Дайсці да кожнага і растлумачыць усім. Сустрэчы па абмеркаванні праекта Канстытуцыі праходзяць у калектывах Ляхавіччыны

Краіна прадаўжае актыўна абмяркоўваць праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Дыскусійныя пляцоўкі разгарнуліся ў працоўных калектывах, аднавілі работу грамадская прыёмная, вядуцца дыскусіі на старонках друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, у інтэрнэт-прасторы, у тэле- і радыёперадачах. Ляхавіччына не засталася ў баку ад абмеркавання гэтай лёсавызначальнай для беларусаў падзеі. На сустрэчах прадстаўнікоў органаў раённай улады з насельніцтвам тэма нумар адзін – змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны, а, значыць, будучыня кожнага з нас. У мінулы аўторак старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса выступіў перад калектывам цэнтральнай раённай бальніцы.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса зазначыў, што ўдасканаленне Канстытуцыі шляхам унясення змяненняў і дапаўненняў – эвалюцыйны шлях развіцця дзяржавы. Ён падкрэсліў, што з новай рэдакцыяй Асноўнага Закона краіны не мяняецца дзяржаўнае ўладкаванне, сацыяльна арыентаваная палітыка, а паляпшаецца, удасканальваецца тое, што ёсць.
– Асноўныя напрамкі выпрацаваны, асноўныя змяненні і дапаўненні акрэслены, зроблены вялікі пласт работы, і цяпер задача – данесці да кожнага беларуса асноўныя вектары развіцця і будаўніцтва нашай рэспублікі, якая будзе прадаўжаць сацыяльна арыентаваную ўнутраную і міралюбівую знешнюю палітыку. Асаблівая ўвага –
на захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, – азначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна.
Таксама ён расказаў, што ў некаторыя артыкулы ўнесены дапаўненні, але ёсць у праекце і зусім новыя артыкулы і нават главы. Леанід Калбаса падрабязна спыніўся на дапаўненнях, што тычацца Усебеларускага народнага сходу, яго паўнамоцтваў, акцэнтаваў увагу, што Беларусь па-ранейшаму застанецца прэзідэнцкай рэспублікай.
Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч акцэнтаваў увагу медыкаў, што змяненні ў Канстытуцыю, прынятую 15 сакавіка 1994 года, уносіліся неаднойчы, усе яны былі выкліканы часам і жыццём.
Як нагадаў Леанід Калбаса, кожны, хто мае прапановы па змяненні Канстытуцыі, можа іх унесці, напрыклад, звярнуўшыся ў грамадскія прыёмныя ГА «Белая Русь», якія двойчы на тыдзень працуюць у малой зале райвыканкама. Потым усе прапановы будуць перададзены ў экспертную рэспубліканскую камісію.
На наступны дзень у размову агульнадзяржаўнай важнасці ўступілі выратавальнікі. З калектывам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сутрэўся старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач расказала пра шлях, які прайшла Канстытуцыя Беларусі за сваю гісторыю, а таксама пра галоўныя змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны і пра тое, як землякі ўдзельнічаюць у іх абмеркаванні.
Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу, што ў праекце Канстытуцыі замацоўваецца гарантаванасць сямейных каштоўнасцей, бясплатных адукацыі, медыцыны, сацыяльнай
абароны, захаванне суверэнітэту Беларусі.
– Лічу важным для кожнага грамадзяніна нашай краіны, што ў праект Канстытуцыі ўключаны палажэнні, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну і масавы гераізм народа. Выхаванне патрыятызму – гэта неабходна і для сённяшніх, і для будучых пакаленняў. Ад нас з вамі залежыць, якой наша Радзіма будзе сёння і заўтра, у якой Беларусі будуць жыць нашы дзеці і ўнукі. І сімвалічна, што 2022 год аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці, – сказаў Мікалай Мароз.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што такога кшталту сустрэчы ў працоўных калектывах – не толькі выніковая дыялогавая пляцоўка, каб абмеркаваць змяненні ў Канстытуцыю Беларусі. Гэта яшчэ і магчымасць жыхарам раёна задаць хвалюючыя пытанні, што тычацца і іншых важных надзённых тэм.
А прадстаўнікам улады даведацца, як вырашаюцца ўзнікшыя праблемы, дзе патрабуецца дапамога ці ўмяшанне для вырашэння пытанняў.
Сустрэчы па абмеркаванні праекта Канстытуцыі праходзяць і ў іншых калектывах Ляхавіччыны.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.