“Вікторыя” – адна на ўсіх

5 мая ў гераічным горазе над Бугам было надзвычай святочна, урачыста і ўзнёсла. Прадстаўнічыя дэлегацыі ў складзе ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў канцэнтрацыйных лагераў, работнікаў тылу, кіраўнікоў улады, прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, моладзі з усіх раёнаў Брэстчыны трымалі шлях у спартыўны комплекс «Вікторыя».
Менавіта тут прайшоў урачысты сход, прысвечаны знамянальнай даце — 65-годдзю Вялікай Перамогі.
Па-святочнаму ўбраная зала была напоўнена святлом, радасцю, усмешкамі і словамі віншаванняў. Людзі розных узростаў і прафесій, сталыя і маладыя былі аб’яднаны ў адзіным патрыятычным памкненні з нагоды сапраўды вялікага і знамянальнага юбілею. Галоўная ўвага, шчырыя словы прызнання і віншаванні ім – нашым дарагім і бязмежна паважаным салдатам Перамогі, якія адстаялі свабоду і незалежнасць не толькі сваёй Радзімы, але вызвалілі свет ад нацызму. Вельмі сталыя мужчыны і жанчыны ў святочных пін- жаках, на якіх золатам блішчаць ордэны і медалі, шукалі сярод сабраўшыхся сваіх аднапалчан, з якімі прайшлі доўгімі вёрстамі вайны ці, не шкадуючы сіл, працавалі ў тыле. А знайшоўшы адзін аднаго – абдымаліся і доўга не маглі нагаварыцца, успаміналі ваенную маладосць і расказвалі пра сённяшняе жыццё. Да іх з віншаваннямі і кветкамі падыходзілі нашчадкі Перамогі, каб у чарговы раз сказаць дзякуй за гераізм і подзвіг.
Прадстаўнічай на форуме была і дэлегацыя Ляхавіччыны, якую ўзначальвалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.У цэнтры ўвагі – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка, Уладзімір Пархомчык, Уладзімір Пракапенка, Іван Вялічка, Галіна Шумілава, былыя вязні канцлагераў Алена Кіеня і Уладзімір Жаваранак, тылавік Станіслаў Скіндзер.
Са словамі віншавання да ўдзельнікаў урачыстага сходу звярнуўся старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. Губернатар уручыў юбілейныя медалі “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” шаноўным ветэранам, якія ўнеслі сваю часцінку ў перамогу над ворагам.
Нібы ажылі імгненні і эпізоды вайны і мірнага пасляваеннага жыцця падчас святочнага канцэрта, кожны нумар якога быў запамінальны, яскравы, хвалюючы і відовішчны.
Дэлегацыя Ляхавіччыны ў гэты дзень пабывала і ў Брэсцкай крэпасці-героі.
Міхаіл ДЫДЫШКА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *