Агонь, батарэя!

Апошнія 6 гадоў, што мінулі пасля смерці жонкі Зінаіды Цімафееўны, Мікалай Грыцук жыве адзін. “Сам днявальны, сам дзяжурны, сам таварыш старшына”, – жартуе ён пра цяперашняе сваё становішча.
Дарэчы, лічбай 1 абазначаецца і дом, што на галоўнай вуліцы Ляхавіч, і кватэра ўдзель-ніка Вялікай Айчыннай вайны. Зрэшты, ляхавічанінам Мікалай Іванавіч стаў напачатку 60-х, а малой радзімай ветэрана з’яўляецца вёска Вялікія Жухавічы, што на Гродзеншчыне (зараз Карэліцкі раён). Канешне ж, не абыходзілася без шматлікіх і ранніх гаспадарча-сялянскіх клопатаў, аднак, вялікае жаданне, імкненне і здольнасці прымушалі знаходзіць час і на вучобу. Да вайны юнак скончыў сямігодку, што па тым часе вельмі і вельмі нямала. Як высветлілася пасля, гэты факт у многім вызначыў і франтавы шлях Мікалая.
Як і для многіх равеснікаў вайна для яго пачалася з вызваленнем Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Як прыгадвае, павестку аб прызыве атрымаў на 3-4 дзень пасля таго, як фашыстаў прагналі з беларускай зямлі. Спачатку пешшу з землякамі-навабранцамі пераадолелі кіламетраў 20 да чыгуначнай станцыі. Вагон-цяплушка даставіў хлопцаў на Разаншчыну: “З аднаго боку рака Ака, з другога – магутны, на многія дзесяткі кіламетраў, лес: ідзі, калі выйдзеш”. У гэтым лесе Мікалай Грыцук з таварышамі затрымаліся месяцаў на тры. “Узводзілі фарміровачны пункт. Са-праўдны падземны горад атрымаўся: з цэлымі вуліцамі доўгіх – у паўсотню метраў – зямлянак. На месцы секчы дрэвы забаранялася – даводзілася кіламетраў за 5 насіць на сабе “танкамер”.
Пасля вяртання ў родную Беларусь, у Астрашыцкі Гарадок непадалёку Мінска, Мікалай Грыцук быў залічаны ў артылерыйскі полк. Стаў старшым разведчыкам узвода кіравання гаў-бічнай батарэі. “Батарэя без разведкі – куча металу, – сцвярджае ветэран. – А трапіць ва ўзвод магчыма было толькі пры ўмове валодання не менш як 5 класамі адукацыі”.
Атрымалі ўзбраенне, новенькія амерыкан-скія “студзеры”, іншае штатна вызначанае абсталяванне, атрымалі магчымасць выканаць пару-тройку вучэбных стрэльб – і ў бой. Першы для Мікалая Іванавіча здарыўся ў Польшчы, на вядомым Сандамірскім плацдарме. Артылерыі там адводзілася асобая роля. Прыгадвае: “Артпадрыхтоўку вялі каля 10 тысяч ствалоў на працягу гадзіны і 20 хвілін…” Эфект жа дзеянняў артылерыі ў значнай ступені залежыць ад дакладнасці і кваліфікаванай работы артразведчыкаў, ад таго, наколькі прафесійна і дакладна яны, знаходзячыся на пярэднім краі, будуць выконваць карэктыроўку агню. Старшаму разведчыку Мікалаю Грыцуку не займаць было і першага, і другога, і трэцяга. Таксама як і смеласці, мужнай вытрымкі, знаходлівасці ў прыняцці рашэнняў. Аднак, першы бой мог стаць для яго і апошнім: на Сандамірскім плацдарме Мікалай Іванавіч быў кантужаны.
Далей праехаў, з баямі прайшоў, прапоўз па-пластунску Польшчу, частку Германіі. Логава фашысцкага звера – Берлін – застаўся збоку. Калі разгортвалася Берлінская аперацыя, падраздзяленне Мікалая Іванавіча ў складзе іншых часцей і злучэнняў I Украін- скага фронту ўдзельнічала ў блакіроўцы буйной групоўкі нямецкіх войскаў, што трапілі ў акружэнне. Хуткая Перамога, што называецца, вітала ў паветры. Больш таго, пра тое гаварылася ці не адкрытым тэкстам.
Загад, што атрымала гаўбічная батарэя, дзе служыў на той момант ужо наводчык гарматы Грыцук, быў нечаканы і, па-шчырасці, асабліва нежаданы: “Група фашысцкіх танкаў вырвалася на адным з участкаў з кальца і рухаецца ў накірунку Берліна на дапамогу сваім. Нам трэба было сустрэць “гасцей”. Рушылі, пазіцыю абсталявалі на полі з канюшынай у паўкалена вышынёй. З ранку і да поўначы чакалі “гасцей”. Не прыйшлі, дзякаваць богу. Вельмі ж не хацелася ўступаць у бой і паміраць напрыканцы вайны”, – пераносіцца ў тыя часы Мікалай Іванавіч і ледзь стрымлівае слёзы. Было 8 мая 1945 года.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *