Жыццё беларуса ў дзяржаўным клопаце. Ляхавічане абмяркоўваюць Пасланне Прэзідэнта

Наша дзяржава яскрава дэманструе: у якіх бы ўмовах мы ні знаходзіліся – знешнепалітычнага ціску ці напружанай унутранай абстаноўкі, складанай эпідсітуацыі – галоўная каштоўнасць, якая ахоўваецца дзяржавай, – жыццё чалавека. Сацыяльная арыентаванасць стала неад’емнай часткай сістэмы дзяржаўнага ўладкавання. На гэтым таксама быў зроблены акцэнт у Пасланні Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Мне пашчасціла ў гэтыя часы быць у Палацы Рэспублікі і адчуваць эмацыянальнасць, шчырасць і важкасць Прэзідэнцкага Паслання.
Наша каштоўнасць – гістарычная памяць. Сёння, калі калектыўны Захад імкнецца перапісаць гісторыю, мы гэтага ніколі не дапусцім. Нашы патрыятычныя арыенціры выхоўваюцца з дзяцінства: акцябраты – піянеры – члены БРСМ –  гэта духоўная сувязь неразрыўная.
У полі зроку нашых актывістаў – героі Вялікай Айчыннай вайны, кожны помнік, што захоўвае тую жудасную гісторыю.
У раёне сёння больш за 700 акцябрат, больш за 1200 піянераў. Пашырае рады і БРСМ. У раённай арганізацыі каля тысячы членаў, створаны 43 пярвічкі. Традыцыяй, якая нагадвае пра свяшчэннасць канстытуцынага абавязку, застаецца святкаванне Дня прызыўніка. Як старшыня раённай прызыўной камісіі, адзначу, што для юнакоў гэта асабліва важны і хвалюючы дзень. Уручэнне павестак у такой святочнай атмасферы – пацвярджэнне важнасці і неабходнасці ваеннай службы. Летась больш за 70 юнакоў папоўнілі вайсковыя рады беларускай арміі.
Справядлівасць – яшчэ адзін важны аспект сацыяльнага дабрабыту. Сёння краіна не толькі гарантуе раўнамернае размеркаванне сацыяльных даброт, але, галоўнае, свае дзяржаўныя абяцанні выконвае. Кожны этап жыцця, пагадзіцеся, складаецца з сітуацый, якія патрабуюць падтрымкі. Пры нараджэнні мама атрымлівае розныя выплаты, мае магчымасць да трох гадоў выхоўваць малыша і пры гэтым атрымліваць дзяржаўную дапамогу. Не кожная еўрапейская краіна можа сабе гэта дазволіць. Сямейны капітал, які з 2015 года ў раёне назначаны 397 сем’ям, успрымаецца як належнае. Нагадаем пра льготнае крэдытаванне маладым сем’ям і маладым спецыялістам і г. д. Можна працягваць доўга.
Увага тым, каму так важна адчуваць клопат. Сёння ў раёне працуе Ганчароўскі дом сумеснага пражывання для пажылых грамадзян і інвалідаў, дзе пражываюць 17 чалавек. Такая форма сацыяльнага клопату сябе зарэкамендавала, і цяпер мы рыхтуем адкрыццё падобнай установы ў Тальмінавічах.
А гэта яшчэ і новыя працоўныя месцы, аднаўленне будынка – значны плюс да «сацыялкі» ў аграгарадку. Пенсійнае забеспячэнне – таксама важны момант. На 1 студзеня гэтага года на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама налічвалася 7708 атрымальнікаў пенсій. За мінулы год было выплачана пенсій на суму больш за 43 з паловай мільёнаў рублёў.
Ахова здароўя. Увесь свет ахоплены каранавіруснай інфекцыяй: мы пайшлі па ўласным шляху і не прагадалі. Сёння больш за 60 працэнтаў насельніцтва раёна зрабіла антыкавідную прышчэпку. І работы у гэтым накірунку мы не спыняем. Здаецца, людзі ў белых халатах увогуле забыліся, што такое спакой і вольны час. Працуюць дзеля нашага дабрабыту, сёння і ў выхадны дзень можна звярнуцца на прыём. Зразумелы і апраўданы клопат і падтрымка тых,
хто ў гэты складаны час на перадавой. Многія спецыялісты, што сёння працуюць у ЦРБ, забяспечаны арэндным жыллём. У мінулым годзе 12 арэндных кватэр засялілі медыкі, працуе ў райбальніцы інтэрнат для маладых спецыялістаў.
Увогуле сёння маладыя спецыялісты, якія размяркоўваюцца ў раён, не застаюцца са сваім жыллёвым пытаннем адзін на адзін. Наш аграрны каледж забяспечвае кадрамі не толькі раён і вобласць, яго выпускнікі працуюць у розных кутках Беларусі. Але важна адзначыць, што 80 працэнтаў выпускнікоў трапляюць у прадпрыемствы Брэстчыны, і можна гаварыць пра традыцыю – з году ў год расце колькасць рабят, якія папаўняюць кадры сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Прэзідэнт адзначыў, што ад моладзі сёння чакаюць цвёрдасці, дзёрзкасці і самааддачы ў імя агульнага дабрабыту: «Мы стварылі дзяржаву, утрымалі яе, прымножылі атрыманую спадчыну. Місія маладых – захаваць яе і надаць краіне імпульс».
Моладзі важна адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні: магчымасць атрымаць адукацыю, працаўладкавацца, стварыць сям’ю. І мы не на словах, а на справе дэманструем, што ўсе інстытуты дзяржавы на гэта працуюць. На жаль, не кожны гэта цэніць. Таму сапраўды важна не чакаць, што адразу табе ў рукі ўсё прыйдзе само сабой. Галоўнае, быць ініцыятыўным, працаваць, развівацца –
і вынік не прымусіць сябе чакаць.
Бясплатныя адукацыя, медыцына, сямейная падтрымка – працуй, стварай і жыві шчасліва.
Якасці адукацыйнага працэсу ва ўсе часы – увага першачарговая. 30 устаноў адукацыі, у тым ліку 12 дашкольных і тры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, ствараюць адукацыйную сетку раёна. На ўтрыманне ўстаноў адукацыі і правядзенне мерапрыемстваў адукацыйнага характару прадугледжаны мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў у суме 20152 тысячы рублёў. Плюс зарплата работнікаў устаноў адукацыі – таксама важкая сума. Арганізацыя школьнага харчавання – заўсёды сярод прыярытэтаў. Ільготным харчаваннем забяспечана 70 працэнтаў навучэнцаў: у тым ліку тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сельскія жыхары, хто выхоўваецца ў шматдзетных і малазабяспечаных сем’ях і іншыя. Расходы на забеспячэнне харчаваннем навучэнцаў і выхаванцаў устаноў адукацыі на гэты год прадугледжаны ў памеры 912 тысяч рублёў.
Планаў у нас многа. І мы іх не проста будуем, а рэалізоўваем. Стараемся, каб нашы дзеці і далей бачылі неба мірным. Каб жылі ў квітнеючай краіне. Наша задача – зберагчы наказ патрыётаў і выхаваць годнае пакаленне, якое зберажэ краіну, якія б выклікі часу нас не чакалі.
Гісторыя кожнага беларуса, які бязмерна любіць сваю радзіму, складаецца ў агульную гісторыю нашай незалежнай дзяржавы. Нам ёсць, што страчваць, а значыць, ёсць за што змагацца. І мы сваё нікому не аддадзім. І гэта ўжо не раз прадэманстравалі. А ў Год гістарычнай памяці гэта абяцанне гучыць як ніколі гучна!
Святлана ЮРЛЕВІЧ,
намеснік старшыні райвыканкама.