«Дзень Савета» прайшоў у Ляхавіцкім раёне

«Шчара»: магазін і каля магазіна.

На гэты раз «Дзень Савета» праходзіў на тэрыторыях Конькаўскага і Альхоўскага сельсаветаў. Мерапрыемства рабочае, дзелавое, адмысловасці якому дабаўляла і перспектыва хуткага ўжо абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2013». З рознай ступенню празрыстасці, аднак, ці не на любую падзею раённага значэння зараз варта зірнуць і праз прызму «Дажынак».
Глянулі. Спачатку на аграгарадок Дарава на прыкладзе некаторых тамтэйшых устаноў, аб’ектаў сацыяльна-бытавога, адукацыйна-выхаваўчага, вытворчага прызначэння.
Дараўскі гандлёвы комплекс «Шчара» ў пэўным сэнсе можна расцэньваць і як фасад аграгарадка. Размешчаны на ажыўленай трасе, у транзітчыкаў ён у многім фарміруе ўяўленне і пра населены пункт, і пра раённы гандаль. А праз усё пералічанае разам — пра раён у цэлым. Ніякіх складаных формаў і архітэктур, дарагіх у ажыццяўленні ідэй. Прыгажосць прымагазіннай тэрыторыі ў прастаце задуманага, дагледжанасці, гарманічнасці.
— Такі парадак павінен быць усюды, — рэзюмэ ўбачанаму вынес кіраўнік Дня старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.
І гэта не той выпадак, калі за прыгожай абгорткай няма нічога: усё стандартна неабходнае для пакупніка ў краме прапануецца. Як, дарэчы, і ветлівасць работнікаў, магчымасць выбару, зручнасць «выкладкі» і г. д.
Зусім іншае ўдзельнікі Дня — старшыні сельскіх адміністрацый, кіраўнікі некаторых аддзелаў райвыканкама, раённых службаў, арганізацый і ўстаноў раёна — сустрэлі непадалёк. На адной з дараўскіх вуліц выконваецца замена агароджаў. Першачаргова ў кожнага гаспадара свае, стануць па завяршэнні работ аднастайна-бетоннымі. Бюджэтнае фінансаванне, работа Ляхавіцкага камбіната бытавога абслугоўвання. Жыхарка аднаго з дамоў сустрэла высокую дэлегацыю скаргай: маўляў, агароджа ўстаноўлена няякасна. Яно і сапраўды: паміж ніжняй панэллю і зямлёй шчыліна месцамі ў два ці больш дзясяткаў сантыметраў. Было вырашана ў той жа дзень разабрацца: прааналізаваць шляхі і паправіць сітуацыю.
Крыху лірыкі, якая ў тым, што ці любое наведванне школьнай тэрыторыі выклікае душэўную рэакцыю. Як правіла, вялікія па плошчы і ў абсалютнай большасці выпадкаў ашчадна дагледжаныя. Так, на спартыўных пляцоўках можна зараз заўважыць канікулярны адбітак. Свежая трава, напрыклад, дзе-нідзе пачынае прабіваць сабе дарогу, зарастае разметка. Аднак, парадак ці не ідэальны. Сказанае будзе правільным экстрапаліраваць і на іншыя ўстановы, дзе пабывалі ў той дзень з рабочым візітам госці: Альхоўскую СШ, Конькаўскі, Малагарадзішчанскі і Дараўскі дзіцячыя сады — сярэднія школы. Апошняя ў гэтым пераліку ўстанова, па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Леаніда Калбасы, значыцца на добрым рахунку, складае рэзерв аб’ектаў, гатовых прыняць у верасні гасцей абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі».
Адной з лепшых у сваім коле ў раёне — гэта ўжо пазіцыя галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Уладзіміра Усцюшкова — з’яўляецца таксама і Дараўская ўрачэбная амбулаторыя. І ў плане аснашчанасці, і ў адносінах стану здароўя «прыпісанага» да яе насельніцтва. А ў 16 населеных пунктах участка пражывае больш за 2 тысячы чалавек. Паказчык захворваемасці тут меншы, чым у сярэднім па раёне.
Сярод наведаных у рамках Дня конькаўскіх кропак «спынімся» на машынным двары зараз ужо мясцовага аддзялення ці ўчастка СВК «Шлях новы». У сувязі з адносна нядаўняй аптымізацыяй сельгаспрадпрыемстваў, як падалося, рабочы пульс машдвара некалькі сцішыўся. Відавочна жыццядзейнасць, руплівасць нешматлікіх на той момант працаўнікоў, прысутнічае знешні парадак.
Прыпынак у харчовай краме аграгарадка Конькі атрымаўся больш працяглым. Гандлёвая кропка ў шэрагу лепшых у сістэме нашага райпо. Выручаныя ў мінулым месяцы, як прагучала, 230 мільёнаў рублёў гавораць пра многае. З папраўкай на факт, што за прылаўкам і па-за ім тут усяго толькі адзін работнік — пра вельмі многае. Ну і, канешне, са знешнім парадкам усё ў парадку.
Выкарыстоўваючы вядомую аналогію, Ляхавіцкі льнозавод можна назваць вёскаўтваральным прадпрыемствам. На прадпрыемстве ў Задвор’і, сапраўды, шмат што і шмат хто завязаны. Нягледзячы на незайздроснасць фінансавага становішча, завод не пакідае без увагі і матэрыяльнай дапамогі мясцовы дзіцячы садок, як адзначыла загадчыца апошняга. Працуе на выпуск асноўных відаў прадукцыі, спрабуе дыверсіфікаваць рынкі збыту. Прыступілі ўжо да цераблення льну, вывелі ў поле зернеўборачную тэхніку. Гутарка ішла таксама аб анансаванай яшчэ летась буйной мадэрнізацыі прадпрыемства, неабходнасці павелічэння заработнай платы і іншым.
Альхоўскі сельсавет гэта яшчэ і значная частка тэрыторыі ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Уборачная тэхніка таварыства таксама ўжо шчыравала ў полі. Першыя рапсавыя гектары, як было заяўлена, далі нязначна больш за 20 цэнтнераў кожны. Але жніво толькі на пачатку, у адрозненне ад завершанай першай «хвалі» жніва зялёнага. З чаго, у тэму сказаць, частка ўраджаю пайшла і на забеспячэнне кормам кароў з прыватных падворкаў. З разлікам, каб у суме з ураджаем другога ўкосу атрымалася па 2 тоны сена і паўтары саломы на галаву жывёлы.
Чаму ў загаловак вынесены кадры? І па дыстанцыі «Дня Савета», і падчас пленарнага пасяджэння ў Малагарадзішчанскім СДК пра іх узгадвалася неаднойчы. Недазабяспечанасць імі Уладзімір Усцюшкоў назваў асноўнай праблемай сістэмы аховы здароўя раёна ўвогуле і тэрыторый названых сельсаветаў у тым ліку. Пра іх — прадпрыемства арганізавала падвоз работнікаў з іншых населеных пунктаў раёна — гаварыў дырэктар ільнозавода Дзмітрый Скакун. У магазінах, дзе працуюць зацікаўленыя людзі, — поўны гандлёвы і не толькі парадак, — заўважаў не раз Яўгеній Юрлевіч. Ад сябе дабавім, што, думаецца, высокакваліфікаваны, працавіты і добрасумленны «кадр» у любой з сельгасарганізацый многаразова каштоўней за любы «ДжонДзір».
— Кадры вырашаюць усё, — старой, аднак заўсёды актуальнай ісцінай рысу пад мерапрыемствам падвёў Яўгеній Юрлевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *