Аўтограф на шчасце

Усе мы крышачку будаўнікі. Хаця б таму, што даўным-даўно, у дзяцінстве, склалі безліч домікаў — спачатку з кубікаў, потым з пяску, потым сваё жытло. Наконт апошняга, канешне, — вобразна кажучы: будуюць для нас прафесіяналы, а мы карыстаемся, крытыкуем-рэцэнзуем і пры гэтым адчуваем бясконцае шчасце ад з’яўлення ў асабістым лексіконе такога жаданага і дарагога словазлучэння «мой дом», «мая кватэра». І ніякі трохі скошаны вугал ці шчылінка не ў стане на адчуванне шчасця кардынальна паўплываць. Да квадратных метраў радасці, да паверхаў спраўджаных жыццесцвярджальных перамен- наваселляў, да абноўленых вуліц і сучасных мікрараёнаў у прамым сэнсе прыкладаюць свае рукі прафесіяналы-будаўнікі самых розных спецыяльнасцяў. Уразіць агульная акалічнасць, аднолькавая для ўсіх, незалежна ад статусу населенага пункта — сталіца, буйны горад, райцэнтр (наш не выключэнне), аграгарадок — усе яны пачынаюцца з новабудоўляў. І свята па раскладзе ў дачыненні да тэмы — гэта калі наваселле ў прызначаны тэрмін, без спазненняў, без пераносаў на потым: адклад, як вядома, не ідзе ў лад.
Мы ўсе ўдзячныя будаўнікам за іх прафесійныя аўтографы на шчасце — за новае ці адрамантаванае жыллё, офісы, вытворчыя памяшканні: што добра, тое добра. Бывае папракаем, незадаволеныя: чакалі лепшай якасці, своечасовасці… І першае, і другое — старонкі аднаго сюжэта — будаўнічага. Людзі самай мірнай прафесіі на зямлі закладваюць фундаменты, узводзяць сцены, накрываюць дахі, тынкуюць, фарбуюць, абклейваюць шпалерамі. Мы, спажыўцы, натуральна, марым пра тое, што называецца высокай якасцю будаўнічых паслуг. Самыя строгія і, канешне, справядлівыя патрабаванні да галіны прад’яўляе дзяржава. Будуемся, абнаўляемся, вырашаем праблемы, адзначаем перамены да лепшага. Справа дзяржаўнай важнасці — будаўніцтва.
Застыўшай музыкай назваў архітэктуру нямецкі тэарэтык мастацтва Шэлінг. Музыка бывае рознай: геніяльнай і бясталентнай, гучнай, рэжучай слых і задушэўнай, любімай і той, якую больш не хочаш чуць. Архітэктурна-будаўнічы кантэкст першы раскажа прыезджым пра гаспадароў. Сённяшні ляхавіцкі — пра нас з вамі. «Будаўнічая пляцоўка: дажыначны ракурс» — пад гэтай газетнай рубрыкай «ЛВ» вядзе рэпартаж з адрасоў, якія сталі аб’ектамі абнаўлення. У іх гучанні тэма аптымістычная, але, што адмаўляць, не толькі суцэльная гармонія. Маштабы для райцэнтра грандыёзныя, час абмежаваны, выканаўцы — прафесіяналы, але ступень прафесіяналізму і адказнасць не ва ўсіх аднолькавыя. Затое з кожным днём карціна вымалёўваецца ўсё больш дакладна, і мы ўжо хоць прыблізна ўяўляем, якія яны стануць, нашы Ляхавічы вераснёўскія. Веру, што ўсплёск маладосці і прыгажосці будзе вельмі пасаваць гораду на 521-ым годзе ад ягонага нараджэння, што тыя вялікія і важкія сродкі, якія выдаткавала дзяржава на гэта, акупяцца камфортам нашага быцця і, канешне, цудоўным настроем і гонарам за сваю маленькую радзіму.
Выканаўцы метамарфоз — будаўнікі. І заўтра іх прафесійнае свята. Так хочацца і ў гэты дзень, і заўсёды, каб людзі былі ім ўдзячныя, каб было менш падстаў для папрокаў і нараканняў, каб яны атрымлівалі вартую зарплату за вартую справу рук сваіх (правільней, не атрымлівалі, а зараблялі).
У раённым будаўніцтве ёсць выдатныя, стаўшыя хрэстаматыйнымі, прыклады таго, як трэба працаваць і чаго можна дасягнуць. Звязаны яны з імёнамі Уладзіміра Саладухі, Васілія Мазаля, Валянціны Пабягайла, Міхаіла Шэйды і многіх іншых асаў-будаўнікоў. Як жа годна гучала ў свой час: брыгада Лентнера, брыгада Хмарука… Сёння мы называем Аляксандра Бігеля і яго каманду са «Свету будаўніцтва і рамонту», дзе выпрацоўка на аднаго будаўніка ўдвая большая, чым у іншых арганізацыях. І гэта выдатны прыклад.
Калі архітэктура — застыўшая музыка, то будаўніцтва гучыць шматінструментальным аркестрам. Няхай жа гучанне будзе гарманічным. Прафесіяналы з многіх куточкаў Брэстчыны сёння шчыруюць на нашых рыштаваннях. Са святам, шаноўныя! Няхай вашы аўтографы будуць на радасць людзям!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *