Гэта наша, роднае. Ляхавічане абмяркоўваюць Пасланне Прэзідэнта

У грамадскім жыцці часам наспяваюць моманты, якія патрабуюць тлумачэння, моцнага слова кіраўніка, правадніка, што падкажа, заматывуе, натхніць… Менавіта такім стала для мяне Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Быць сярод патрыётаў Беларусі, тых, хто па-сапраўднаму любіць і шануе сваю маленькую незалежную краіну, з першых вуснаў чуць словы сапраўднага лідара – гэта вялікі гонар і адказнасць. Больш таго, магчыма, тэлеэкран не перадасць тое сугучча эмоцый, што адчуваеш, калі на сцэне – Прэзідэнт, калі гучаць адказы на актуальныя пытанні, што хвалююць беларусаў. Пераканана, што Пасланне варта разабраць тэзісна, успрыняць як кіраўніцтва да дзеяння.

Здаецца, у гэтай шчырай размове кожны пачуў тое, што спадзяваўся пачуць. Асабліва для мяне прагучаў дакладны адказ на пытанне пра вайну… Мір – вось галоўная каштоўнасць беларусаў. Мы пераканаліся па суседніх сюжэтах, што ні ў якім разе нікому не дазволім адабраць у нас мір. І у нас моцная падтрымка. Выпадкі, калі магчымы ваенныя дзеянні, Прэзідэнт агучыў. Як і тое, што мы, беларусы, не прымаем вайны. Не нападаем, не адбіраем, не гуляемся ў гульні з чужымі інтарэсамі, але ж, калі настане час абараніць сябе і сваю зямлю, дзе гаспадары мы, упэўнена, нашчадкі вялікіх пераможцаў, зробім усё магчымае.

Ганаруся, што маю магчымасць спакойна жыць у сваёй краіне. І так, я гатова плаціць за незалежнасць, гатова плаціць за абарону. І, безумоўна, праяўляць ініцыятыву, не думаць, што за мяне нехта іншы зробіць, а рухацца і развівацца. І 27 лютага, калі мы будзем вырашаць, па якім законе жыць далей, прыняць удзел у гістарычна важнай падзеі – рэферэндуме па змяненні Канстытуцыі, выкарыстаць сваю дэмакратычную магчымасць.

Пасланне Прэзідэнта важна таксама разглядаць у кантэксце дыялогавай пляцоўкі. 2,5 тысячы беларусаў сабраліся ў Палацы Рэспублікі – сустрэліся, абмеркавалі надзённае, пачутае. Гэта і ёсць адзінства, наша жаданне рабіць Беларусь лепшай, умацоўваць яе.

Асабліва кранулі шчырасць і эмацыянальнасць Кіраўніка краіны, для якога няма закрытых пытанняў.

А завяршэннем гэтага важнага дня стаў канцэрт «Мільёны сэрцаў». Аднайменная песня, што гучала ў фінале – патрыятычны гімн, напісаны Юліяй Быкавай і Яўгеніем Алейнікам, – аб’яднала мільёны нераўнадушных сэрцаў беларусаў, якія жывуць у незалежнасці і будуць гэту каштоўнасць абараняць.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.