Каталіцкія вернікі Ляхавіччыны змаглі дакрануцца да святыні

Амаль у кожным каталіцкім храме Беларусі можна ўбачыць статую Святой Тэрэзы ці ікону з выявай маладой манахіні, якая трымае ў руках букет руж і крыж. Святая гаварыла, што калі памрэ, будзе сыпаць пялёсткі руж з неба…
У розныя гады ў 75 краінах свету (у тым ліку Аўстраліі, ЗША, Бразіліі, Іраку, Ліване, Філіпінах, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Літве і інш.) праходзілі перагрынацыі (падарожжы) рэлікварыя Святой Тэрэзы Дзіцяці Ісуса (мошчы пастаянна знаходзяцца ў манастыры кармелітаў у Ліз’ё).
Сёлета 76-й краінай стала Беларусь. Рэлікварый з часткамі мошчаў Святой Тэрэзы прыбыў у Беларусь 1 чэрвеня ў Мінскі архікафедральны сабор Прасвятой Дзевы Марыі і прабудзе ў Беларусі да 28 жніўня.
Важным і значным для каталіцкіх вернікаў Ляхавіччыны стаў дзень 7 жніўня, калі ўсе жадаючыя змаглі дакрануцца да святыні — мошчаў Святой Тэрэзы, папрасіць у яе дапамогі і заступніцтва. У сераду вечарам рэлікварый быў дастаўлены ў касцёл Найсвяцейшага сэрца Ісуса, у гэты ж дзень яго прывозілі ў Мядзведзіцкі і Дараўскі касцёлы. Прыхаджане сустракалі святыню ўзрушана, многія ішлі ў касцёл сем’ямі. Святая меса, малітвы за сябе, сваіх родных і блізкіх… Кожны жадаючы мог прыняць удзел у начной малітве, якая праводзілася перад рэлікварыем.
«Я зразумела, што любоў заключае ў сабе ўсе прызванні, абдымае ўсе часы і прасторы… адным словам, яна — вечная», — такі шлях да Бога адкрыла Тэрэза людзям ХХ стагоддзя. У наш час гэты прызыў да светлай і бескарыслівай любві па-ранейшаму знаходзіць водгук як у каталікоў, так і сярод вернікаў іншых канфесій. Трэба было бачыць, з якім даверам і шанаваннем людзі падыходзілі да святых мошчаў, шчыра маліліся і прасілі дапамогі, здароўя, сілы. Прапускаючы праз сэрца словы, сказаныя маленькай Святой (так яе называюць), «маё прызванне — любоў», разумееш, што шлях да Бога — гэта быць тым, кім ты ёсць, і проста верыць, любіць блізкіх, родных, сваю Радзіму, як Святая Тэрэза.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *