Я настаўнік! Настаўніца з Дараўскай школы стала пераможцай раённага этапу конкурсу маладых настаўнікаў

На працягу лістапада сапраўдны прафесійна-творчы экзамен трымалі лепшыя маладыя прадстаўнікі вялікай педагагічнай сям’і Ляхавіччыны. 11 удзельнікаў з устаноў адукацыі нашага раёна вызначалі пераможцу ў раённым этапе абласнога конкурсу «Малады настаўнік Брэстчыны».

– Асноўная мэта конкурсу – стымуляванне прафесійнага росту маладых педагогаў, садзейнічанне іх замацаванню на першым працоўным месцы. Абавязковая ўмова – канкурсант павінен працаваць ва ўстанове сярэдняй адукацыі раёна да пяці гадоў. Кожны ўдзельнік прадставіў на конкурс, які праходзіў у рэжыме анлайн, відэазапіс урока, матывацыйны відэаролік «Чаму я вырашыў стаць настаўнікам?» і інфармацыю пра свае прафесійныя дасягненні. Адзначу высокі ўзровень падрыхтоўкі кожнага з прэтэндэнтаў на перамогу. І гэта заслуга не толькі маладых педагогаў, але і калектываў, у якіх яны працуюць. Вельмі важная падтрымка маладых спецыялістаў з боку больш вопытных калег, а таксама атмасфера добразычлівасці ў калектывах. Ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна шырока практыкуецца і добра зарэкамендавала сябе настаўніцтва – за маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік-прафесіянал, – расказвае загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Маргаева.

І вось хваляванні, падрыхтоўка, запіс відэаролікаў засталіся ў мінулым. Журы азнаёмілася з кожнай прэзентацыяй і вынесла свой прафесійны вердыкт. Пераможцам раённага этапу прызнана настаўнік біялогіі і геаграфіі ВПК «Дараўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» Яна Юшкевіч. Менавіта яна будзе прадстаўляць маладых ляхавіцкіх педагогаў на абласным этапе, які пройдзе ў лютым наступнага года.
Дыпламантамі конкурсу сталі настаўнік фізікі СШ № 1 Васілій Лемяшэўскі, настаўнік матэматыкі гімназіі Паліна Белавус, настаўнік пачатковых класаў Ліпскай СШ Юлія Русакевіч.
А што ж пераможца? Яна Юр’еўна, канешне, рыхтуецца да фіналу, але, як і раней, асноўным для сябе лічыць непасрэдна сваю прафесію, якую вельмі любіць.
– Не скажу, што стаць настаўнікам –  мая дзіцячая мара. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце атрымала спецыяльнасць «геаэкалогія» і планавала працаваць у сферы турызму. Аднак пасля педагагічнай практыкі зразумела, што буду настаўнікам. Сярод прапаноўваемых патэнцыяльных месцаў працы значыўся Дараўскі ВПК. З’ездзіла на гутарку з кіраўніцтвам установы і зрабіла асэнсаваны выбар, пра які ні разу не пашкадавала. Мне ўсё вельмі падабаецца. Канешне, першыя крокі ў прафесіі  складаныя, але такія захапляльныя, столькі ўсяго новага. Ведаеце, працаваць у малаколькасных класах адказней, але паспяваеш больш увагі ўдзяліць кожнаму вучню. У калектыве мяне прынялі добра і дапамагаюць удасканальвацца ў прафесіі, –  падкрэслівае Яна Юшкевіч.
Малады спецыяліст актыўна супрацоўнічае з бацькамі сваіх вучняў і адзначае, што дарослыя зацікаўлены ў тым, як вучацца, адпачываюць іх дзеці. У планах – атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю і прадаўжаць сеяць разумнае, добрае, вечнае. Як сцвярджае Яна, прафесію яна выбрала правільную – для душы і па сэрцы.
– Рады, што ў нашай школе з’явіўся такі настаўнік. Яна Юр’еўна таленавіты педагог. Дарэчы, яна з чырвоным дыпломам закончыла ўніверсітэт. Нягледзячы на малады ўзрост і невялікі вопыт – працуе толькі другі год – яна прафесійна апантаны чалавек.У яе крэатыўныя ідэі, яна не баіцца прапаноўваць нешта новае і стараецца задуманае рэалізаваць. А яшчэ мае сваё меркаванне і не баіцца адстойваць уласную пазіцыю, але, разам з тым, прыслухоўваецца да слоў іншых, аналізуе і толькі тады робіць высновы. Камунікабельная і актыўная, што дапамагае ёй хутка знайсці кантакт як з рабятамі, так і з іх бацькамі. Як толькі прыйшла працаваць у мінулым навучальным годзе, маладому спецыялісту даверылі класнае кіраўніцтва ў сёмым класе. У настаўніка і вучняў гармонія і ўзаемаразуменне. У якасці настаўніка за Янай Юр’еўнай замацаваны вопытны педагог – настаўнік гісторыі і працоўнага навучання Марыя Іванаўна Пятрушка, – адзначае намеснік дырэктара Дараўскага ВПК Алена Бортнік.
Пажадаем Яне Юшкевіч дастойна выступіць у фінале конкурсу «Малады настаўнік Брэстчыны».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.