Выполнение программы развития и поддержки личных подсобных хозяйств в Ляховичском районе, рассчитанной на 2011-2015 годы

На апаратнай нарадзе ў райвыканкаме адным з асноўных разглядалася пытанне аб ходзе выканання праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, разлічанай на 2011-2015 гады. Ход выканання праграмы прааналізаваў начальнік райсельгасхарчу, намеснік старшыні райвыканкама Алег Бурак.

Дакладчык сярод праблемных момантаў, якія абумоўлены скарачэннем колькасці сельскага насельніцтва, а таксама з улікам росту даходаў насельніцтва і шэрагу іншых фактараў, адзначыў тэндэнцыю змяншэння вытворчасці асобных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на асабістых падвор’ях. Так, колькасць падсобных гаспадарак скарацілася з 8710 у пачатку 2011 года да 8259 на пачатак 2013 года. За гэты ж час зменшылася і пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў асабістых гаспадарках з 1875 да 1472 галоў. Адпаведна назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці закупленага ў насельніцтва малака, прычым сёлета па ўсіх сельсаветах. У 2013 годзе за 6 месяцаў яго закуплена на 25 працэнтаў менш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. Найбольшы «мінус» у Ганчароўскім (61,5 працэнта), Свяціцкім (65,6 працэнта), Крывошынскім (66,4 працэнта), Жарабковіцкім (69,2 працэнта) сельсаветах. За паўгоддзе ад адной умоўнай каровы закуплена 1514 кілаграмаў малака, што на 213 кілаграмаў менш леташняга аналагічнага паказчыка. Гэты паказчык зменшыўся ў большасці сельсаветах за выключэннем Начаўскага (108,3 працэнта), Куршынавіцкага (104,7 працэнта), Востраўскага (101,4 працэнта). Заданне праграмы па закупу малака ў насельніцтва ў раёне за 2011-2012 гады выканана на 91 працэнт.
Як адзначыў Алег Бурак, найбольш пытанняў, звязаных з арганізацыяй збору малака, узнікае ў Нава- сёлкаўскім, Конькаўскім, Куршынавіцкім, Востраўскім, Крывошынскім, Свяціцкім сельсаветах, і датычацца яны вызначэння тлустасці прадукцыі, работы малаказборшчыкаў і вадзіцеляў малакавозаў. Так, у Падлессі адсутнічае малаказборшчык, а ў Вялікай Лотве існуюць праблемы са зборам малака.
Сёлета за 6 месяцаў на выплату надбавак насельніцтву за здадзенае малако выдаткавана больш за 234 мільёны рублёў. Але ў раёне не створаны малакапрыёмныя пункты, таму, па словах начальніка райсельгасхарчу, кантроль якасных паказчыкаў закупляемай прадукцыі праводзіцца ў лабараторыях фермаў. На малочным заводзе ёсць асобная лінія прыёмкі малака ад насельніцтва.
Для актывізацыі работы па закупу лішкаў малака ў насельніцтва штогод падводзяцца вынікі агляду-конкурсу на лепшы сельсавет і лепшых здатчыкаў і зборшчыкаў малака. Прэміі пераможцам выплачвае малочны завод.
Як падкрэсліў дакладчык, адзін з важных аспектаў праграмы — аказанне сельгаспрадпрыемствамі разнастайных паслуг насельніцтву, у прыватнасці, па размоле зерня, асемяненні буйной рагатай жывёлы, апрацоўцы прысядзібных участкаў. Прафілактыкай і лячэннем хвароб сельскагаспадарчых жывёл займаюцца спецыялісты Жарабковіцкай, Востраўскай, Ліпскай і Куршынавіцкай участковых ветлячэбніц. У населеныя пункты, якія імі не абслугоўваюцца, па графіку выязджаюць работнікі ветэрынарнай службы раёна.
Для забеспячэння свойскай жывёлы кармамі сёлета сельгасарганізацыі раёна рэалізавалі насельніцтву больш як тысячу тон сена, 28 тон саломы, 1976 тон зерня і 0,1 тысячы тон камбікармоў. Па стане на 25 ліпеня на адну ўмоўную галаву жывёлы для грамадскага статка ў сярэднім па раёне нарыхтавана 860 кілаграмаў сена. Для параўнання дакладчык прывёў наступныя лічбы: у СВК «Канюхі» — 2,2 тоны, а ў «Востраў-Агра» і ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» — па 0,9 тоны.
За час дзеяння праграмы насельніцтву прададзена больш за тысячу штук саджанцаў пладовых дрэў і кустоў, больш за 20 тон мінеральных удабрэнняў, на 40 мільёнаў рублёў сродкаў аховы раслін.
Сямёра нашых землякоў у Белаграпрамбанку атрымалі крэдыт на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі (набыццё сельскагаспадарчай жывёлы, тэхнікі, інвентару).
Алег Бурак лічыць, што для больш паспяховага развіцця асабістых падсобных гаспадарак старшыням сельвыканкамаў неабходна ўзмацніць кантроль за забеспячэннем свойскай жывёлы якаснымі і даступнымі па кошце кармамі, паляпшэннем якасці пашы, лячэннем жывёлы. Нельга скідваць з рахункаў растлумачальную работу з насельніцтвам па пытаннях якасці здаваемага малака і выкарыстанні ў лячэнні жывёлы ветэрынарных прэпаратаў — гэта, як правіла, дае станоўчы вынік. Прадпрыемствам райпо трэба актывізаваць і палепшыць работу па закупу лішкаў сельгаспрадукцыі ў прыватных гаспадароў, а таксама пастаянна забяспечваць жадаючых месцамі на рынках для рэалізацыі лішкаў прадукцыі з уласных падвор’яў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *