Вінаватыя пакараны, пакрыўджаныя абаронены

Разабрацца ў самых заблытаных злачынствах і, здавалася б, невырашальных пытаннях і здарэннях, устанавіць ісціну, аказаць дапамогу ў кампенсаванні нанесенай шкоды — гэта і многае іншае ўваходзіць у кампетэнцыю Следчага камітэта, які пачаў дзейнічаць у Беларусі ў студзені 2012 года. З дня ў дзень вырашаюць гэтыя пытанні і супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта.
Нават за такі не надта вялікі тэрмін — усяго паўтара гады — у райаддзеле накоплены бясцэнны вопыт работы, распрацаваны шэраг мерапрыемстваў не толькі для больш хуткага раскрыцця злачынстваў, але і прафілактычнага характару, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з іншымі праваахоўнымі службамі.
Сёлета за 6 месяцаў у распрацоўцы знаходзіліся 103 крымінальныя справы, 60 з іх закончаны, 42 перададзены пракурору для накіравання ў суд. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 45 абвінавачваемых.
Людзі, якія пераступаюць закон, наносяць не толькі маральную шкоду пацярпелым, але і прычыняюць матэрыяльныя страты. Толькі за першае паўгоддзе 2013 года сума страт, нанесеных злачыннымі дзеяннямі па розных крымінальных справах, склала больш за 80 мільёнаў рублёў, рэальна кампенсаваныя страты падчас следства перавысілі 72 мільёны рублёў. Так, гора-рыбак з нашага раёна, выкарыстоўваючы забароненыя для аматарскага рыбалоўства прыстасаванні і ў забаронены для рыбалоўства час у меліярацыйным канале недалёка ад вёскі Кулікі здабываў лінёў, карасёў, акунёў, ляшчоў, шчупакоў, не грэбаваў і плоткай. Налавілася малой і вялікай рыбіны больш як 120 штук на агульную суму амаль 3,5 мільёна рублёў. А з улікам пераразліку згаданай сумы ў трайным памеры (згодна п.1.4 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 580 ад 8.12.2005 г.) гэты грама-дзянін нанёс навакольнаму асяроддзю страты больш як на 10 мільёнаў рублёў. А гэта злачынства, за якое прадугледжана пакаранне згодна ч.4 артыкула 281 КК Рэспублікі Беларусь.
Прадавец аднаго з сельскіх магазінаў райпо за няпоўныя 2 месяцы прысвоіла таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і грошай на суму больш як 15 мільёнаў рублёў. Ёй таксама давялося кампенсаваць страты.
Дарэчы, з пачатку года не дапушчана вяртання спраў на дадатковае расследаванне, як і незаконнага затрымання і прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, а таксама апраўдання асуджаных асоб.
Віталій ЛАБАНАЎ,
начальнік
райаддзела СК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *