До областного праздника хлеборобов в Ляховичах остаётся времени все меньше

Падабаецца дзецям на гульнёвай пляцоўцы каля «Гноміка».

Наўрад ці ў які іншы год ляхавічане з такім нецярпеннем чакалі першы месяц восені, як сёлета. Чаму? Менавіта ў верасні ў нашым горадзе плануецца правядзенне абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013». А пакуль мы, гараджане, як і госці Ляхавіч, адчуваем пэўныя (і гэта зразумела) выдаткі рамонтна-рэканструкцыйных работ. З усведамленнем: «Нічога, засталося яшчэ крышачку пацярпець — і будзем шпацыраваць бы па праспекце…».
Якім бы доўгім не здаваўся рамонт, аднак, змяненні да лепшага ёсць, і іх нямала. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Богнат, своечасова і якасна выканалі работы па рэканструкцыі дома № 26 па вуліцы Леніна (першы са здадзеных па праграме падрыхтоўкі да «Дажынак») работнікі СПМК-7 (г. Іванава). Паспяхова са сваёй задачай справіліся і мясцовыя камунгасаўцы — добраўпарадкавалі прыдамавую тэрыторыю, абсталявалі на ёй дзіцячую пляцоўку. Новымі фарбамі зазіхацела большасць рэканструяваных шматпавярховікаў усё па той жа вуліцы Леніна (усяго ў горадзе запланавана аднавіць 17 жылых дамоў). Блізяцца да завяршэння рамонтныя работы на дамах №№ 46 і 46-а (тэрмін — да 1 верасня). Па даручэнні старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара вядуцца рамонтныя работы на дамах №№ 6 і 3 па вуліцы Савецкай і 4 па вуліцы Чкалава. Для іх таксама ўстаноўлены крайні тэрмін — 1 верасня.

Аўтастанцыя ў «мажоры».

Як запэўніў Валерый Богнат, у хуткім часе мы ўбачым сапраўды еўрапейскі выгляд вуліцы Леніна: парковачныя месцы ўздоўж праезнай часткі, ліўневая каналізацыя. Па словах намесніка старшыні райвыканкама, на гэтым тыдні пачнецца асфальтаванне асобных участкаў вуліц.
Прыгожа пабліскваюць чырвоным, жоўтым, зялёным колерамі новенькія светлафоры, якія зусім нядаўна, у рэшце рэшт, занялі месца на скрыжаваннях і цяпер кантралююць дарожны рух. Абнавілася аўтастанцыя. Нельга не заўважыць і дзіцячую міні-пляцоўку, якую абсталявалі каля павільёна «Гномік» яго гаспадары. Побач адрэканструяваны дом № 19. Праўда, унутраныя работы яшчэ вядуцца, і яго жыхары з нецярпеннем чакаюць, калі нарэшце вернуцца ў свае кватэры.
Не ведаю, як каму, а аўтару гэтых радкоў не церпіцца зрабіць экскурсію па адноўленым кінатэатры «Кастрычнік». Канешне, рамонт (а ён павінен завяршыцца да 20 жніўня), гэта добра і неабходна. Але не менш важна, каб потым усе метры квадратныя выкарыстоўваліся па прызначэнні і на 100-працэнтную магутнасць. Гэта ж датычыцца і рамантуемых і ўжо рэканструяваных аб’ектаў райпо, напрыклад, знаёмага многім пакаленням былога будынка магазіна «Хлеб». Што тут будзе?

Рамонтныя работы на доме №3 па вул. Савецкай у самым разгары.

Раёнка на сваіх старонках узгадвала, як неахайна абышліся будаўнікі з дрэвамі ў парку каля плошчы Перамогі — пакінулі пасля сябе адмеціны з абадранай кары на большасці з застаўшыхся дрэваў. Цяпер аналагічная карціна назіраецца і ў скверы ля памятнага знака…
На жаль, некаторыя будаўнічыя арганізацыі выконваюць свае работы не зусім сумленна. На казырку 2-га пад’езда дома № 44 па вуліцы Леніна пасля рамонту засталіся рэшткі цэглы і іншага будаўнічага матэрыялу. Не менш «маляўнічая» карціна і на даху магазіна «Аліса». Сапраўдныя горы смецця і будаўнічых адходаў размясціліся і каля іншых аб’ектаў.
Хвалюе і яшчэ адно нявырашанае пытанне. А датычыцца яно нас, гараджан. Калі мы нарэшце навучымся паважаць сябе і працу іншых людзей? Няўжо так цяжка прыбраць пасля сябе і не смеціць там, дзе іншыя наводзяць чысціню і парадак. Тым больш, што на гэта ідуць значныя сродкі як з раённага, так і з абласнога бюджэту (ужо зрасходавана больш як 100 мільярдаў рублёў, яшчэ 50 мільярдаў выдаткавана на завяршэнне запланаваных работ).
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вось такі напамін пакінулі пра сябе будаўнікі на казырку пад’езда дома №44 па вул. Леніна.

One thought on “До областного праздника хлеборобов в Ляховичах остаётся времени все меньше

  • 09/08/2013 в 16:19
    Permalink

    хотелось задать вопрос,что же будет в здании бывшей галантереи и кулинарии,как видим работы там ведуться,а что именно-неизвесно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *