Капітал для вялікай сям’і. Сёлета ў Ляхавіцкім раёне сямейны капітал назначаны 44 сем’ям

У Беларусі за нараджэнне трэцяга і наступных дзяцей дзяржава адкрывае мнагадзетным сем’ям рахунак, на які залічваецца сямейны капітал. Такі падарунак уяўляе сабой безнаяўныя грашовыя сродкі (у 2020–2024 гадах – у памеры 22,5 тысячы рублёў, у 2015–2019 гадах – 10 тысяч долараў ЗША). З 2015 года ў Ляхавіцкім раёне сямейны капітал назначаны 387 сем’ям. Маштаб дзяржаўнай увагі відавочны.

Па стане на пачатак лістапада на Ляхавіччыне пражывае 394 мнагадзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца 1309 дзяцей. З пачатку года за назначэннем сямейнага капіталу звярнуліся  44 сям’і, і ўсе атрымалі станоўчае рашэнне па назначэнні гэтага віду дзяржаўнай дапамогі.
З 1 студзеня мінулага года сямейным капіталам можна распарадзіцца, не чакаючы, пакуль дзіцяці, на якое ён аформлены, споўніцца 18 гадоў. Такая магчымасць была і раней, але датычыла толькі аплаты медпаслуг. Сёння пералік пашыраны. Але расходаваць дзярждапамогу можна толькі на самае неабходнае: жыллё, медыцыну і адукацыю.
За датэрміновым выкарыстаннем сямейнага капіталу ў Ляхавіцкім раёне з пачатку года звярнулася 81 сям’я: пяць вырашылі выкарыстаць яго на атрыманне сярэдняй і вышэйшай адукацыі, яшчэ пяці патрабуюцца медыцынскія паслугі ў галіне стаматалогіі, астатнія землякі жадаюць палепшыць жыллёвыя ўмовы.
Мнагадзетная сям’я Вольгі і Паўла Яўлашаў з аграгарадка Навасёлкі выхоўвае трох сыноў: Арцёма, Ягора і Багдана. Арцём вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным прафесіянальным ліцэі чыгуначнага транспарту. Адзінаццацігадовы Ягор таксама нераўнадушны да тэхнікі, а інтарэсы гадавалага Багдана пакуль круцяцца вакол таты і мамы.
Дзяржаўную дапамогу сям’я выкарыстала для паляпшэння жыллёвых умоў: набыла аднапакаёвую кватэру ў Ляхавічах.
– Дзецям жыллё ў райцэнтры абавязкова спатрэбіцца. А яго наяўнасць – залог таго, што хтосьці з рабят застанецца на малой радзіме, – адзначае маці трох сыноў.
Дарэчы, заява аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу ў адпаведнасці з заканадаўствам разглядаецца мясцовым выканкамам на працягу аднаго месяца з дня яе падачы. Пасля прыняцця рашэння аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу грамадзянін з копіяй прынятага рашэння і адпаведнымі дакументамі звяртаецца ў ААТ «ААБ Беларусбанк», якое ажыццяўляе аперацыі па ўкладах (дэпазітах) «Сямейны капітал», для пералічэння сродкаў сямейнага капіталу.
Працэдура гэта не хуткая – мінімальны тэрмін пералічэння сродкаў складае 31 каляндарны дзень з дня звароту грамадзяніна ў Беларусбанк.
Ляхавічане Вадзім і Наталля Чарнышовы сямейны капітал вырашылі накіраваць на аплату медпаслуг. У мнагадзетных бацькоў падрастаюць дочкі Ульяна, Васіліса і Марыя. На ўласныя сродкі ўзводзяць дом. А дзяржаўная дапамога датэрмінова спатрэбілася для
вырашэння некаторых медыцынскіх праблем.
– Самім справіцца было б вельмі цяжка. Зубны імплант з устаноўкай каштуе каля 1000 рублёў. А ён неабходны не адзін. Цудоўна, што дзяржава дорыць мнагадзетным сем’ям такія каштоўныя падарункі, – падкрэслівае Наталля Чарнышова.
Каб выкарыстаць капітал на аплату стаматалагічных паслуг, патрабуецца, акрамя падачы заявы ў «Адно акно» райвыканкама і атрымання станоўчага рашэння, яшчэ і заключэнне ўрачэбнай кансультацыйнай камісіі, даведка пра поўную санацыю ротавай поласці і г. д.
У сям’і яшчэ адных нашых землякоў сыну да бюджэтнай формы атрымання адукацыі не хапіла двух балаў. Бацькі, каб сын ажыццявіў сваю мару, вырашылі на навучанне накіраваць дзяр-
жаўную падтрымку. На першы ўзнос назбіралі самі, а далей разлічваюць на сямейны капітал. Для гэтага падалі заяву ў «Адно акно» і сабралі неабходны пакет дакументаў.
12 кастрычніка Прэзідэнт падпісаў Указ № 389 «Аб выкарыстан-
ні сямейнага капіталу», у якім пашыраны напрамкі яго датэр-
міновага выкарыстання. З 1 студзеня 2022 года, напрыклад, прадастаўлена права набываць долю кватэры ці дома пры ўмове, калі пасля такой куплі грамадзянін становіцца ўласнікам усяго жылля. Гэта даволі актуальна, каменціруе новаўвядзенні начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень:
– Калі жыллё, напрыклад, атрымліваюць у спадчыну ад бацькоў, і выкупляецца доля іншых спадчыннікаў. Таксама з’явілася магчымасць датэрміновага выкарыстання дзяржаўнай дапамо-
гі на пагашэнне пазыкі, выдадзенай арганізацыяй па месцы працы. Раней – толькі на пагашэнне банкаўскага крэдыту. Таксама ўводзіцца абавязковая ацэнка кошту (на аснове рыначных метадаў) набываемых жылых памяшканняў. Мера накіравана на выключэнне выпадкаў завышэння кошту жылля пры заключэнні дагавораў куплі-продажу. Фактычна навацыі дапоўнілі кожны напрамак выкарыстання сямейнага капіталу. Датычыць гэта і атрымання платнай адукацыі, медпаслуг і г. д. Да прыкладу, з наступнага года можна выкарыстаць сямейны капітал на атрыманне адукацыі не толькі ў дзяржаўных ВНУ і ССНУ, але і ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі спажывецкай кааперацыі Беларусі і ў ВНУ Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Да іх адносяцца Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО».
Згодна з дакументам, з наступнага года сямейны капітал можна накіраваць, не чакаючы 18-годдзя дзіцяці, для набыцця для членаў сям’і, якія з’яўляюцца інвалідамі, тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі іх у грамадства (тактыльныя дысплеі і прынтары Брайля, прылады для падымання людзей, функцыянальныя ложкі).
Пры гэтым узмацняюцца патрабаванні да датэрміновага выкарыстання капіталу. Такое рашэнне прынята «з мэтай больш узважанага падыходу грамадзян да расходавання сродкаў сямейнага капіталу».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.