пра ўсе прафсаюзныя бонусы, што прадугледжаны для моладзі, і шмат іншых дэталяў расказала старшыня раённага аб’яднання праф-
саюзаў Тамара Пракап’юк. Яна таксама параіла рабятам вучыцца ў тых, хто побач, – прафесіяналаў справы, набірацца вопыту і не баяцца ісці наперад.
Кіраўнік раёна выказаў пажаданне, каб моладзь, што прыбыла на Ляхавіччыну, пазнаёмілася з культурным багаццем раёна, па магчымасці, варта арганізаваць для маладых спецыялістаў экскурсію ў знакавыя для Беларусі месцы. Магчыма, варта наведаць легендарную Брэскую крэпасць, комплекс «Лінія Сталіна», паблізу Нясвіжскі і Мірскі замкі.
Тамара Пракап’юк нагадала, што прафсаюзы – гэта вялікі пласт работы, які датычыць і пазапрацоўнай дзейнасці. Злёты, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы – галоўнае, не заставацца ў баку, і прафсаюзнае жыццё абавязкова  цябе захопіць.
Сярод пытанняў, якія лічацца прыярытэтнымі ў моладзі, – заработная плата і, канешне, забяспечанасць жыллём. Арэндны варыянт квадратных метраў для кадраў, якія прыбылі па размеркаванні, – ідэальны і аптымальны варыянт часовага вырашэння. Пра тое, на што могуць разлічваць юнакі і дзяўчаты наконт жылля, расказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Марына Завадская. Яна адзначыла, што на працягу года было размеркавана 20 арэндных кватэр па характару працоўных адносін, 16 з іх атрымалі менавіта маладыя спецыялісты. Шмат жыллёвых аб’ектаў размяшчаецца ў сельскай мясцовасці. Старшыня райвыканкама прапанаваў і іх разглядаць як варыянт для жылля маладых спецыялістаў, 10–15 мінут – і ты ўжо на працоўным месцы. Ляхавіцкі раён кампактны. Дарэчы, усяго ў сельскай мясцовасці налічваецца 201 жыллёвы аб’ект, які ў перспектыве можа стаць камфортным жыллём для маладых спецыялістаў і не толькі.
Моладзь пацікавілася, ці абсталявана кватэра мэбляй і бытавой тэхнікай. Адказ адназначна адмоўны. Але ж і ў гэтым пытанні дзяржава падтрымала моладзь. Для выпускнікоў дзяржаўных устаноў адукацыі і ўстаноў адукацыі спажывецкай кааперацыі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю і прыступілі да працы па размеркаванні або накіраванні на працу (накіраваны для праходжання службы) не па месцы жыхарства бацькоў, прадугледжаны льготны крэдыт для набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. Гэта магчымасць набыць тавары першай неабходнасці. Пакуль толькі адзін чалавек скарыстаўся льготным крэдытам. Пра ўмовы атрымання, максімальны памер крэдыту растлумачыла вядучы спецыяліст ЦБП № 117 Беларусбанка Наталля Сяргей.
Культурнае жыццё раёна абяцае маладым спецыялістам падарыць шмат уражанняў і станоўчых эмоцый. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач шчыра вітала рабят на Ляхавіччыне і запрашала быць больш актыўнымі, раскрыць свой творчы патэнцыял. Тым больш іх рады бачыць у кожным самадзейным калектыве. Але ж асноўнае, на што звярнула ўвагу галоўны ідэолаг раёна, – заўсёды думаць пра наступствы сваіх учынкаў, лёгка памыліцца і зламаць жыццё. Таму быць патрыётам сёння гэта ўжо не пра жаданне, гэта абавязак кожнага грамадзяніна краіны. Актыўных і нераўнадушных заўсёды рады бачыць у райкаме БРСМ.
А ў падарунак для маладога кадравага папаўнення гучала народная эстрадная група «Пачатак» ГДК.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.