Форма пад ёлачку. Выхаванцы Ляхавіцкай СДЮШАР у апошні дзень 2021 года атрымалі шыкоўныя навагоднія падарункі

Цуды здараюцца, а жаданні абавязкова збываюцца. У гэтым чарговы раз упэўніліся выхаванцы Ляхавіцкай СДЮШАР, якія ў апошні дзень 2021 года атрымалі шыкоўныя навагоднія падарункі.

31 снежня ў СДЮШАР прайшла навагодняя спартландыя, у якой прымалі ўдзел каманды ўсіх аддзяленняў (дзюдо, лёгкая атлетыка, футбол, гандбол). А пачалося навагодняе дзейства з сюрпрызу. Павіншаваць рабят, выкладчыкаў прыйшлі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і яго намеснік Святлана Юрлевіч. Шмат цёплых, шчырых слоў было адрасавана юным спартсменам і іх педагогам. І, канешне ж, гучалі пажаданні новых спартыўных перамог, каб хлопчыкі і дзяўчынкі прымнажалі слаўныя традыцыі Ляхавіччыны спартыўнай. А ў якасці падарунка ад кіраўніцтва раёна – камплекты спартыўнай формы і абутку для кожнага з аддзяленняў. Усяго навагодні падарунак «заважыў» на дзевяць тысяч рублёў, выдаткаваных з раённага бюджэту.
– Вельмі патрэбныя падарункі! Задаволены і рабяты, і іх трэнеры. Удзячны раённай уладзе, якая пастаянна клапоціцца пра СДЮШАР. А мы пастараемся радаваць землякоў паспяховымі выступленнямі на спартыўных стартах, – адзначае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.