У гасцях у казкі. Дабрачынная ёлка ў ГДК г. Ляхавічы аб’яднала хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту

Дарыць радасць дзецям – цудоўная традыцыя. Дабрачынная ёлка ў ГДК аб’яднала  хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту

Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» на Ляхавіччыне шчодра адорвала хлопчыкаў і дзяўчынак навагоднімі віншаваннямі і раздавала падарункі, запальвала  іх вочы радасцю і шчасцем.
Дарослыя стараліся, каб без увагі і цяпла не засталося ні адно дзіця.

Цуды бываюць не толькі ў казках! У гэтым упэўніліся рабяты, якія
30 снежня сабраліся на дабрачыннай ёлцы ў гарадскім Доме культуры па запрашэнні кіраўніцтва раёна. Дзейства стала цудоўным віншавальным акордам у шматдзённым святочным карагодзе.


Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз шчыра вітаў хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вызначыліся ў вучобе, шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах, выхоўваюцца ў мнагадзетных, замяшчальных і малазабяспечаных сем’ях і г. д.
Новы год – час, калі павінны спраўджвацца мары, падкрэсліў Мікалай Мароз і пажадаў рабятам мноства цудоўных сюрпрызаў, добра вучыцца, займацца спортам, ведаць і шанаваць гісторыю сваёй краіны, быць сапраўднымі патрыётамі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў казачнае падарожжа, куды іх запрасіла навагодняе прадстаўленне «Навагодні компас». Падрыхтавалі яго педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Было вельмі чароўна, цікава і вельмі радасна.
Ну як без карагодаў вакол зялёнай прыгажуні? Свята прадоўжылася каля ёлкі, дзе Дзед Мароз і Снягурка, іншыя казачныя персанажы весялілі рабят, праводзілі конкурсы, ладзілі разнастайныя забавы. Хапіла песняў, танцаў і феерверку пазітыўных эмоцый. Са-
лодкія пачастункі і цацкі – падарункі ад райвыканкама сотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Аўтарства святочнага дзейства належыць калектыву гарадскога Дома культуры.


«ЛВ» пацікавіўся ў рабят уражаннямі ад прадстаўлення.
Святаслаў ПІКІНІЧ, Начаўская СШ:
– Мне вельмі спадабалася навагодняе прадстаўленне. Асабліва Дзед Мароз са Снягуркай. На свяце я загадаў жаданні, спадзяюся, што спраўдзяцца…
Леў БАЗЫЛЕЎ, СШ № 2:
– Прадстаўленне і танцы былі супер! Пабываў у сапраўднай казцы. Дзякуй за цудоўны падарунак!
Злата АНАСТАСЬЕВА, Тухавіцкая СШ:
– Люблю цукеркі і іншыя салодкасці. На свяце падарылі іх столькі! А яшчэ прыгожую цацку. Я вельмі шчаслівая.
Анастасія ЖЫРКОВА, гімназія:
– Новы год для мяне – свята самае жаданае. А гэта запомніцца і цікавым прадстаўленнем.


Чужых дзяцей не бывае! Кіраўнік раёна Мікалай Мароз і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч наведалі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу – іх на Ляхавіччыне тры, дзе выхоўваюцца
17 рабят.
У кожным з іх гасцям і Дзеду Марозу са Снягуркай быў арганізаваны сардэчны прыём – хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі вершы, спявалі песні, ігралі на музычных інструментах. Рабятам адрасавалі шмат пажаданняў, а з імі – салодкія падарункі ад райвыканкама і райкама галіновага прафсаюза адукацыі і навукі.
У святочным марафоне сярод іншых паўдзельнічала і раённая арганізацыя БРСМ. Актывісты арганізацыі на чале з першым сакратаром Дар’яй Марозавай, а таксама навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа, валанцёры атрада «Чыстыя сэрцы» СШ № 1 завіталі да выхаванцаў ЦКРНіР з сюрпрызамі і тэатралізаваным прадстаўленнем «У гасцях у казкі».
А нераўнадушныя актывісты БРПА перадалі падапечным цэнтра ёлачныя цацкі, якія зрабілі піянерскія дружыны раёна падчас конкурсу «Навагодні бум».
Сапраўднае свята арганізавалі для рабят, якія зараз знаходзяцца на лячэнні ў райбальніцы, адміністрацыя ЦРБ і прадстаўніцы раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.


У фае райвыканкама прайшла выстава-продаж сувенірнай прадукцыі «У дабра няма межаў», падарункі ад нераўнадушных землякоў будуць перададзены дзецям.
Год народнага адзінства аб’яднаў дарослых у імкненні падарыць дзецям веру ў цуды, зрабіць свята яркім і запамінальным, стварыць нагоду для добрага настрою. Няхай агеньчыкі дабрыні і ўвагі і далей саграюць дзіцячыя сэрцы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.