Адна з дзвюх мусульманскіх суполак Брэстчыны — ляхавіцкая

Ганна Байрашэўская, Раман і Алена Байрашэўскія, Роза Міскевіч жывуць на вуліцы Цітовіча (у мінулым Татарскай).

Рашыд БАЙРАШЭЎСКІ, старшыня мусульманскай суполкі раёна: Ясінь за ўсіх людзей.

Вы калі-небудзь чулі, як пяюць небу ясінь землякі-татары? Пранікнёна, аддана, ад душы. Я адчуваю гэта сэрцам. Глядзеў на бацькоў сваіх, якія былі глыбока веруючымі людзьмі, прытрымліваліся татарскіх абрадаў і традыцый, імкнуўся зразумець, адкуль яны чэрпаюць сілу ў сваёй веры. І зразумеў: напэўна, на генетычным узроўні ў кожнага чалавека закладваецца цяга да свайго спрадвечнага, да тых вытокаў, якія прывялі цябе на гэтую зямлю. Яны жылі з богам у душы і вучылі нас, дзяцей сваіх, быць сумленнымі, тварыць дабро і любіць зямлю, на якой выраслі…
Некалі мястэчка Ляхавічы стала блаславёным месцам пад сонцам для прадстаўнікоў майго народу — татараў тут жыло шмат. У горадзе была нават вуліца Татарская (цяпер Цітовіча). Праз дом, а то і часцей жылі татарскія сем’і, была тут і мячэць. Сюды ішлі маліцца татары, а пасля шчыра працавалі. І цяпер старажылы памятаюць кушняроў, шаўцоў і краўцоў, якія апраналі людзей у кажухі, абувалі, з любоўю працавалі на зямлі, наогул, не цураліся ніякай работы. У згодзе жылі з суседзямі і ніколі нават не задумваліся над тым, хто яны — беларусы, рускія, украінцы, яўрэі… Мы гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу адзін аднаму.
На нашай вуліцы заўсёды было свята. Спачатку прыходзіў Вялікдзень у права-слаўных вернікаў, каталікоў, якія абавязкова частавалі фарбаванымі яйкамі і здобнымі пірагамі. Памятаю, як наступалі нашы святы Ураза-Байрам і Курбан-Байрам, і пасля ночы магутнасці ў месяцы рамадан усе збіраліся пасля захаду сонца на разгавенне пасля посту. Да гэтага свята гатавалі калдуны, пірагі з яблыкамі, мясам, розныя саладосці, якімі частавалі суседзяў, знаёмых і незнаёмых — так рабіць заклікае адна з мусульманскіх запаведзяў. Але мне заўсёды здавалася, так было таму, што мы жылі адной вялікай сям’ёй, не зважаючы ўвагі на нацыянальнасць ці веравызнанне суседа. Разам працавалі, разам святкавалі. І Радзіму ў грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны абаранялі поплеч. Усёй вуліцай чакалі вестачак з фронту, чыталі іх, перачытвалі, радаваліся і засмучаліся, гаравалі над «пахавальнымі», з радасцю сустракалі тых, хто вярнуўся… Сёння ўжо ўнукі і праўнукі нашы шануюць памяць пра ветэранаў Кубу Байрашэўскага, Барыса Багдановіча, Іосіфа Міскевіча і іншых земякоў, татараў па нацыянальнасці. З павагай гавораць пра такіх людзей, як Роза Міскевіч, Ганна Байрашэўская, Раман і Алена Байрашэўскія, Фарук Байрашэўскі і іншых. Успамінаюць Энвера Мурзіча, Еву і Якава Мурзічаў, Леаніда Фясько і многіх іншых, каго сёння ўжо няма.

Рашыд і Фарук Байрашэўскія.

Пасляваеннае жыццё было аднолькава складаным для ўсіх. Але гэта ўжо шчаслівыя гады маёй маладосці. Мы выбіралі прафесіі, вучыліся, працавалі, стваралі сем’і. Дарэчы, жаніліся і выходзілі замуж па каханні, і нацыянальнасць тут была ні пры чым. Асабіста я ўзяў шлюб з беларускай дзяўчынай Настассяй, з якой і крочым па жыцці. Разам з тым, многія ствараюць татарскія сем’і, імкнуцца захоўваць абрады свайго народа ці хоць некаторыя традыцыі. Наогул жа, у кожнай татарскай сям’і, што пражывае на Ляхавіччыне, абавязкова ёсць сямейныя рэліквіі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне: святыя кнігі — кітабы, малітоўнік імама — хамаіл, мугіры (накшталт іконы, толькі замест святых абразоў — вытрымкі з Карана).
Каб не сцерліся з памяці пакаленняў абрады, звычаі, традыцыі, яны падтрымліваюцца і членамі ляхавіцкай мусульманскай суполкі. Сёння, між іншым, — адной з дзвюх, што зарэгістраваны на Брэстчыне.
У асноўным у яе ўваходзяць людзі пажылога ўзросту, якія стараюцца захаваць элементы татарскай культуры, перадаць іх моладзі, якая цікавіцца гісторыяй сваіх продкаў. Паколькі мячэці няма, мы з жонкай расчынілі дзверы свайго дома для ўсіх жадаючых мусульман у «маладзіковую пятніцу» (першая пятніца кожнага месяца) паслухаць фаціху, памаліцца. Каран часта чытаюць Якаў Мурзіч, Рашыд Байрашэўскі, якія добра ведаюць культуру Усходу, вывучаюць і шануюць яе традыцыі. Частым госцем бывае імам з Мінска, які чытае суры па-арабску. Прымалі і муфція Духоўнага праўлення мусульман у Беларусі Алі Варановіча. А на сустрэчы ў райвыканкаме гаварылі пра ролю суполкі ў захаванні татарскай культуры на Ляхавіччыне. Госці заўсёды атрымліваюць ад нашых стасункаў найлепшыя ўражанні, бо гэта сустрэчы з цудоўнымі людзьмі. Хто не ведае ў Ляхавічах таленавітага музыканта Якава Мурзіча, які дзясяткі гадоў са сцэны дарыў людзям радасць, Розу Міскевіч і Асю Мурзіч, якія жыццё прысвяцілі медыцыне, трэнера спартшколы Рашыда Байрашэўскага і многіх іншых землякоў, татараў па нацыянальнасці.
Наш зямляк Адам Мурзіч — заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, працуе мастацкім кіраўніком у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
А тыя, чые імёны і не надта гучныя, — сціплыя, сумленныя людзі, шчырыя працаўнікі, гаспадары, бацькі дзяцей, якія выраслі, вывучыліся і разляцеліся па свеце. Сёння, у наш імклівы час, на жаль, усё менш маіх землякоў звяртаецца да сваіх вытокаў. Як і ўсе, маладыя татары вучацца, працуюць, адзначаюць агульныя святы — жывуць агульнымі інтарэсамі.
І ўсё ж хочацца дакрануцца да сваёй гісторыі, да спадчыны, што данеслі продкі да нашых дзён з глыбіні стагоддзяў. Дзень, у які маладыя бяруць шлюб — нікях — святкуецца весела, гэтак жа, як і дзень імянарачэння дзіцяці — азан — часам з некаторымі абрадамі, якія з’яўляюцца тоненькай нітачкай, што нябачна звязвае маіх землякоў.
Татары моляцца 5 разоў на дзень. У малітвах сваіх яны просяць міру, шчасця, здароўя, міласці і адпушчэння грахоў. Ясінь (адна з сур) яны пяюць не толькі за сябе — за ўсіх людзей, што жывуць на Зямлі.
Запісала Аліна ЛАПІЧ.

4 thoughts on “Адна з дзвюх мусульманскіх суполак Брэстчыны — ляхавіцкая

  • 09/08/2013 в 23:19
    Permalink

    Я рада видеть на фото своих соседей, милых моему сердцу. Я выросла на этой улице среди этих добрых, порядочных людей. Они учили нас только хорошему и я благодарна им за это.Дай бог им здоровья. Спасибо большое. Как будто побывала на Татарской улице.

  • 10/08/2013 в 12:16
    Permalink

    Нашыя татары — самыя лепшыя! Cапраўды файныя i iнтэлiгентныя людзi! (На здымку — мае суседзi).

  • 13/08/2013 в 09:30
    Permalink

    Наконец-то наша газета обратила внимание, что в Ляховичах есть представители такой веры. Раньше на них не обращали внимание. Спасибо газете ,что напечатали этот материал.

  • 13/08/2013 в 16:48
    Permalink

    Мы рады, что Вам понравился материал. Газета постоянно публикует статьи подобной тематики.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *