Урокі беражлівай экалогіі. Да месячніка па зборы другаснай сыравіны далучыліся і самыя маленькія ляхавічане

Як выратаваць дрэва ад высечкі, правільна закрыць кран, якую лямпачку выбраць, каб сэканоміць спажыванне электраэнергіі і вады? Гэтаму і многаму іншаму навучаюць рабят у дзіцячым садзе № 2.
Тут рэалізуецца экалагічны праект «Зялёная школа». Важны яго падраздзел «Абыходжанне  з адходамі». Хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць, што кожная сабраная сотня кілаграмаў макулатуры захоўвае ад высечкі цэлае дрэва, якое расце не адзін дзясятак гадоў.

У раёне аб’яўлены месячнік па зборы другасных рэсурсаў. Канешне, нашы дашкольнікі не засталіся ўбаку – у дзіцячым садзе з 22 па 26 лістапада прайшла сумесная з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя акцыя па паасобным зборы адходаў «Зрабі сёння чыстае заўтра!». Загадзя падрыхтавалі буклеты для бацькоў, аформілі стэнды і іншую азнаямленчую інфармацыю. Мамы і таты разам з дзецьмі малявалі, як яны разумеюць тэму паасобнага збору адходаў і карысць ад гэтага. Супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на працягу тыдня расказвалі хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама выхавальнікам пра неабходнасць не змяшчаць бытавыя адходы ў адзін кантэйнер, а дзяліць па розных ёмістасцях, размова ішла і пра далейшы шлях другасных матэрыялаў.
Гэтымі днямі раніцай і пад вечар можна было назіраць, як бацькі разам з сынамі-дочкамі нясуць у дашкольную ўстанову звязаныя стосікі сшыткаў і газет, акуратныя пакеты з кардонам і папяровымі ўпакоўкамі і г. д. Сям’я Арцёма Ідрысава назбірала 15 кілаграмаў макулатуры, на рахунку сям’і Мацвея Каваленкі – восем кілаграмаў, як і ў сем’ях Антонія Бушчыка, Кліма Мардвінава. Ваня Анікей здаў сем кілаграмаў паперы, Арына Камейша – пяць. Лізавета Шэлест прынесла тры кілаграмы пластыку. Акцыю вырашылі прадоўжыць – падключайцеся!

Вікторыя ВОЙЦІК,  намеснік загадчыка дзіцячага сада № 2.