На сходзе гаспадарчага актыву раёна, які адбыўся ў мінулы чацвер, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ўзняў тэму мадэрнізацыі і рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб’ектаў у сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна

Так сёння выглядае МТФ «Падбарочча» райаграсэрвіса.

У прыватнасці, звярнуў увагу на той факт, што мадэрнізаваныя малочнатаварныя фермы — гэта патрабаванне часу, а ўкараненне новых тэхналогій дазволіць павысіць колькасць і якасць прадукцыі. А яшчэ дасць магчымасць аператарам машыннага даення ў камфортных умовах атрымліваць больш высокія надоі і, адпаведна, зарабляць больш грошай, што таксама немалаважна. Губернатар прывёў несуцяшальныя лічбы: з размеркаваных раёну 7 мільярдаў ільготных (усяго пад 3 працэнты гадавых) крэдытаў на рэканструкцыю і будаўніцтва МТФ пакуль асвоена ўсяго паўтара мільярда. Сёлета запланавана абнаўленне МТФ «Літва» у СВК «Дарава» (2-я чарга), «Русінавічы» (СВК «Ляхавіцкі») (2-я чарга), «Вялікая Лотва» (СВК «Шлях новы»), Зарытава (СВК «Жарабковічы»), «Падбарочча» ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», а таксама фермаў у «Ліпнянцы» і «Востраве-Агра». У кастрычніку — літаральна праз 2 з невялікім месяцы — неабходна ўвесці ў эксплуатацыю гэтыя стратэгічна важныя аб’екты. Ці выканаюць гаспадаркі нашага раёна даручэнне Кіраўніка дзяржавы? У «ЛВ» № 50 ад 10.07.2013 г. быў змешчаны матэрыял «Сем праблемных кропак», у якім карэспандэнт раёнкі падрабязна спыніўся на тым, што запланавана па рэканструкцыі МТФ, што зроблена, і што яшчэ неабходна зрабіць.
Чаму кіраўніцтва гаспадарак, дзе прадугледжаны гэтыя важныя работы, дапусціла пралікі? Чым тлумачаць сітуацыю ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, якое абавязана кантраляваць і каардынаваць ход работ?
Непачаты край работы ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». З выдаткаваных на рэканструкцыю МТФ «Падбарочча» больш як двух мільярдаў крэдытных рублёў пакуль амаль нічога не зрасходавана. На чарговым пасяджэнні райвыканкама кіраўнік раёна Дзмітрый Бурдук запатрабаваў у дырэктара райаграсэрвіса Дзмітрыя Несцяровіча растлумачыць сітуацыю.
Па словах Дзмітрыя Несцяровіча, першыя выдаткаваныя 600 мільёнаў поўнасцю асвоены, і пайшлі яны на авансавую аплату праектна-каштарыснай дакументацыі. На адным будынку заменены дах, на другім гэтыя работы амаль завершаны, праведзены водаправод, зараз ідуць работы па ўкладцы падлогі. Да таго ж, робіцца праект на малочна-даільную залу на 400 галоў жывёлы, генеральны падрадчык — ПМК-14 з Ганцавіч — вядзе мантаж фундамента. Засталося асвоіць яшчэ 2,6 мільярда крэдыту (сума значная). Як паабяцаў кіраўнік райаграсэрвіса, сёлета рэканструяваныя будынкі запрацуюць на поўную магутнасць: у адным будзе ўтрымлівацца дойны статак (180 галоў), у другім размесціцца цэх сухастою на 150 галоў і малочна-даільны блок. У планах на наступны год — будаўніцтва новага будынка МТФ на 720 галоў. Блізкі ўжо кастрычнік пакажа, наколькі слова кіраўніка прадпрыемства важкае і абавязковае.
Здавалася б, МТФ «Літва» СВК «Дарава» амаль даведзена да належнай кандыцыі, і крэдыт у 150 мільёнаў асвоены. Аднак, як выявілі падчас праверкі супрацоўнікі КДК Брэсцкай вобласці, рэканструкцыя не адпавядае сучасным патрабаванням утрымання буйной рагатай жывёлы і атрымання якаснай прадукцыі. Асноўнае парушэнне, якое выявіў дзяржкантроль на згаданай МТФ, — адсутнасць у рэканструяваным памяшканні даільнай залы. Гэта, між іншым, важнае патрабаванне да рэканструкцыі МТФ, якое выказаў Кіраўнік дзяржавы. У старшыні сельгаскааператыва Уладзіміра Пятроўскага свая праўда: «Выдаткаваныя 150 мільёнаў рублёў крэдыту поўнасцю асвоены і пайшлі на рамонтна-рэканструкцыйныя работы 2-й чаргі. 1,5 мільярда рублёў 1-й чаргі асвоены яшчэ ў мінулым годзе, і гэты участак ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Зараз дабудоўваем памяшканні».
Што датычыцца галоўнага аргумента праверкі дзяржкантролю — адсутнасці даільнай залы, то, як адзначыў Уладзімір Пятроўскі, пакуль у гаспадаркі на гэта няма ні сродкаў, ні памяшкання, ні належных камунікацый. Да таго ж, па яго словах, каб у далейшым даільная зала, зробленая па сучасных тэхналогіях (толькі на абсталяванне неабходна выдаткаваць не менш за 3 мільярды рублёў), сябе акупіла, неабходна як мінімум 600 галоў дойнага статка.
Што ёсць цяпер на рэканструяванай ферме? Зманціравана перасоўная даільная ўстаноўка. Тут праводзіцца расцёл першацёлак і іх раздойванне. Немалаважна і тое, што на рэканструяванай МТФ наладжана беспрывязное ўтрыманне жывёлы. Старшыня СВК выказаў цвёрдую ўпэўненасць, што да кастрычніка ферма будзе поўнасцю ўведзена ў эксплуатацыю.
Суцэльныя праблемы ў СВК «Жарабковічы». На памяці надзвычай жорсткая размова наконт будаўніцтва новай МТФ, якую са старшынёй гаспадаркі вёў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч падчас рабочай паездкі па Ляхавіцкім раёне ў кастрычніку мінулага года. Што маем сёння?
Вось як пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні СВК «Жарабковічы» Леанід Варвашэвіч: «Рамантаваць ферму пачалі за ўласныя грошы гаспадаркі, прадоўжылі за дзяржаўныя. У выніку рамонту палепшыліся ўмовы для ўтрымання жывёлы: зроблены выгульныя двары, усё забетанавана, адгароджана. Калі раней каровы стаялі па вымя ў брудзе, то цяпер гной своечасова прыбіраецца, буронкі ходзяць па плітах. Зрабілі замест жалабоў для кармлення агульны кармавы стол. Палепшаны бытавыя ўмовы для работнікаў фермаў. Што датычыцца беспрывязнога ўтрымання жывёлы, то яго прымяненне пацягне за сабой змяншэнне пагалоўя статка. Падчас праверкі Камітэтам дзяржкантролю не было выказана заўваг наконт рэканструкцыі гэтай фермы. Былі толькі пытанні па тэхналогіі ўтрымання. Цяпер рамантуем МТФ «Жарабковічы».
Што датычыцца будаўніцтва новай фермы, то Леанід Варвашэвіч адзначыў наступнае: » Падрыхтавана пляцоўка пад будаўніцтва. Завезены гравій, шчэбень. Пакуль трэба вырашыць першачарговую праблему — з энергазабеспячэннем».
Здавалася б, зроблена нямала. Аднак, як адзначыў галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксандр Шытаў, нават усё пералічанае (а на гэта пайшло 2,8 мільярда рублёў) не дазволіла палепшыць умовы ўтрымання жывёлы, якая засталася на прывязным утрыманні, і змяніць тэхналогію вытворчасці малака. Атрымліваецца замкнёнае кола: каб змяніць тэхналогію, неабходна поўнасцю разбурыць зробленае пры рэканструкцыі 2012 года. Грошы выкінутыя на вецер? Пра якую эканомію, беражлівасць і гаспадарлівасць можна гаварыць? Да таго ж, як адзначылі ў райсельгасхарчы, СВК «Жарабковічы» нават не прыступіў да выканання даручэння Прэм’ер-міністра па будаўніцтве новай МТФ на 720 галоў.
Якімі аргументамі і фактамі валодае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання наконт іншых рэканструюемых МТФ?
Што датычыцца МТФ «Русінавічы», то з выдаткаваных 100 мільёнаў крэдытных рэсурсаў на ўвядзенне ў эксплуатацыю 2 сянажных траншэй асвоена ўся сума. Літаральна тыдзень-другі, і траншэі будуць дзейнічаць. А вось рэканструкцыя МТФ з будаўніцтвам даільнай залы эканамічна немэтазгодна, бо фермы пабудаваны ў 1973-76 гадах.
На МТФ «Вялікая Лотва» СВК «Шлях новы» для ўвядзення малочна-даільнага блока засталося выканаць толькі абліцовачныя работы. Неабходнае даільнае і халадзільнае абсталяванне ёсць у наяўнасці.
Як падкрэсліў Аляксандр Шытаў, найбольш аўральнае становішча спраў у СВК «Востраў-Агра». Крэдыторская запазычынасць, адсутнасць грашовых сродкаў не дазваляюць гаспадарцы своечасова і ў поўным аб’ёме атрымаць крэдыт на рэканструкцыю МТФ «Востраў». Пакуль вядуцца работы гасспосабам у памяшканні для ўтрымання маладняку.
Што датычыцца МТФ у СВК «Ліпнянка», то даільная зала з халадзільным абсталяваннем ужо заказана. А вось праектна-каштарысная дакументацыя будзе гатова напрыканцы ліпеня. Работы вядуцца толькі на адным будынку.
Сітуацыя складваецца далёка не аптымістычная. Кіраўнікам гаспадарак давядзецца зрабіць усё магчымае і нават звыш таго, каб запланаваныя работы былі завершаны ў тэрмін і з высокай якасцю.
Тым больш, як адзначыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, рознага кшталту апраўданні і сумненні ў эканамічнай мэтазгоднасці мадэрнізацыі не актуальныя.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *