НА ЛАЎЦЫ ПАСЯДЗЕЛІ, НА ПЛЯЖЫ ПАЛЯЖАЛІ… а ДАЛЕЙ?

На сайце раёнкі ў раздзеле “Водгукі” знайшла прапанову, якая зацікавіла. Адзін з наведвальнікаў сайта паставіў надзвычай важнае пытанне: дзе ў Ляхавічах можна… прызнацца дзяўчыне ў каханні і ўвогуле пазнаёміцца з прадстаўніцамі прыгожай паловы. Другога цікавіла, дзе ў райцэнтры правесці вольны час. Пытанні і сапраўды актуальныя, якімі, дарэчы, былі для моладзі заўжды.
Перш за ўсё паспрабавала высветліць, дзе найбольш часта тусуюцца юнакі і дзяўчаты. Гэта аказалася даволі проста, бо ў райцэнтры такіх месцаў раз-два і пералічыў. З вясны да восені шмат моладзі ў гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. І не толькі па выхадных днях, калі праводзяцца дыскатэкі, але і ў будныя вечары. Тут можна ўбачыць і пачуць рознае. Невялікая кампанія юнакоў (як высветлілася, сённяшнія адзінаццацікласнікі) дзяліліся ўражаннямі ад здачы экаменаў на атрыманне вадзіцельскага пасведчання.
– Класна, праз некалькі месяцаў споўніцца 18 гадоў – і правы ў кішэні, – радаваўся адзін.
– Добра табе, пашанцавала, а мне давядзецца пераздаваць, загнаў две лішнія “шайбы”, — засмучана ўздыхаў сябар.
Сапраўды, у выпускнікоў цяпер праблем шмат: апошні званок, школьныя экзамены, выпускны баль, тэсціраванне і, канешне, паступленне. Ім асабліва не да адпачынку.
Але ўсё ж вясна і рамантыка паняцці нераздзельныя, таму ў парку часта можна сустрэць закаханых, якія імкнуцца адасобіцца ад чужых позіркаў і пабыць сам-насам са сваімі пачуццямі. На пытанне:
– Рабяты, дзе яшчэ маладым можна пасядзець, пагаварыць? – дзяўчына адказала:
– Мы вось учора былі ў кафетэрыі “Верас”, там і марожаным можна паласавацца, і музыку паслухаць, і проста пагаварыць. А вось у іншых гарадскіх кафэ і барах зусім нецікава. Музыка так сабе, у меню ў асноўным мясныя стравы і спіртное. А вось з ласункамі цяжкавата.
– А на свежым паветры такіх месцаў і ўвогуле няшмат. Хіба толькі тут і ў гарадскім скверы, ну яшчэ на стадыён схадзіць, – дадаў юнак.
Менавіта ў скверы і на стадыёне ў асноўным збіраецца гарадская моладзь. Праўда, на спартыўным аб’екце – не для заняткаў спортам, а, часцяком, каб пагуляць у карты ці выпіць піва. І гэта нягледзячы на немалыя штрафы за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах. Магчыма, каб на стадыёне часцей, асабліва ў вячэрні час і выхадныя дні, ладзіліся спартыўныя мерапрыемствы і конкурсы, моладзь больш цікавілася б здаровым ладам жыцця. Хаця і тут ёсць выключэнні. Два юнакі “наразалі” ўжо далёка не першы круг па стадыёне, а невялікія кампаніі падлеткаў з азартам гулялі ў футбол.
– Мы кожны вечар не толькі бегаем, але і выконваем пэўны комплекс практыкаванняў. Неабходна падтрымліваць сябе ў тонусе, да таго ж здаровы лад жыцця не пашкодзіць нікому, – абгрунтавалі сваё захапленне спортам рабяты.
Калі сцямнее, падлеткі “акупіруюць” лаўкі ў дварах шматкватэрнікаў і аўтобусныя прыпынкі. Размовы, смех, выпіўкі, спрэчкі і нават бойкі – такое “меню” забаў у вячэрні час на свежым паветры. У цёплую пару юнакі і дзяўчаты у якасці месца для адпачынку выбіраюць гарадскі пляж, што даволі небяспечна, асабліва тады, калі адпачынак мае на ўвазе ўжыванне спіртнога. Узбуджаныя алкаголем адпачываючыя пачынаюць спрачацца, хто далей заплыве. Такія заклады могуць закончыцца трагічна. Хапае на пляжы і інтыму.
Прасцей за ўсё абвінавачваць маладых у маральнай разбэшчанасці і нежаданні з карысцю для здароўя і душы правесці вольны час. Але, калі ёсць цікавыя прапановы, то юнакі і дзяўчаты з задавальненнем прымаюць удзел у разнастайных па-знавальных, забаўляльных і спартыўных мерапрыемствах. Прыкладаў шмат. Рознапланавыя акцыі, ініцыіраваныя БРСМ, конкурсныя праграмы, КВЗ, творчыя фестывалі, “містэр” і “міс” года, працоўныя дэсанты, спартландыі і інтэлектуальныя турніры – у іх юнакі і дзяўчаты дэманструюць таленты, харызму, праяўляюць жаданне дапамагаць іншым. Канешне, хочацца адпачыць і пасля напружанага рабочага тыдня – пасядзець з сябрамі ў бары. Але ж не надта любяць маладые гараджане наведваць мясцовыя кафэ і бары (выключэнне – хіба што кафэ “Алеся”, і то ў выхадныя дні). Сумна ім там і няўтульна. Не адпавядаюць пажаданням мо- ладзі прапаноўваемае меню, музыка і кантынгент наведвальнікаў, прычым ужо не першы год. Неабходна выпраўляць сітуацыю. Тым больш, што вялікая колькасць наведвальнікаў – гэта дадатковыя грашовыя ўліванні для райпо. Расходы, якія неабходна выдаткаваць на набыццё новай музычнай апаратуры, правядзенне рамонту ўстаноў для адпачынку, хутка акупяцца.А галоўнае, моладзь будзе адпачываць арганізавана і цікава, а не бавіць час у пошуках сумніўных прыгод.
Галіна КАНЬКО.

4 thoughts on “НА ЛАЎЦЫ ПАСЯДЗЕЛІ, НА ПЛЯЖЫ ПАЛЯЖАЛІ… а ДАЛЕЙ?

  • 27/05/2010 в 16:55
    Permalink

    Канешне, цудоўна, што вы бачыце праблему, але ж незразумела, хто канкрэтна можа дапамагчы моладзі?
    Няўжо акцый БРСМ дастаткова?

  • 29/05/2010 в 11:13
    Permalink

    Самае галоўнае-памяняць стаўленне людзей да розных культурных мерапоыемстваў.
    Але самае дзіўнае, што каб трымаць весялосць у кампаніі, народу трэба больш піць, каб потым на раніцу, хваліцца, хто больш выпіў, а не ўспамінаць, як было супер, весела. Робім належныя вывады)

  • 14/12/2010 в 19:11
    Permalink

    На носу Новый Год, а где его можно провести?????? Ведь в сквере и на стадионе уже холодно)))))))

  • 22/12/2010 в 08:04
    Permalink

    Гэта праблема належыць не тольки Ляхавичам, а усей Беларуси. У нас сапрауды няма куды выйсци. У нас у рэстаран, ци кафэ ходзяць тольки з якой-небудь нагоды,а не паесци, ци кавы з марожаным папиць.Таму и у бизнес гэты исци рызыкоуна. и цэны часта вышэйшыя,чым магли бы быць.А у маленьким горадзе дык тым болей. Кали б кожная сям’я хоць раз у месяц хадзила у рэстаран проста паесци, пагаварыць(напрыклад у выхадны дзень), то такой бы праблемы не было…Быу бы спрос — была б и прапанова…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *