Сакрэт загалоўкаў раёнкі раскрыты?

Нам заўжды вельмі прыемна, калі «Ляхавіцкі веснік» становіцца сябрам, з якім хочацца падзяліцца прыемнай навіной. А ў школьным жыцці іх безліч – для гэтага і працуе сумесны праект «ЛВ» і аддзела па адукацыі райвыканкама «Школьны дзённік». На днях калектыў рэдакцыі ганарыўся будучай зменай журналістаў, калі даведаўся, што раёнка стала аб’ектам даследчай працы, дакладней, увага была скіравана на газетныя загалоўкі. Вучаніца Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча Святлана Бурчыц
(на здымку) і настаўніца Людміла Саўчык для свайго даследавання скіраваліся патрыятычным выбарам роднай раёнкі. І, чым «веснікаўцы» асабліва ганарацца, праца не засталася незаўважанай і на абласным узроўні.
Прыемна, калі нашы публікацыі натхняюць на такія работы. Жадаем поспехаў, трымаем кулачкі за юных карэспандэнтаў.

Я заўсёды з цікавасцю чытаю раённую газету «Ляхавіцкі веснік», а пры выбары газетнага артыкула часцей за ўсё звяртаю ўвагу на яго загаловак. Лічу, што менавіта ён з’яўляецца «тварам» любога друкаванага выдання.
Пры вызначэнні тэмы для правядзення даследчай працы ў школе мы з маім кіраўніком Людмілай Канстанцінаўнай Саўчык спыніліся на загалоўках «Ляхавіцкага весніка».

У ходзе даследавання неабходна было вызначыць: якія наогул бываюць віды загалоўкаў і якія функцыі яны выконваюць? Мы азнаёміліся з даследаваннямі вядомых вучоных-лінгвістаў па данай тэме, прааналізавалі 130 газетных загалоўкаў раёнкі
за студзень – жнівень 2021 года. Узяўшы за аснову класіфікацыю загалоўкаў расійскага журналіста і філолага Шостак М. І., размеркавалі назвы газетных артыкулаў «Ляхавіцкага весніка»
па пяці групах: загаловак-хроніка, загаловак-рэзюмэ, загаловак-бягучы  радок, загаловак-цытата і загаловак-інтрыга.
Нам стала цікава, якія ж загалоўкі пераважаюць у раёнцы. Параўнаўшы колькасны склад кожнай групы ў працэнтных суадносінах, вызначылі рэйтынг папулярнасці розных відаў загалоўкаў, якія выбіраюць журналісты для сваіх артыкулаў. Першынство атрымалі канкрэтныя загалоўкі: загаловак-хроніка, які коратка перадае агляд навіны («Эканоміку чакае хуткае аднаўленне»), і загаловак-рэзюмэ, які таксама характарызуе падзею, але не прама, а ўскосна, хаваючы свае ацэнкі за мастацкімі сродкамі («Прафсаюзны камплімент»). На мой погляд, прычына такога выбару крыецца ў тым, што большасць чытачоў раённай газеты складаюць простыя вяскоўцы. А ім,  занятым сваімі паўсядзённымі сельскімі справамі, не хапае часу на разгадванне замыславатых загалоўкаў любімай газеты. А так прачытаў канкрэтны загаловак і зразумеў, што і да чаго.
Інтрыгуючыя загалоўкі таксама прысутнічаюць на газетнай паласе «Ляхавіцкага весніка» («Мутная гісторыя», «Пазакласная работа»).
Ну, як жа без інтрыгі! Яна заўсёды  заахвочвае да хутчэйшага пазнання.
Для сваіх артыкулаў аўтары выбіраюць і гульнявыя загалоўкі-цытаты. Гэта калі тэксту даюць загаловак, ужываючы вядомую назву твора  ці фільма, устойлівы выраз, прыказку ў зменнай ці нязменнай форме: «Туркін і яго каманда» (змененая назва аповесці А. Гайдара «Цімур і яго каманда»), «Летні дзень год корміць» (прыказка). Не вельмі папулярны ў журналістаў загаловак-бягучы радок, які ўяўляе сабою пачатак навіны, што пераходзіць у тэкст: «Па маршруце безбар’ернага асяроддзя…».
Многа розных пытанняў узнікала ў нас пры даследаванні данай тэмы. Таму лічым, што не ўсе сакрэты загалоўкаў газеты «Ляхавіцкі веснік» мы раскрылі. Вырашана прадоўжыць нашу «дружбу» з загалоўкамі раёнкі і ў будучым падрабязна даследаваць іх моўную структуру.
Святлана Бурчыц,  вучаніца 10 класа Крывошынскай СШ
імя Г. С. Здановіча.