Тэхніка і механізатары СВК «Ляхавіцкі» шчыруюць на ўборцы зерневых і зернебабовых

З добрым настроем Сяргей Казакевіч (справа) і Міхаіл Хлапянік шчыруюць на жніве.

Сабрана ўсё да апошняга зярнятка —  літаральна так можна сказаць пра палі СВК «Ляхавіцкі», дзе яшчэ нядаўна радаваў важкім ураджаем рапс. Цяпер уся сіла  — тэхніка і механізатары  — шчыруе на ўборцы зерневых і зернебабовых (пад гэтыя стратэгічна важныя культуры ў гаспадарцы адведзена 1200 гектараў, па стане на 30 ліпеня ўбрана 260 гектараў).

Галоўны аграном «Ляхавіцкага» — неаднаразовы прызёр рэспубліканскіх і абласнога спаборніцтваў на жніве Іван Вітко не хавае радасці: «Зерневыя, як, дарэчы, і рапс, сёлета не падвялі. Нягледзячы на познюю вясну, чакаем ураджай у межах 60-65 цэнтнераў на круг». Пакуль і наогул — 75,4 цэнтнера з гектара!
Хлебаробы гаспадаркі імкнуцца плённа выкарыстаць кожную спрыяльную для ўборачнай хвіліну. Як толькі раса знікае пад сонечнымі промнямі, камбайны выходзяць на жніўнае поле. Каласок да каласка — і паток зерня запаўняе бункер МАЗа (прычым, большасць аўтамабіляў з прычэпамі, што дазваляе за рэйс на зернесушыльны комплекс перавезці больш хлеба).
На жніве-2013 у СВК працуюць 6 экіпажаў, 4 з іх гэтымі днямі — на ўрадлівых палях каля Гаслаўшчыны. У лідарах новы экіпаж «Джон-Дзіра» ў складзе старшага камбайнера Сяргея Казакевіча (ён далёка не навічок на ўборцы, у мінулыя гады неаднойчы быў лепшым на жніве, праўда, у якасці камбайнера) і камбайнера Міхаіла Хлапяніка. Экіпаж першым у раёне намалаціў 500 тон зерня.
— На жніве заўсёды працуеш са стопрацэнтнай канцэнтрацыяй і ўважлівасцю, незалежна ад таго, старшы ты камбайнер ці яго памочнік. Тут галоўнае — хутка і без страт сабраць вырашчанае, — Сяргей Казакевіч літаральна на хвіліну прыпыніў «Джон-Дзір», каб адказаць на пытанне журналіста. Неўзабаве агрэгат зноў паплыў па полі, дзе залаціцца азімае трыцікале.

Памочнік брыгадзіра Святлана Радомская (злева) і камбайнер Марта Граблюк на жніўным полі не навічкі.

Яшчэ на адным «Джон-Дзіры» працуе сямейны экіпаж — старшы камбайнер Генадзій Граблюк і камбайнер — яго дачка Марта (дзяўчына — будучы юрыст, летась таксама працавала з бацькам на жніве). Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што экіпаж Граблюкоў таксама намалаціў 500 тон зерня.
За штурвалам «Палесся» ўпэўнена адчувае сябе вопытны сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Сяргеяў Асланянаў. Яшчэ на адным камбайне працуюць Сяргей Жмырко і Віталій Ракашэвіч.
Не паспее ад аднаго камбайна ад’ехацца машына, запоўненая пад завязку зернем, як ужо загружаецца другая. І так на працягу дня. А яшчэ на палетках раз-пораз з’яўляюцца кантралёры. Кожны абмалочаны каласок, кожны метр скошанага правярае памочнік брыгадзіра Святлана Радомская. Яна інспектуе якасць уборкі.
На кантролі і тэхніка бяспекі. Побач з полем у цяньку схавалася пажарная бочка, неабходнымі супрацьпажарнымі сродкамі ўкамплектавана і ўся тэхніка. Жніво не церпіць абыякавасці, недысцыплінаванасці і павольнасці, а заахвочвае адказных і працавітых.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *