Заводскае меню на выдатна. Прадукцыя ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» сваім смакам і якасцю заваявала прыхільнасць спажыўцоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі

Адразу некалькі пацвярджэнняў паспяховасці і запатрабаванасці сваёй прадукцыі сёлета напрыканцы года атрымаў наш кансервавы завод. Прадпрыемства заявіла пра сябе  на прэміі «Народная марка», атрымаўшы дыплом фіналіста ў намінацыі «вытворчасць агароднінных кансерваў».

Аляксандр Вашчук.


А на мінулым тыдні ва ўрачыстай абстаноўцы дырэктару прадпрыемства Аляксандру Вашчуку быў уручаны крыштальны сімвал рэспубліканскай прэміі «Лідар спажывецкага рынку-2021». Лаўрэатамі сталі ў намінацыі «кансервы плодаагароднінныя» –
фасоля з грыбамі і агароднінай стэрылізаваная, у намінацыі «сокі» – сок бярозавы з цукрам стэрылізаваны.

Святлана Войцік (у цэнтры), Анастасія Болтуць,  Тамара Кавальчук.

– Канешне, кожная ўзнагарода, тым больш у такіх прадстаўнічых конкурсах, дарагога вартая. Апошнім часам штогод мы ўдзельнічаем прыкладна ў пяці-шасці такога кшталту мерапрыемствах і амаль заўжды, незалежна ад таго, у журы выключна прафесіяналы ці галасуюць спажыўцы, становімся калі не пераможцамі, то лаўрэатамі. Без перабольшвання, гэта агульны поспех, заслуга кожнага завадчаніна. Любы слоік нашай прадукцыі пачынаецца з вырашчанай на падсобнай гаспадарцы агародніны ці набытай садавіны, якія праходзяць праз усе этапы ад вытворчасці да склада і да канчатковай кропкі іх прыпынку – да спажыўца, – адзначае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук.
Абавязковы складнік заводскага поспеху – тутэйшая лабараторыя, якую ўзначальвае Святлана Войцік.
– Я і мае калегі інжынер-хімік Тамара Кавальчук і мікрабіёлаг Анастасія Болтуць разумеем, наколькі важна, каб сыравіна, што паступае на перапрацоўку, была якаснай. Ад гэтага ў значнай ступені залежаць і канчатковыя характарыстыкі гатовай прадукцыі. Таму працуем у цесным узаемадзеянні з майстрамі цэха Аленай Хмарук, Ірынай Абрамчык, старшымі майстрамі Таццянай Скуратовіч і Андрэем Савіцкім. Усе яны прафесіяналы сваёй справы, – расказвае Святлана Войцік.
Калі правесці апытанне сярод прыхільнікаў ляхавіцкіх плодаагароднінных кансерваў, напэўна, можна пачуць у адказ не адзін дзясятак назваў, бо ў кожнага з амаль дзвюх соцень найменняў прадукцыі свае адметнасць, смак. Супрацоўнікі лабараторыі, напрыклад, аддаюць перавагу соусам, моркве гарнірнай, ікры розных відаў, фасолі з грыбамі, кансервам для прыгатавання першых страў…

Вольга Буйкевіч, Ірына Абрамчык.


Працоўная біяграфія начальніка аддзела збыту Святланы Зязюлі амаль чатыры дзесяцігоддзі звязана з заводам. Пачынала з ўліку шклотары, потым упэўнена пакарала прыступкі кар’ернай лесвіцы: хімік, тэхнолаг, галоўны інжынер, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях. Калісьці Святлана Адамаўна разам з калегамі пабывала ў многіх кутках Савецкага Саюза, каб знайсці новых спажыўцоў прадукцыі завода.
– Раней у асноўным адпраўлялі тавар на спецыялізаваныя базы, цяпер больш працуем з бюджэтнымі арганізацыямі: установамі адукацыі, сацыяльнай абароны, аховы здароўя. Займаемся не толькі збытам выпушчанай прадукцыі, але і пастаўкамі сыравіны на прадпрыемства. Лагістыка таксама на нашым падраздзяленні, – гаворыць Святлана Зязюля.
Святлана Адамаўна шчодра перадае вопыт і веды маладым калегам – вядучаму спецыялісту Вользе Матуліс, эканамістам па збыце Вікторыі Грубой і Вользе Мацюшка, якія выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

Вікторыя Грубая, Вольга Матуліс, Вольга Мацюшка.


Вось і святая святых – месца, дзе варыцца, гатуецца,  кансервуецца плодаагароднінная смаката. Змена за зменай з канвеера сыходзяць слоікі з вітаміннай салянкай, карысным бярозавікам, густым павід-
лам, лячэбнымі працёртымі журавінамі…
– Працаваць не цяжка, умовы добрыя. Але, галоўнае, кожнаму з 20 чалавек, якія працуюць у змене, можна даверыць любы ўчастак работы і быць упэўненым – справіцца. Мая непасрэдная задача – кантроль за сыравінай і за працэсам вытворчасці, – дзеліцца майстар Ірына Абрамчык, якая працуе тут трэці год.
– Важна скаардынаваць работу, спланаваць яе, каб было без лішняй мітусні і арганізавана, тады і ўсё пойдзе добра, – дапаўняе калегу Вольга Буйкевіч, якая за 12 гадоў прайшла шлях ад рабочай да майстра. Яна падкрэслівае, што ўсе чацвёра яе падначаленых – вадзіцелі караў Дзмітрый Плотка, Леанід Рахманец, трактарыст Уладзімір Дамбоўскі, рабочая Вольга Андросік – працуюць добра.
Яшчэ адна візітоўка прадпрыемства – магазін «Заводскі». Менавіта сюды ў продаж паступаюць кансерваваныя навінкі.
Завадчане не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Кіраўніцтва прадпрыемства ідзе ў нагу з часам і разумее, што без перааснашчэння, мадэрнізацыі прагрэс немагчымы. Таму на наступны год плануецца больш як 300 тысяч рублёў уласных сродкаў інвеставаць у набыццё новага сучаснага абсталявання і аўтатранспарту.

Прадавец Ірына Бурымская.


– Снежань – час падводзіць вынікі года. 2021-ы для кансервавага завода адназначна спрыяльны. Выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі, асноўныя з якіх – рэнтабельнасць продажаў, экспартныя пастаўкі (на іх сёлета зарабілі 340 тысяч долараў – 115 пра-
цэнтаў да ўзроўню 2020 года),
зніжэнне затрат на вытворчасць, рост заработнай платы. Такія дасягненні немагчымыя без добрасумленнай працы вас, паважаныя работнікі прадпрыемства. Вашы вопыт, надзейнасць, адданасць заводу і справе дарагога вартыя. Прыміце шчырую падзяку за добрасумленную працу і найлепшыя пажаданні здароўя, шчасця і аптымізму напярэдадні навагодніх і калядных свят.
А нашаму заводу – працвітання і доўгіх паспяховых гадоў, – рэзюмуе Аляксандр  Вашчук.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.