Лепшы ветурач Галіна Базыльчык працуе ў Ляхавіцкім раёне

Лепшы ветурач Галіна Базыльчык працуе ў «Начы».

Штогод падводзяцца вынікі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Нядаўна калегія Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання вызначыла пераможцаў па выніках работы за 2012 год. Прыемна і ганарова, што сярод лепшых працаўнікоў краіны ёсць і нашы землякі: у 6 намінацыях перамаглі прадстаўнікі СВК «Ляхавіцкі»: галоўны заатэхнік Уладзімір Ксёнжык, заатэхнік-селекцыянер Святлана Новік, брыгадзір малочнатаварнай фермы Ігар Бубенчык, тэхнік па штучным асемяненні кароў і цялушак Іван Патаповіч, аператары машыннага даення Зоя Сецько і Вольга Грыкель, аператар па абслугоўванні дойнага статка Генадзій Горбік. Сярод пераможцаў — аператар па адкорме свіней ЗТАА «БелДан» Іван Карабейка і галоўны ветэрынарны ўрач ДП «Нача» Галіна Базыльчык.
Галіна Базыльчык — прыклад таго, як прафесія, выбраная яшчэ ў дзяцінстве, стала не проста работай, а справай жыцця. Вясковая дзяўчынка магла гадзінамі пеставаць і даглядаць хатнюю жывёлу.
— З дзяцінства была цвёрдая ўпэўненасць: вырасту, атрымаю адукацыю і буду лячыць жывёлу. Сама я з Кобрыншчыны. Пасля заканчэння школы стала навучэнкай ЛДАКа, — расказвае Галіна Базыльчык.
Дарэчы, падчас вучобы ў каледжы яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Менавіта ён і прапанаваў пераехаць на работу на сваю малую радзіму. Гаспадарка была зацікаўлена ў маладых спецыялістах — ім выдзелілі дом. Вось ужо 10 гадоў Галіна Базыльчык адказвае за здароўе жывёлы ДП «Нача» (цяпер гэта каля 1200 галоў буйной рагатай жывёлы і да 1000 свіней). Днём і ноччу да Галіны Іванаўны за парадай і дапамогай ідуць і гаспадары прыватных падворкаў.
— Гэта вельмі адказны і мэтанакіраваны спецыяліст, які прафесійна і дакладна робіць сваю работу. У многім дзякуючы менавіта Галіне Базыльчык, у гаспадарцы такі рывок у захаванні і аднаўленні статка. Пры гэтым яна не саромеецца раіцца, звяртацца за дапамогай, — расказвае галоўны ветэрынарны ўрач раёна Павел Сіцько.
Лепш за ўсякія словы гавораць факты. А яны на карысць прафесіяналізму галоўнага ветурача «Начы». У гаспадарцы поўнасцю выконваецца план супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў, павялічылася захаванасць і знізілася невытворчае выбыццё сельскагаспадарчай жывёлы, захоўваюцца ўсе ветэрынарна-санітарныя правілы на малочнатаварных і свінафермах.
Кожная раніца для Галіны Базыльчык пачынаецца аднолькава: ветурач спяшаецца да сваіх падапечных праверыць, ці ўсё ў парадку з іх здароўем. І робіць гэта зацікаўлена, уважліва і з любоўю. Так прывыкла з дзяцінства. Так яе вучылі ў каледжы. Так ёй падказваюць сумленне і прафесіяналізм. Гэта і пра яе таксама прымаўка: «Каб у пашане быць, трэба працу сваю любіць».
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *