З практычным багажом ісці лягчэй навучэнцам Ляхавіцкага каледжа

Навучэнцы 31 групы «агра» Ірына Коўш, Андрэй Чыркун і Яўгеній Дашко працуюць у цяпліцах.

Перавадныя экзамены, а разам з імі і ўся сесія — і трэці курс ужо за плячамі. Навучэнцы цяпер ужо апошняга курса прыступілі да тэхналагічнай практыкі. Дарэчы, адзін з дэвізаў ЛДАКа — праз практычнае навучанне да любві да прафесіі і глыбокіх ведаў.

Як расказала кіраўнік практыкі каледжа Галіна Пянткоўская, уся практыка на агранамічным і заатэхнічным аддзяленнях раздзелена на 2 этапы: летні і асенні.
З 26 чэрвеня 18 будучых спецыялістаў-заатэхнікаў адшліфоўваюць практычныя навыкі пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў на базе вучэбна-вытворчай фермы «Каменка». Чым займаюцца? Выганяюць жывёлу на пасьбу, пасвяць яе, асвойваюць навыкі аператараў машыннага даення, кормяць падапечных (кароў, коней, авечак, свіней) і займаюцца нарыхтоўкай кармоў. Прычым, як адзначыла Галіна Пянткоўская, робяць гэта з інтарэсам, імкнуцца да самастойнасці і не цураюцца ніякай работы.

Іван Глушко, Мацвей Кульчык, Міхаіл Мазур і Сяргей Яраш практыкуюцца ў якасці аператараў машыннага даення.

Актыўна вучацца вызначаць якасць і гатунак малака, выпісваюць таварна-транспартныя накладныя на адпраўку малака на малочны завод. Тую жывёлу, якая дарасла да неабходных кандыцый, навучэнцы-практыканты адпраўляюць для рэалізацыі на мясакамбінаты з афармленнем неабходных дакументаў. Асноўныя дарадцы рабят ва ўсім гэтым — выкладчыкі і кіраўнікі вытворчых аб’ектаў вучгаса.
Будучыя аграномы (таксама 18 чалавек), практыка ў якіх пачалася з 8 ліпеня, рыхтуюць складскія памяшканні для прыёму збожжа новага ўраджаю, вызначаюць узровень паспявання збожжавых. Рабяты прымаюць непасрэдны ўдзел у жніве, знаёмяцца з тэхналогіяй перапрацоўкі і захавання зерня новага ўраджаю. Дарэчы, падчас вучобы ў каледжы навучэнцы атрымалі пасведчанні трактарыста і маюць поўнае права працаваць на сельгасуборачнай тэхніцы.
Не госці, а самыя старанныя работнікі навучэнцы-практыканты і ў калекцыйным гадавальніку, дзе вырошчваюць усе віды зернебабовых культур, у цяпліцах, дзе гаспадарыць агародніна, садзе з пладовым гадавальнікам і на іншых участках.
Як адзначыў дырэктар ЛДАКа Вячаслаў Сельмановіч, калі раней 65 працэнтаў вучэбнага часу адводзілася тэорыі, і выпускнікі былі даволі далёкія ад вытворчых пытанняў, то ўжо больш за 10 гадоў, як укаранёны вопыт практычнага навучання краін Заходняй Еўропы. Цяпер у ЛДАКу для падрыхтоўкі сапраўднага спецыяліста, які добра ведае сваю справу, суадносіны тэарэтычнага і практычнага навучання складаюць 40:60 працэнтаў на карысць практыкі. Такі падыход да вучэбнага працэсу сябе апраўдвае, гэта пацвярджае той факт, што з года ў года выпускнікі Ляхавіцкага агракаледжа надзвычай запатрабаваны ў сельгаспрадпрыемствах краіны.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Разам з выкладчыкам Казімірам Траяноўскім будучыя аграномы разбіраюцца з тэхнікай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *