Профессиональный праздник в воскресенье отметят ляховичане, работающие на станциях «Ляховичи» и «Рейтанов» Барановичского отделения БЖД

Прафесійнае свята разам з калегамі адзначае і Эдуард Лагвіновіч.

Штогод у першую нядзелю жніўня сваё прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка — адзначаюць працаўнікі стальных магістраляў Беларусі. Такая дата звязана менавіта з пачаткам будаўніцтва і развіцця чыгункі, з’яўленнем новай прафесіі — чыгуначнік. Дарэчы, папярэднікам айчынных чыгунак лічыцца чыгунка Старынкаўскага металургічнага і машынабудаўнічага завода Бекендорфа, які дзейнічаў у 1840-1860 гадах.
Жыццё многіх з нас так ці інакш звязана з чыгункай. Толькі калектыў Беларускай чыгункі налічвае больш за 110 тысяч чалавек. Многія жыхары краіны рэгулярна карыстаюцца чыгуначнымі паслугамі.
Сёння Беларуская чыгунка — гэта сучасная, выдатна развітая транспартная сістэма працягласцю 5,5 тысячы кіламетраў.
Разам з калегамі прафесійнае свята будуць адзначаць і нашы зямлякі, якія працуюць на станцыях «Ляхавічы» і «Рэйтанаў» Баранавіцкага аддзялення БЧ. Сярод іх — і дзяжурны па чыгуначнай станцыі «Рэйтанаў» Эдуард Лагвіновіч. У свой час ён закончыў Мінскі вышэйшы прафесійны каледж чыгуначнага транспарту, аднак, яго лёс мог быць і не звязаны з абранай спецыяльнасцю: 2 гады пасля тэрміновай службы юнак заставаўся ва Узброеных Сілах краіны служыць па кантракце. У рэшце рэшт, чыгунка перамагла. Вось ужо 15 гадоў Эдуард Лагвіновіч працуе на «Рэйтанаве». У яго абавязкі ўваходзіць арганізацыя бяспечнага руху на давераным участку, прыём, адпраўка, манеўраванне цягнікоў. Дарэчы, за суткі праз, здавалася б, невялікую станцыю праходзіць 20-25 саставаў. Як і на любой рабоце, цяжкасцяў і нязручнасцяў у чыгуначнікаў хапае. Але Эдуард Васільевіч на змену ідзе заўсёды з добрым настроем. І гэта цудоўна, калі работа сапраўды любімая і прыносіць задавальненне.
За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё чыгуначнага транспарту і ў сувязі з прафесійным святам Эдуард Лагвіновіч узнагароджаны Пісьмом падзякі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *