Жніво — выгляд збоку

Уборачная пара пакуль яшчэ не стала парой гарачай. І па надвор’і, якое стабілізавалася — хочацца так думаць — толькі бліжэй да канца тыдня, і што тычыцца шчыльнасці ці, лепш сказаць, усеахопнасці работ. Жніво ў раёне працягваецца на першым этапе, калі пад такім разумець уборку азімых ячменю і рапсу. З ячменем, з чаго пачыналі, і агульнараённы клін якога не дасягае сціплых 500 гектараў, некаторыя з гаспадарак ужо справіліся, усе іншыя, верагодна, атрымаюць права трапіць у лік такіх сёння-заўтра. Калі ж прыгледзецца да ўраджайнасці, то, не засяроджваючы ўвагу на лічбах, адзначым некаторае яе зніжэнне ў параўнанні з паказчыкам мінулага года.
Рапс — іншая справа, іншыя плошчы. У стадыю ўборачнай гатоўнасці выйшлі 3200 гектараў культуры. Па стане на раніцу пятніцы, абмалочана была прыкладна пятая частка раённага рапсавага кліна. Ужо ці яшчэ? У, зноў-такі, параўнанні з мінулым сезонам — яшчэ, з улікам кліматычных асаблівасцяў года бягучага — ужо.
Ураджайнасць не ўражвае. У сярэднім аграрыі атрымліваюць некалькі менш за 25 цэнтнераў алейнага насення рапсу на круг. Хоць многагадовы і безумоўны лідар раённай сельгасвытворчасці збірае і 40. Маецца на ўвазе СВК «Ляхавіцкі». Будзе вельмі ў тэму ўзгадаць названую гаспадарку яшчэ і ў кантэксце сённяшняй — суботняй — падзеі. Падзея знакавая, адбудзецца на палетку «Ляхавіцкага» і дасць афіцыйны старт жніву-2013 у раёне. Назва ёй — «Зажынкі».
Мы таксама там будзем.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *