Вадзіся, рыбка, вялікая і маленькая. У вадасховішчы Нетчын Ляхавіцкага раёна – чарговае папаўненне

Размешчаны непадалёку ад Крывошына вадаём атрымаў папаўненне. У мінулы чацвер у вадасховішча была падселена чарговая партыя рыбы – карася серабрыстага і амура белага. На развод, так бы мовіць.

Як расказаў выканаўчы дырэктар Ляхавіцкай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Сяргей Кідзін, факт любога зарыблення павінен мець пад сабой навуковую аснову. Распрацоўваецца спецыяльнае біялагічнае абгрунтаванне, у якім прыводзіцца апісанне вадаёма з указаннем яго глыбінь, плошчы воднага люстэрка, расліннасці, інфармацыя пра відавы склад рыб і магчымасці для яе кармлення. Зыходзячы з чаго спецыялісты робяць выснову па відах і колькасным складзе рыбы,рэкамендуемай для падсялення. Дакумент праходзіць абавязковую экалагічную экспертызу, і толькі пасля ажыццяўляюцца практычныя мерапрыемствы.


На гэты раз у Нетчын было запушчана 1070 двухгадовых асобін белага амура, сярэдняштучная вага якіх складала 783 грамы,
і 5350 рознаўзроставых і рознавагавых экзэмпляраў карася серабрыстага. Сумарная вага двух відаў рыбапасадачнага матэрыялу пацягнула на амаль 1140 кілаграмаў.
– Зарыбленне праводзілася ў мэтах паляпшэння відавага складу іхтыяфаўны данага вадаёма, павышэння яго рэкрэатыўнай значнасці і цікавасці з боку рыбаловаў-аматараў. На ўсё было зрасходавана 7375 рулёў, атрыманых ад выплаты ўступных і членскіх узносаў рыбаловаў-аматараў – членаў РДГА БТПР. Агульнапрынятай парой для правядзення падобнага кшталту
мерапрыемстваў з’яўляецца якраз позняя восень. Летам, напрыклад, з-за высокіх тэмператур, іх перападаў узнікае высокая рызыка гібелі рыб падчас транспартавання да вадаёма зарыблення. Сёння ж
практычна ўся рыба паспяхова перажыла дарогу і абаснавалася ў новай вадзе. І, дарэчы, Нетчын стаў адным з двух вадаёмаў вобласці, якія сёлета былі зарыблены. Яшчэ адзін – на Століншчыне, –падзяліўся падрабязнасцямі Сяргей Кідзін.

Іван КАВАЛЕНКА.