Жніво на рамонтным полі

І хоць снегу апошнім часам стала больш, зімы застаецца ўсё менш і менш. Завяршаецца студзень, а там – некалькі лютаўскіх тыдняў і, не выключана, стартуюць палявыя сельскагаспадарчыя работы. Напрыклад, падсеў траў пад азімыя зерневыя, унясенне арганікі і мінеральных удабрэнняў. І далей па ўзрастанні.

Сезон пастаноўкі тэхнікі на колы А пакуль у полі белае хараство і лёгкая марозная ціша, гучна на тэрыторыях мехдвароў, у гаражных боксах, памяшканнях рамонтна-механічных майстэр-
няў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Там, можна сказаць, разгар рамонтнага сезона. Механізатары, слесары, токары і звар-
шчыкі, інжынерна-тэхнічны склад гаспадарак актыўна завіхаюцца на карысць будучых ураджаяў. У іх зараз «жніво»: гарачы перыяд
пастаноўкі на колы сельскагаспадарчай тэхнікі – трактароў, плугоў,
сеялак і шматлікага іншага з ліку палявой «жалезнай» наменкла-
туры.
Нагадаем, усё, што ў гэтым плане адбываецца ў гаспадарках Ляхавіччыны, павінна суадносіцца з адпаведным загадам упраўлення па сельскай гаспа-
дарцы і харчаванні. Ён многа пра што, у тым ліку вызначае тэрміны правядзення рамонтаў кожнага з відаў сельгастэхнікі. Так, уся лінейка глебаапрацоўчых агрэгатаў яшчэ да 31 снежня мінулага года павінна была выйсці на лінейку гатоўнасці. А гэта – плугі, культыватары, дыскі, агрэгаты камбінаваныя шыроказахватныя і іншае падобнае. Для пасяўнога інвентару – сеялкі і пасяўныя агрэгаты – датай гатоўнасці вызначаны апошні дзень бягучага месяца, машын па ўнясенні мінеральных удабрэнняў, арганічных угнаенняў і ўсіх сістэм апырсквальнікаў – да сярэдзіны лютага. І так далей, у адпаведнасці з чарговасцю наступлення відаў работ – корманарыхтоўчая, камбайны кормаўборачныя і збожжаўборачныя.


Згодна з атрыманай у райсельгасхарчы інфармацыяй, па стане на 20 студзеня гэтага года, у сельгасарганізацыях Ляхавіччыны налічваецца 286 адзінак трактарнай тэхнікі. З іх 250 трактароў (ці амаль 88 працэнтаў ад агульнай колькасці) знахо-
дзяцца ў спраўным выглядзе, стане гатоўнасці. Працэнт гатоўнасці камбінаваных глебаапрацоўча-пасяўных агрэга-
таў – прыкладна 70, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэга-
таў – 90, плугоў і зерневых сеялак прыкладна аднолькавы – каля 85 працэнтных адзінак у абодвух выпадках.

Уласны шлях «Шляху новага» З мэтай праверкі тэорыі, якая была вышэй, практыкай, ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні параілі звярнуць увагу на ААТ «Шлях новы». Маўляў, і ў плане рамонтаў ёсць што паказаць, і новыя набыткі тэхнікі маюць месца, і сітуацыя з кадрамі падцягваецца.
З кадраў і пачнём, паколькі іменна яны складаюць галоўны актыў кожнай вытворчасці, любой гаспадарчай дзейнасці. Пачынаючы прыкладна з ліпеня мінулага года, у «Шлях новы» ўладкавалася каля дзясятка старых-новых працаўнікоў – і гэта толькі механізатараў і вадзіцеляў аўтамабіляў. Усе яны тут не чужыя, у свой час у гаспадарцы працавалі, а некаторыя нават дабіваліся разам з ёй адносна гучных працоўных поспехаў. Але па нейкіх прычынах вымушаны былі яе пакінуць, каб зноў вярнуцца.
– Людзі вярнуліся. Пасля работы ў іншых гаспадарках, арга-
нізацыях, раёнах прыйшлі да сваіх і нашых берагоў. Вітаем гэта іх рашэнне і робім усё для таго, каб людзі не пашкадавалі аб ім. На сёння механізатарска-вадзіцельскія пасады ў гаспадарцы па мінімуму запоўнены. Гэта азначае, што маглі б даўкамплектавацца яшчэ трыма-чатырма чалавекамі. Але пры ўмове, што яны добрыя прафе-
сіяналы, дысцыплінаваныя і адказныя работнікі. А калі гаварыць пра «ітээраўцаў», іх у нас пад поўную патрэбу, – гаворыць дырэктар
ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш.
У плане падрыхтоўкі да палявога сезона-2021 гаспадарка нямала паспела. Па стане на канец другой дэкады студзеня 36 трактароў з 41 знаходзяцца на колах. Запраўка палівам, кантроль тэхнічных вадкасцяў і сістэм бяспекі – і хоць заўтра ў поле. У тым ліку з васьмі энерганасычаных машын знаходзіцца ў Кобрыне і працягвае рамантавацца толькі адна. Рамонт складаны, патрабуе спецыялізаваных умоў і аснасткі. Ды і нятанны, хоць для гаспадаркі не будзе каштаваць нічога – плаціць бюджэт.
Яшчэ надоечы і вельмі дарэчы адбылося папаўненне трак-
тарнага парка на адну энерганасычаную адзінку.
– Па лізінгавай схеме ўжо набыты МТЗ-3522. На падыходзе –
франтальны пагрузчык «Амкадор 352», які стане 11-м у шэрагу падобных машын гаспадаркі, – дае расклад дырэктар.
А вось за новую, яшчэ ў заводскай змазцы зерневую сеялку «СЗМ-6» «Шлях новы» пакуль не плаціў ні рубля. Магчыма, і не заплаціць ніколі – у залежнасці ад таго, наколькі добра яна пакажа сябе ў рабоце. Гэта вопытны ўзор агрэгата вытворчасці аднаго з айчынных прадпрыемстваў. У гаспадарку яна перададзена на выпрабаванні. Свайго роду палявы тэст-драйв, і наколькі паспяховым для сеялкі ён атрымаецца, залежыць яе далейшы лёс у «Шляху новым». Калі зарэ-
камендуе сябе якасным, надзейным у рабоце агрэгатам, гас-
падарка выкупіць яго ў завода-вытворцы па астаткавым кошце.
У той асабліва завеісты дзень нашага наведвання гаспадаркі СЗМ-6 стаяла запаркаванай ад навесамі аднаго з машынных двароў «Шляху новага». А, акрамя Навасёлак, нагадаем, яны знаходзяцца ў Коньках і Флер’янове. Флер’яноўскі машдвор выкарыстоўваецца, у асноўным, як закрытая пляцоўка для захоўвання асабліва складанай сельгастэхнікі, у Коньках і Навасёлках, як правіла, ажыццяўляюцца розныя рамонты, праводзяцца аднаўленчыя работы ў дачыненні машын, іх асобных механізмаў і элементаў.
Падыходзяць да завяршэння рамонты плугоў, на некаторых з АКШ засталося замяніць хіба што частку рабочых органаў. Будзем лічыць іх «расходнікамі». І – хоць заўтра ў баразну. Самаходны апарат для ўнясення вадкай хіміі гатовы да бою, адзін з прычапных яго братоў адрамантаваны, другі знаходзіцца на рамонце ў спецыялізаваных умовах завода ў горадзе Іванава, трэці рамантуецца сіламі і намаганнямі ўласных спецыялістаў.
Адзін з прычэпаў па ўнясенні арганікі, што стаіць пад навесам, «абуты» ў свежую гуму, па ўсіх правілах пафарбаваны. Выглядае, як новы, хоць такім і не з’яўляецца.
– У Баранавічах ёсць фірма, якая спецыялізуецца на рамонце-абслугоўванні рознага роду прычэпаў. Завезлі да іх платформу старога гноераскідвальніка. Па сутнасці раму, на якой нічога жывога. За кароткі час аднавілі, па усіх пазіцыях капітальна адра-
мантавалі, паставілі на ход. Раскідвальнік атрымаўся, як новы, але
па цане ў два з паловай разы таннейшы за новы. Выйгралі яшчэ і ў лагістыцы, паколькі Баранавічы знаходзяцца па суседстве, – раскрывае сакрэты рамонтапрыдатнасці Андрэй Коктыш.
– Цяжка даецца «развязванне» ранейшых даўгоў, няпростай з’яў-
ляецца сітуацыя з назапашваннем мінеральных удабрэнняў. Ёсць
і некаторыя нестыкоўкі з правядзеннем асобных відаў рамонтных работ. Але працягваем шукаць шляхі, сілы, сродкі і магчымасці, – на аптымістычнай ноце завяршае дырэктар.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.