Некалі ў райбальніцы г. Ляхавічы дзейнічалі асобныя кабінеты фізіятэрапіі, а зараз — адзінае аддзяленне

На прыёме ў загадчыцы аддзялення Наталлі Гарбачовай.

Дзякуючы першай загадчыцы аддзялення Эльвіры Новік, старшай медсястры Раісе Цярэшка, а таксама ўсяму медыцынскаму персаналу, якія першымі пачалі гэтую нялёгкую справу, сёння мы маем аддзяленне высокакваліфікаваных спецыялістаў, заўсёды гатовых прыйсці на дапамогу.
— Мы стараемся знайсці індывідуальны падыход і стварыць усе ўмовы для выздараўлення кожнага пацыента, падабраць самыя эфектыўныя працэдуры, — адзначае загадчыца аддзялення Наталля Гарбачова. Яна — сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Як, дарэчы, і яе падначаленыя.
Зараз аддзяленне налічвае 24 работнікі. Першы памочнік загадчыцы — вопытная старшая медсястра Алена Прыгунова. Выдатна ведаюць сваю справу 5 масажыстаў: з чэргамі спраўляюцца хутка, бо працуюць рупліва і старанна. 12 медсясцёр, без якіх немагчыма ўявіць эфектыўную работу аддзялення, настрой падымуць і добрым словам падтрымаюць. Заўсёды ахайны выгляд супрацоўнікаў — адна з заслуг сястры-гаспадыні Ларысы Жук. Нельга пераацаніць і работу санітарак, дзякуючы якім чысціня, парадак і ўтульнасць заўсёды радуюць пацыентаў. Нягледзячы на тое, што пасада інструктара ЛФК вакантная, на базе аддзялення можна прайсці курс лячэбнай фізкультуры і механатэрапіі.
Старшая медсястра Алена Прыгунова адзначае асаблівую сяброўскую атмасферу ў калектыве. А гэта надзвычай дапамагае падтрыманню дзелавой і адначасова ўтульнай атмасферы і для наведвальнікаў: дарослыя і дзеці прыходзяць на працэдуры з задавальненнем.
Лячэнне прызначаецца ў адпаведнасці з пратаколам, па жаданні пацыента — і звыш пратакола (масаж, водныя працэдуры). Актыўна звяртаюцца за фізіятэрапеўтычнай дапамогай і іншагароднія грамадзяне.
Аддзяленне вызначаецца высокай даступнасцю лячэння, на якое можна патрапіць з амбулаторнага прыёму, па накіраванні ўрача, ёсць магчымасць прайсці курс рэабілітацыі па рэкамендацыях спецыялістаў абласных і рэспубліканскіх медслужбаў.

На масаж да Ігара Піскуна жадаюць трапіць многія.

Здавалася б, фізіятэрапія — гэта бяспечная галіна медыцыны ў адрозненне ад, напрыклад, хірургіі. Але не ўсё так проста: трэба старанна падабраць працэдуры, таму што многія з іх у комплексе несумяшчальныя, ёсць шмат розных супрацьпаказанняў, трэба ўлічваць і дыягназ.
Пацыенты маюць магчымасць прайсці амаль усе назначаныя працэдуры ў любы дзень і час, бо фізіятэрапеўтычнае аддзяленне працуе без перапынкаў і выхадных, што вельмі зручна для тых, хто знаходзіцца на стацыянарным лячэнні ці мае ненармаваны рабочы графік.
Вялікі выбар працэдур дазваляе зрабіць лячэнне максімальна эфектыўным. Электралячэнне — прымяненне з лячэбнай мэтай розных відаў электрычнасці: дыядынамічныя і сінуса-мадэляваныя токі, электрафарэз. Святлолячэнне праводзіцца з дапамогай светлавога выпраменьвання. Асаблівай папулярнасцю сярод пацыентаў карыстаюцца фотатэрапеўтычны комплекс «Ромашка» — лячэнне палярызаваным святлом, інгаляцыйная тэрапія — ўдыханне лекавых рэчываў, гідратэрапія, якая ўключае душ Шарко, страявы, узыходны, шатландскі і падводны душы, бальнеатэрапія — лячэнне мінеральнымі ваннамі, азакерыта-парафінавыя аплікацыі, і гэта далёка не ўвесь спіс. У хуткім часе адкрыецца лазератэрапеўтычны кабінет, дзе лячэнне будзе праводзіцца на апаратах «Родник» і «Экстрасенс», якія лічацца самымі эфектыўнымі.
Хваробы цэнтральнай нервовай сістэмы, органаў дыхання, органаў стрававання, апорна-рухальнага апарата, сардэчна-сасудзістыя і прастудныя захворванні вам дапаможа вылечыць вопытны калектыў аддзялення фізіятэрапіі.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *