Пажартавалі ляхавічане на славу

Клуб аматараў песні, гумару, гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК і народны тэатральны калектыў «Вастраўчане» Востраўскага СДК былі запрошаны ў мінулыя выхадныя на V абласное свята народнага гумару «Спораўскія жарты». Фестываль праводзіцца ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна раз у 3 гады і ўжо знайшоў сваіх прыхільнікаў.
Ляхавіцкія самадзейныя артысты прадставілі гумарыстычную праграму «Кірмаш гумару па-ляхавіцку, ці З мужыкамі хто дурэе, той ніколі не старэе», якая ўключала вясёлыя песні і жарты. Абласное свята кожны раз здзіўляе сваімі неардынарнымі задумкамі і сюрпрызамі, непаўторнай атмасферай весялосці і пазітыўных эмоцый. Сцэнарый фестывалю быў насычаны і разнастайны. Калектывы раз’ехаліся па гаспадарках раёна. Сама-дзейных артыстаў з нашага раёна цёпла і сардэчна прымалі ў Нарутавіцкім СДК. Затым было пераадоленне «Мытні ў Дубках», дзе патрабавалі прад’явіць пропуск — вясёлыя гісторыі і анекдоты.
Галоўныя мерапрыемствы адбыліся непасрэдна ў Спораве. У тым ліку — адкрыццё «Пасольства гумару і жартаў», дзе кожны калектыў прадстаўляў свой раён жартоўнай візітоўкай, дарыў шматлікія жартоўныя падарункі. А яшчэ былі імправізаванае гумарыстычнае шэсце, конкурсныя выступленні творчых калектываў, гасцей і іншае. А вечарам каля Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу дарыла ўсім прысутным добры настрой наша «Вечарніца».
Калектывы Ляхавіцкага раёна вярталіся з гасцей не з пустымі рукамі, а з за-служанымі ўзнагародамі і падарункамі. Дыплома I ступені за арганізацыю выставы печанай гумарыстычнай кампазіцыі ўдастоены раённы метадычны цэнтр і тэхнолаг кааппрама Наталля Волчак, дыплом II ступені дастаўся «Вастраўчанам». «Вечарніца» атрымала дыплом III ступені. Пажартавалі на славу!
Соф’я Марчык,
дырэктар раённага
метадычнага цэнтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *