Хімічная формула ўраджайнасці. У Ляхавіцкім раёне яна цяпер будзе фарміравацца ў цесным партнёрстве з новым прадпрыемствам – КУП «Ляхавіцкі аграхімсэрвіс»

Апошні зімовы і самы кароткі месяц не размяняў яшчэ і палову свайго тэрміну. А ў полі ўжо рух. Пакуль – далёка не інтэнсіўны і толькі на некаторых палетках ці іх асобных участках. Але факт – сельскагаспадарчыя работы пакрыху «прабіваюць» сабе дарогу. Напрыклад, ужо ў мінулы аўторак адно з палёў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», якое размешчана ледзь ці не на беразе вадасховішча Мінічы, выглядала адметна на фоне іншых. А разгадка простая – вапнаванне.

Механізатар КУП «Ляхавіцкі аграхімсэрвіс»  Дзмітрый Маляр.

З гісторыі хіміі
Некаторыя з землякоў памятаюць арганізацыю пад назвай «Ляхавіцкая сельгасхімія». У назве і сутнасць: за арганізацыяй было замацавана права і абавязак на ажыццяўленне бадай усіх клопатаў, так ці інакш звязаных з хімізацыяй сельгасвытворчасці раёна. Выконвалі функцыю прыёмкі мінеральных удабрэнняў, вялі іх назапашванне і пераразмеркаванне па гаспадарках. Валодалі магутным паркам аўтатрактарнай і спецыяльнай тэхнікі, што дазваляла выконваць поўны шлейф аперацый па ўнясенні тукаў, сродкаў аховы раслін і рознага роду прэпаратаў-рэгулятараў у глебу. Паслугамі арганізацыі карысталіся вельмі многія сельгасвы-
творцы Ляхавіччыны.
Пасля рэарганізацыі частку функцый і задач былой сельгасхіміі ўзяў на сябе Ляхавіцкі райаграсэрвіс – сіламі адной са сваіх спецыяльна адаптаваных вытворчых структур пад назвай база хімічных паставак. А з параўнальна нядаўнім «пераездам» Ляхавіцкага райаграсэрвіса ў Бярозу, на базе былой базы хімпаставак і як альтэрнатыва ёй было створана КУП «Ляхавіцкі аграхімсэрвіс».

Дырэктар прадпрыемства Анатолій Ксёнжык і загадчык склада Анатолій Расоха.

Не прайшло і  паўгода
З моманту заступлення на працоўную вахту новай вытворчай структуры не прайшло пакуль і паўгода. Адыміце «дзяжурныя» працэдуры: афармленне-пераафармленне, прыняцце на баланс, укамплектаванне-даўкамплектаванне і іншыя абавязковыя тэхніка-арганізацыйныя дробязі. Якія, тым не менш, патрабуюць увагі і ашчаднага падыходу, забіраюць нямала часу.
– Паступова наладжваем работу. Прымаем і адпускаем сельгасарганізацыям тавар. Нядаўна выйшлі ў поле – праводзім так званае вапнаванне ці, па-іншаму, унясенне ў глебу даламітавай мукі. Апошнім часам атрымліваецца ўносіць да 30 тон гэтага мінерала ў дзень. Але ўсё залежыць ад пляча дастаўкі – адлегласці ад базы да сельскагаспадарчага палетка. Чым яна меншая, тым больш. У гэтым годзе паслугамі арганізацыі ўжо скарысталіся ААТ «Шлях новы», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».
Хацелася б, канешне, выйсці на большую прадукцыйнасць – гэта нашы паслугі і нашы заробкі. Але патрэбна тэхніка, –
гаворыць дырэктар прадпрыемства Анатолій Ксёнжык.
Рабочай, у спраўным (і гэта ключавое слова) стане тэхнікі ў аграхімсэрвіса пакуль што па мінімуму: пагрузчык
«Амкадор», трактар ды прычапная да яго машына па ўнясенні цвёрдых мінеральных удабрэнняў «РУМ-7000». У адрозненне ад пагрузчыка і трактара, прынятых у «пасаг» ад папярэдніка, раскідвальнік удабрэнняў з’яўляецца ўжо ўласным набыткам. Для чаго была выкарыстана лізінгавая схема, ажыццяўляюцца штомесячныя плацяжы.
– Пік сезона яшчэ далёка не наступіў, а з прыходам сельскагаспадарчай вясны работы істотна актывізуюцца. Каб паспець за імі, выйсці на стабільны заработак, нашаму прадпрыемству неабходна тэхнічна даўзброіцца. Займець яшчэ адзін і пажадана больш магутны, чым МТЗ-82, трактар, РУМ пад яго і грузавы аўтамабіль. Тая тэхніка, якая перайшла прадпрыемству ад былога райаграсэрвіса, старая, знаходзіцца ў «стомленым» стане – няспраўная. Рэанімаваць яе будзе вельмі няпроста і зусім нятанна. Але спрабуем, робім усё магчымае, спадзяёмся, – тлумачыць сітуацыйны расклад дырэктар.
На сёння штат работнікаў КУП «Ляхавіцкі аграхімсэрвіс» не дацягвае нават да дзясятка чалавек. Некаторым з іх, як, напрыклад, загадчыку склада Анатолію Расоху, даводзіцца працаваць за траіх. Работу на складзе былы воін-афганец сумяшчае з пасадамі механіка і інжынера па ахове працы. А трактарыст Дзмітрый Маляр – не толькі трактарыст. Калі трэба, а трэба заўсёды, ён і з кіраваннем пагрузчыка справіцца на выдатна. Адным словам, сам гатовы ажыццявіць пагрузку тавару, даставіць па назначэнні, унесці тую ж, напрыклад, даламітавую муку ў глебу. Чым, уласна кажучы, і займаецца ў гэтыя па-сапраўднаму і, галоўнае, па надвор’і перадвясеннія дні.
Але ж вядома, што люты вясны не гарантуе. Надзвычай розны, капрызлівы месяц: сёння яркае сонца і плюс пяць на тэрмометры. А што заўтра?

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.