Званок для 110-гадовай юбіляркі

15 мая святочна ўбраная зала Жарабковіцкага СДК урачыста вітала шматлікіх гасцей не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Людзей розных узростаў і прафесій аб’ядноўвала адно вялікае і значнае свята — юбілей роднай школы. Ды які! Жарабковіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе імя Міхаіла Мінкевіча ў маі 2010 года споўнілася 110 гадоў.
Больш за стагоддзе разумнаму, добраму і вечнаму вучылі настаўнікі вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяжка пералічыць, колькі пакаленняў мясцовых рабят атрымалі ў гэтай навучальнай установе пуцёўку ў дарослае жыццё. Будучыя навукоўцы і медыкі, спецыялісты сельскай гаспадаркі і інжынеры, мастакі і музыканты, настаўнікі і работнікі гандлю спасцігалі розныя прадметы, выхоўваліся, сябравалі, займаліся спортам.
У зале не было дзе яблыку ўпасці: настаўнікі, цяперашнія вучні і іх бацькі, выпускнікі розных гадоў сабраліся разам, у дзень школьнага юбілею. Са словамі віншавання да прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч, старшыня СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько, прадпрымальнік Зінаіда Буевіч.
Лепшыя работнікі школы розных часоў былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, пісьмамі падзякі аддзела адукацыі і падарункамі. Госці пазнаёміліся з багатай і цікавай гісторыяй гэтай навучальнай установы, даведаліся пра многіх яе выпускнікоў. Запомнілася і спадабалася канцэртная праграма, падрыхтаваная для імянінніцы.
Ад імя настаўніцкага калектыву словы падзякі ў адрас усіх, чыё жыццё звязана з роднай школай, прагучалі ад цяперашняга дырэктара Жарабковіцкай САШ Святланы Гаўрылені.
Зоя БАКУНОВІЧ, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *