Без тэрміну даўнасці. Пракуратура раследуе факты генацыду беларускага народа

Больш за 76 гадоў мінула з векапомнага мая 1945 года, калі прагрымелі салюты Вялікай Перамогі. Прайшло шмат часу, але жудасныя падзеі, мільёны ахвяраў, загінулых на палях Вялікай Айчыннай вайны, закатаваных у канцлагерах, замучаных у фашысцкіх засценках, памерлых ад голаду, спаленых разам з вёскамі, назаўжды застануцца ў памяці нашчадкаў. І па-ранейшаму тужліва звіняць званы Хатыні (вёску спалілі разам з жыхарамі, яе лёс раздзялілі яшчэ 629 населеных пунктаў, 185 так і не аднавіліся), якія нагадваюць усяму свету, як адзіны савецкі народ здабыў агульную Перамогу.

– Дакладна невядома, колькі беларусаў загінула ў гады Другой сусветнай вайны. Але якімі б ні былі лічбы, яны страшныя, за кожнай – трагічны лёс канкрэтнага чалавека. Вось чаму зараз настолькі актуальная тэма генацыду беларускага народа. Увогуле, генацыд – гэта знішчэнне людзей пэўнай нацыі, расы ці рэлігіі. Дарэчы, згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі генацыд не мае тэрміну даўнасці, – тлумачыць пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей Дзяжко.
У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты і іх памагатыя спалілі 9200 беларускіх вёсак, з іх 479 – на Брэстчыне, правялі звыш 140 буйных карных аперацый, стварылі 260 месцаў прымусовага ўтрымання людзей, сярод якіх Мінскае гета. Не абышла вогненная трагедыя і Ляхавіччыну, у гады вайны былі спалены поўнасцю
13 населеных пунктаў на тэрыторыі сённяшняга нашага раёна, а больш за тры дзясяткі – знішчаны часткова. Такія даныя былі яшчэ напачатку мінулага года. А сёння ў гэтай статыстыцы – жалобнае папаўненне.
– Пракуратура Ляхавіцкага раёна пасля дасканалых праверак, выездаў непасрэдна на месца падзей устанавіла раней невядомыя факты генацыду беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. Малыя населеныя пункты – хутары каля вёсак Савейкі, Буды – таксама былі спалены гітлераўцамі, – расказвае Сяргей Дзяжко.
Новыя падрабязнасці зверстваў фашызму на зямлі Беларусі ў час акупацыі гітлераўскай Германіяй сталі вядомыя дзякуючы неабыякавасці, пачуццю доўгу, памяці і пашаны да гісторыі нашых землякоў. Сяргей Дзяжко расказаў, што ў пракуратуру Брэсцкай вобласці звярнуўся мінчанін з прапановай занесці на карту спаленых вёсак краіны тры хутары нашага раёна, знішчаныя захопнікамі, і паставіць на ўлік раней невядомае месца пахавання мірных грамадзян. Вяскоўцы з пакалення ў пакаленне перадавалі расказ пра трагедыю, якая разыгралася на гэтых хутарах у сакавіку 1944 года. Усяго некалькі радкоў, а за кожным іх словам – страх, нянавісць і боль: за дапамогу партызанам фашысты і паліцаі расстралялі
13 хутаран, у тым ліку дзевяць дзяцей, потым спалілі ўсе пабудовы.
– Канешне, такія факты неабходна правяраць і высвятляць. Таму пабывалі на ўказаным месцы, правялі агляд і знайшлі магілу, якая датавана 1944 годам. Потым пры супастаўленні картаў розных часоў знойдзены звесткі пра тры населеныя пункты, даныя пра якія адсутнічалі ў архівах, – удакладняе пракурор раёна.
Сэрца моцна сціскаецца ад болю, і слёзы міжволі засцілаюць вочы. Такія эмоцыі ахопліваюць, калі чуеш кароткі расказ жыхаркі вёскі Савейкі, якая перадае ўспаміны сваёй маці – сведкі расправы карнікаў над адной сям’ёй, што жыла на Гайнінскіх хутарах. Фашысты не пашкадавалі нікога – ні старых, ні маладую маці, ні пецярых дзяцей, самаму малодшаму з якіх было ўсяго сем месяцаў, – забілі, хутар спалілі. Пакуль так і невядо-
ма, хто пахаваў сям’ю, але месца гэта пазначана. Матэрыялы, сабра-
ныя пракуратурай раёна, накіраваны ў спецыялізаваны пошукавы батальён. І ўжо сёлета пачнуцца пошукавыя мерапрыемствы.
Пракурор раёна ўзгадвае, што яшчэ ў 2011 годзе, пасля таго, як была знойдзена каля вёскі Вадзяціна магіла з астанкамі чатырох чалавек, па прапанове тутэйшых жыхароў пачала збірацца і абагульняцца інфармацыя. Яны паведамлялі, што ў гады акупацыі за сувязь з партызанамі фашысты забілі сям’ю Тарлюкоў, якая жыла на хутары недалёка ад Вадзяціна. Таксама па факце будзе праводзіцца праверка і, магчыма, будзе раскрыта чарговая, пакуль невядомая, старонка генацыду беларускага народа. Да разгляду прынята і паведамленне яшчэ адной вяскоўкі, па словах якой каля Будаў было расстраляна і закапана ў агульны роў каля ста яўрэяў з бліжэйшых вёсак. Напэўна, гэта далёка не апошнія акалічнасці, што раскрываюць усё новыя і новыя факты здзекаў над беларускім народам у гады вайны, паказваюць сапраўдны твар звычайнага фашызму і папярэджваюць: людзі, не дапусціце новай вайны. Задача кожнага патрыёта сваёй краіны – данесці праўду пра генацыд.
Сяргей Дзяжко нагадаў: калі ў кагосьці ёсць матэрыялы ці факты, што пацвярджаюць генацыд у гады вайны, паведаміць пра іх у пракуратуру раёна. Кожны зварот будзе ўважліва вывучаны.