Асобнае месца ў кагорце тых, чыя прафесія – дапамагаць іншым, займаюць сацыяльныя работнікі

Дзень работнікаў сацыяльнай абароны прыпадае на халодны зімовы месяц, але ў сацыяльных работнікаў гарачыя спагадлівыя сэрцы і адкрытая душа, якія могуць растапіць любыя праблемы. Яны заўжды знойдуць цёплыя шчырыя словы, каб сагрэць душу сваіх падапечных, тых, каму неабходны падтрымка і дапамога.

Пенсіянеры, маладыя і мнагадзетныя маці, малазабяспечаныя сем’і і інваліды, ветэраны вайны і працы, адзінокія састарэлыя, «чарнобыльцы» і многія іншыя атрымліваюць падтрымку, шукаюць адказы на свае пытанні і вырашаюць праблемы з дапамогай супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Нашых землякоў цікавяць пытанні налічэння і атрымання пенсій і дапамог, розныя віды сацыяльных паслуг, алгарытм аказання адраснай сацыяльнай дапамогі, магчымасці працаўладкавання.
Асобнае месца ў кагорце тых, чыя прафесія – дапамагаць іншым, займаюць сацыяльныя работнікі, якія штодня клапоцяцца пра тых, каму асабліва патрэбны ўвага і дапамога.
– У нашай прафесіі выпадковых людзей няма. Далёка не кожны чалавек можа працаваць так, каб не толькі прафесійна спраўляцца са сваімі абавязкамі, але і абавязкова пагаварыць, падбадзёрыць, калі неабходна і суцешыць пажылога чалавека – аддаць часцінку душы. На сёння ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць 75 сацыяльных работнікаў (пяцёра – у горадзе, астатнія – у сельскай мясцовасці), якія абслугоўваюць больш за 600 жыхароў раёна. Купіць у магазіне неабходныя прадукты харчавання і хатняга ўжытку, прыбраць у хаце і на падворку, зімой расчысціць дарожкі ад снегу, восенню – ад лісця, распаліць печку, аплаціць камунальныя паслугі –
з абавязкамі сацыяльны работнік спраўляецца хутка, дакладна і якасна. А яшчэ па просьбе дапаможа і ціск памераць, і агарод прапалоць ці ўраджай сабраць, і абавязкова па душах пагаворыць. Пра кожнага без выключэння скажу – добразычлівы, уважлівы, надзейны, – адзначае загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Ляхавіцкага ТЦСАН Таісія Макарэвіч.
Зразумела, пасля такой характарыстыкі цяжка і нават немагчыма вызначыць самых-самых. Але яны ёсць. Сацыяльны работнік Ганчароўскага дома сумеснага пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў Людміла Ігнатовіч (на здымку) – адна з лепшых у сваёй прафесіі. За прафесіяналізм, добрасумленныя адносіны да справы Людміла Ігнатовіч па выніках работы ў 2020 годзе прызнана «Чалавекам года» ў намінацыі «занятасць, сацыяльная абарона насельніцтва».
Карэспандэнты «ЛВ» сустрэлі Людмілу Ігнатовіч за справай на кухні, яна толькі-толькі начысціла бульбу, каб на абед прыгатаваць для сваіх 17 падапечных (менавіта столькі насельнікаў суседнічаюць цяпер у доме сумеснага пражывання) – свае фірменныя дзеруны.
– Мае асноўныя абавязкі тройчы на дзень накарміць тутэйшых жыльцоў – прыгатаваць сняданак, абед, вячэру. Сама купляю прадукты – не толькі ў вясковай краме, але езджу ў Ляхавічы, Баранавічы, нават карыстаюся «Е-дастаўкай». Выбіраю, дзе патанней, але абавязкова сачу, каб прадукты былі якаснымі. Акрамя таго, набываю лекі, дапамагаю сваім калегам – сацыяльным работнікам – прыбрацца. Абавязкова стараюся знайсці хвілінку-другую, каб проста пагаварыць з тымі, хто тут жыве. Ім неабходны такія размовы, каб людзі не адчувалі сябе пакіну-
тымі, адзінокімі. Адчуваеш такую асалоду ад таго, што на вуснах бабулі і дзядулі з’яўляецца шчырая ўсмешка. Шкадую кожнага з іх, спагадаю і разумею, як гэта цяжка на старасці гадоў застацца аднаму, – гаворыць Людміла Ігнатовіч.
У прафесіі «дапамагаць іншым» Людміла Мікалаеўна няпоўныя сем гадоў, да гэтага працавала поварам у Ганчароўскім дзіцячым садку.
– Люблю нашых падапечных, люблю сваю работу, бо яна прыносіць радасць і хочацца парадаваць нашых бабуль і дзядуляў. Кожную страву гатую з настроем, тады яна абавязкова атрымаецца смачнай, – адзначае Людміла Ігнатовіч.
Колькі шчырых, цёплых слоў падзякі ў свой адрас яна чуе ад жыльцоў дома сумеснага пражывання.
– Дай Бог здароўя, так смачна гатуе, а якая добрая, уважлівая, клапатлівая, добразычлівая, – гаворыць Валянціна Хмарук, якая жыве тут больш за тры гады.
– Усе дзяўчаты – сацыяльныя работнікі – цудоўныя, яны наша другая сям’я. Паглядзіце, якія навокал чысціня, парадак – іх заслуга, усё для таго, каб нам добра жылося. Што ні папросіш, абавязкова дапамогуць: і ціск памераюць, і пагавораць, і навіны раскажуць, а як клапоцяцца пра нас, – далучаецца да размовы старажыл Іван Вялічка.
Дзяўчаты – гэта пра сацыяльных работнікаў Іну Коршун, Аксану Кузняцову, Таццяну Курак, Іну Васілеўскую, Людмілу Ігнатовіч.
– За больш чым шэсць гадоў работы тут мае шаноўныя людзі сталага ўзросту сталі амаль што роднымі. Ведаю звычкі, характар кожнага з іх. Нават па позірку вызначаю, хто ў якім настроі.
У кожнага з нашых падапечных (малодшаму – 46 гадоў, старэйшаму – 91) свой лёс, свая гісторыя, не заўсёды шчаслівая. Яны – цэлая энцыклапедыя, мудрыя і спагадлівыя. Колькі ўсяго цікавага расказваюць і добрую параду дадуць, – гаворыць Іна Коршун. – Нам працаваць няцяжка, бо мы – сапраўдная каманда. Кожная гатова прыйсці на дапамогу, выручыць, падтрымаць.
Вось такія, у клопатах і добрых справах, шчырых словах будні сацыяльных работнікаў. Але ёсць і святы. І адно з іх прафесійнае, якое адзначаецца 5 студзеня. Са святам вас, паважаныя прадстаўнікі самай клапатлівай і спагадлівай прафесіі!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.