Камандная работа. Віншаванні з Днём банкаўскіх і фінансавых работнікаў

Што з’яўляецца важным у дзейнасці банкаўскіх работнікаў? Адным са складнікаў паспяховасці лічыцца ўменне працаваць у камандзе – дакладна і зладжана. Неабходная опцыя – даступна растлумачыць няпростыя для разумення многіх рэчы.

Гэтыя якасці ўласцівыя і калектыву цэнтра банкаўскіх паслуг № 135 у горадзе Ляхавічы Рэгіянальнай дырэкцыі па Брэсцкай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк». Дзясятка прафесіяналаў на чале з начальнікам ЦБП Жаннай  Занько бездакорна спраўляецца з даручанымі абавязкамі і выконвае даведзеныя паказчыкі. На сёння ў ЦБП адкрыта 11458 рахункаў, якія належаць фізічным асобам, абслугоўваюцца амаль дзве сотні прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, сельгаспрадпрыемствы і іншыя юрасобы. 8735 чалавек давяраюць свае зберажэнні менавіта Белаграпрамбанку. Да таго, 87 працэнтаў кліентаў карыстаюцца сістэмай дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.
Наяўнасць такой прадстаўнічай кліентуры – заслуга кожнага з супрацоўнікаў ЦБП № 135. Высокі ўзровень адказнасці і прынцыповасць, здольнасць унікаць у дэталі і імгненна вырашаць спрэчныя сітуацыі, уменне выклікаць давер і зацікавіць кліентаў, тактоўнасць і ветлівасць – іх адметныя прафесійныя якасці. Такімі вызначаецца і галоўны спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічнага продажу ЦБП № 135 Наталля Марозава. Па яе працоўнай кніжцы можна назіраць «эвалюцыю» Белаграпрамбанка – не раз змянялася шыльда фінансавай установы, а працоўнае месца, куды прыйшла выпускніцай наргаса, застаецца нязменным амаль тры дзесяцігоддзі.
Наталля Рыгораўна – работнік не толькі вопытны, але яшчэ і ўніверсальны – валодае бухгалтарскім улікам, працавала ў аддзеле рознічных разлікаў, на пераводах, займалася абслугоўваннем кліентаў карпаратыўнага бізнесу, ведае нюансы крэдытавання і г. д. Зараз займаецца выдачай плацежных пластыкавых картак розных плацежных сістэм і статусу, заключае дагаворы па абслугоўванні эквайрынгавых сістэм і паказвае высокія вынікі ў развіцці інтэрнэт-эквайрынгу. Пра парадак ажыццяўлення аперацый з банкаўскім пластыкам і плюсы карыстання дадатковымі паслугамі трымальнікам картак расказвае цікава і даступна. Пры актыўным удзеле Наталлі Марозавай ЦБП № 135 выкананы многія стратэгічныя паказчыкі развіцця за мінулы год. І сёлета тэмп работы не зменшаны. Паспявае прымаць удзел у прафесійных конкурсах, у рэалізацыі фінансавых праектаў, за што мае заахвочванні і ўзнагароды рознага ўзроўню.
Партрэт галоўнага спецыяліста па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічнага продажу ЦБП № 135 у г. Ляхавічы Рэгіянальнай дырэкцыі па Брэсцкай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Наталлі Марозавай па выніках мінулага года занесены на раённую Галерэю славы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.