Не панікаваць, але не расслабляцца. Колькасць захварэлых каранавіруснай інфекцыяй расце з кожным днём. Ляхавіцкі раён не выключэнне, але сітуацыя пад кантролем

Галоўная асаблівасць чарговай каранавіруснай хвалі – штам «амікрон», які настойліва выцясняе свайго папярэдніка «дэльту». Чаго нам чакаць ад такіх змяненняў, чым праяўляецца новы штам, як працуюць ва ўмовах усплёску захворвання ўстановы аховы здароўя – у размове з загадчыкам аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі  УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Яўгеніем МУДРАГЕЛАВЫМ.

Яўгеній Андрэевіч, раскажыце пра асаблівасці новага падвіду COVID-19?
– Самая яскравае адрозненне «амікрона» ад папярэднікаў –
яго высокая заразнасць. А вось працякае новы штам не так цяжка ў адрозненне ад той жа «дэльты» і ў сваёй большасці мае лёгкія формы і праходзіць у захварэлага праз тры – пяць дзён. Вірусных пнеўманій стала менш. «Амікронныя» сімптомы падобныя да звычайных рэспіраторных інфекцый. Амаль усе кавідныя пацыенты скардзяцца на слабасць, плюс рэзкі боль у горле, тэмпература цела ў межах 37,2–37,5 градуса, можа быць нават паніжаная тэмпература, закладзены нос, насмарк, чханне, пакашліванне. Як і пры іншых штамах, прысутнічаюць галаўны боль, ламата ў целе, праблемы са страўнікава-кішачным трактам, скурныя высыпанні. Пацыенты ў асноўным лечацца амбулаторна-паліклінічна.

– Калі чалавек адзначае ў сябе вышэйпералічаныя прыкметы, які яго далейшы алгарытм дзеянняў?
– Калі ёсць магчымасць пабыць дома – скарыстайцеся ёю. Наконт лячэння. Калі тэмпература ад 38 градусаў і вышэй – прымайце парацэтамол. Важна піць як мага больш вадкасці, пажадана цёплай. Патрабуецца звычайнае сімптаматычнае лячэнне: прэпараты ад кашлю, насмарку, болю ў горле і іншае. Калі выяўляецца пнеўманія, то яна будзе лячыцца, канешне ж, па-іншаму, але лячэнне прызначае толькі ўрач. Не забывайце пра лімоны, мёд, прадукты багатыя вітамінам С, яны дапамагаюць арганізму справіцца з віруснай нагрузкай. І ні ў якім разе нельга самастойна прызначаць сабе антыбіётыкі, тым самым вы толькі падставіце свайму здароўю падножку, і арганізму цяжка будзе спраўляцца з такой высокай таксічнай нагрузкай. Калі за некалькі дзён не стала лягчэй, температура трымаецца, то звяртайцеся ў паліклініку ў чырвоную зону або выклікайце ўрача на дом.

У апошні дзень студзеня было нямала інфармацыі, напрыклад, што ў Мінску ў паліклініках былі вялікія чэргі, каб трапіць на прыём менавіта па прычыне ВРІ. Яўгеній Андрэевіч, якая сітуацыя ў Ляхавіцкай райбальніцы, і ўвогуле, як мы гатовы да суіснавання з чарговым штамам каранавіруса? Што мяняецца ў рабоце ўстаноў аховы здароўя ва ўмовах, калі колькасць захварэлых кавідам пастаянна павялічваецца?
– Нагадаю, што «амікрон» надзвычай заразны. Адпаведна, колькасць захварэлых расце вельмі- вельмі хутка. За першыя дні гэтага тыдня колькасць пацыентаў з кавід-інфекцыяй вырасла ў
тры-чатыры разы. А, напрыклад, на прыёме ў чырвонай зоне паліклінікі ў мінулы панядзелак былі  132 дарослыя і 94 дзіцяці. Плюс да ўсяго – дзясяткі выклікаў урача на дом. Зразумела, высокая патагеннасць прывядзе да павелічэння колькасці тых, каму спатрэбіцца лячэнне ў стацыянары. Таму зноў шпіталізуем пацыентаў з цяжкім цячэннем каранавіруса ў стацыянар Ляхавіцкай ЦРБ.
Медустановы Ляхавіцкага раёна падрыхтаваліся да прыходу «амікрона». Былі правераны ўсе кіслародныя сістэмы, павялічаны запасы сродкаў індывідуальнай абароны і лякарстваў. Вось на што звярну ўвагу: вакцынаваныя і рэвакцынаваныя хварэюць «амікронам» некалькі дзён і ў асноўным, як пры звычайнай рэспіраторнай інфекцыі, без пнеўманій.
Вось на чым хачу акцэнтаваць увагу. Людзі павінны клапаціцца пра ўласнае здароўе – дарэчы, гэта адно з прапанаваных дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі. Размова ідзе і пра вакцынацыю. Чалавек павінен усвядоміць, што COVID – інфекцыя, якая будзе з намі яшчэ доўга ў той ці іншай ступені. І таму дастатковая колькасць вакцынаваных людзей створыць тую праслойку, якая можа прыпыніць развіццё кавіда. Так што па-ранейшаму прышчапіцца супраць каранавіруса – найбольш дзейсны спосаб супрацьстаяць кавіду незалежна ад яго штамаў. Па стане на першае лютага, першую дозу вакцыны атрымалі 14074 жыхары раёна – 61,2 працэнта насельніцтва, другую –  10310 чалавек.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Графік работы падкарэкціраваны

У сувязі з пад’ёмам захворвання каранавіруснай інфекцыяй змяняецца рэжым работы Ляхавіцкай паліклінікі.
З панядзелка па пятніцу паліклініка працуе з 8 да 20 гадзін, у суботу і нядзелю –  з 9 да 15 гадзін прыём вядуць урач агульнай практыкі і педыятр. Таксама ў суботу і нядзелю да пацыентаў, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні, выязджае кавідная брыгада медыкаў.
Як і ў папярэднія хвалі, на базе паліклінікі дзейнічае кол-цэнтр, куды па нумарах  2-10-37, 6-39-03 і 8029-118-21-13 можна патэлефанаваць па розных пытаннях, звязаных з каранавірусам.
Пакуль спынена работа перасоўнага прышчэпачнага пункта, які дзейнічаў на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Вакцынавацца супраць каранавіруса можна ў паліклініцы, прыёмным пакоі райбальніцы, фельчарска-акушэрскіх пунктах, урачэбных амбулаторыях.