У суботу было лыжна. На стадыёне «Колас» за перамогу спаборнічалі ляхавіцкія лыжнікі і біятланісты

БОЛЬШ ТУТ

На гарадскім стадыёне «Колас» за перамогу спаборнічалі ляхавіцкія лыжнікі і біятланісты. Такім чынам землякі падтрымлівалі беларускую алімпійскую зборную

Па ўсёй краіне праходзяць акцыі ў падтрымку беларускіх алімпійцаў. Да іх па праве можна аднесці і традыцыйнае для нашага раёна свята «Ляхавіцкая лыжня», што ў мінулую суботу прайшло на гарадскім стадыёне «Колас». Ляхавічане паспелі выхапіць у надвор’я снежную трасу і не вельмі вялікі мінус. За каманднае першынство на зімовых стартах змагаліся 11 зборных. Удзельнікі «Ляхавіцкай лыжні» спаборнічалі ў асабістым першынстве, выступалі сем’ямі, змагаліся за калектыўную перамогу. Каманды балельшчыкаў азартна і актыўна падтрымлівалі свае дружыны.

Напал узрастаў з кожнай хвілінай, з кожным стартам, незалежна ад таго, хто быў на лыжні, – мужчыны, жанчыны, дзеці. Кожны хацеў паказаць максімальны вынік і ўнесці балы ў агульную скарбонку. Лыжныя гонкі, біятлон і россып эстафет – такімі былі дысцыпліны спаборніцтваў.
– Малайцы ўсе! Стараліся максімальна хутка праехаць дыстанцыю і максімальна трапна страляць. У кожнага ўдзельніка жадання перамагчы, энтузіязму, энергіі, натхнення было шмат. Некаторыя прыйшлі са сваім інвентаром, а многія скарысталіся выдатнай магчымасцю ўзяць яго непасрэдна на стадыёне, інвентар напракат выдаваўся бясплатна. Лічу, што мерапрыемства ўдалося. Дзякуй кіраўніцтву арганізацый, якія прадставілі каманды сваіх калектываў. Дарэчы, вынікі спаборніцтваў уваходзяць у пратакол круглагадовай спартакіяды працоўных калектываў, – адзначае інструктар-метадыст Ляхавіцкага фізкультурна-спартыўнага клуба Марына Бусько. Менавіта ФСК выступіў арганізатарам спаборніцтваў.


У біятлонным камандным першынстве на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару заехала спартыўная дружына ААТ «Жарабковічы», на другую – аддзела па адукацыі. Замкнула тройку прызёраў зборная медыкаў з Ляхавіцкай ЦРБ. Лепшыя лыжнікі працуюць у цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, сярэбраным аказаўся фініш для спартсменаў-аматараў з лясгаса, бронзавым – для работнікаў кансервавага завода.


Самай-самай лыжнай стала сям’я Гатоўчыцаў, на другім месцы сям’я Млынец, трэцяя – Марцінкевічы.
У асабістым заліку сярод прадстаўніц прыгожай паловы самы хуткі лыжны ход паказала Марына Савасцянік, якая выступала за цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, сярэбраныя медалі ў Вольгі Масяйковай з Ляхавіцкага лясгаса, бронза ў Алы Лушкевіч з аддзела па адукацыі. У мужчын роўных не было Яўгенію Коктышу
(ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт»), сярод прызёраў – Віктар Гатоўчыц (РАНС), Кірыл Лук’янчык  (ААТ «Жарабковічы»).
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі, прызамі ад арганізатараў спаборніцтваў, а сямейныя каманды – ад райкама БРСМ.
Самай дружнай, інтэрактыўнай, гучнай прызнана каманда балельшчыкаў «Эпіцэнтр» (цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый). Але і астатнія дружыны балельшчыкаў не засталіся без заахвочванняў.
Акрамя стартаў, можна было паўдзельнічаць у розных забавах, якія былі прадстаўлены на пляцоўцы «Зімовая казка».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.