«Следапыты» працягваюць пошук. У архіве музея СШ № 2 шмат каштоўных матэрыялаў, артэфактаў і напрацовак

Кожны новы экспанат у калекцыі музея баявой і працоўнай славы СШ № 2 – сапраўдная падзея. З такой пачаўся тут і Год гістарычнай памяці. Настаўніца тэхнічнай працы Алена Клімовіч перадала ў музей стальны шлем узору 1939 года. У экспазіцыі ўжо маюцца падобныя галаўныя ўборы ўзору 1940 года і два нямецкіх шлемы ўзору 1935 года.

Пошукава-даследчы атрад «Следапыты» і група ваенна-патрыятычнай накіраванасці вывучылі гісторыю гэтага элемента салдацкага абмундзіравання, этапы яго змянення-ўдасканалення з 1930 па 1960 гады. У выніку атрымаўся цікавы і пазнавальны матэрыял для правядзення музейных заняткаў. Дарэчы, тэматычныя экскурсіі праводзяць дзесяцікласнікі Кірыл Вайціцкі, Аляксандр Ліхач, Ілья Пляшко і Яўгеній Сяргей.
Акрамя іншага, рабяты працуюць над важнай задачай – устанавіць уладальніка асабістых рэчаў, якія былі знойдзены на месцы пахавання невядомага салдата каля вёскі Мазуркі. У 2019 годзе прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый раёна перадалі іх у школьны музей. Па лыжцы, ключы, сцізорыку і кулі вызначыць іх гаспадара немагчыма. Але маецца невялікая зачэпка: у паглыбленні лыжкі надрапаны вялікія літары О.П.Е і пачатак прозвішча – «Онищ/ш». Каб знайсці сляды, адпраўляем запыты ў розныя арганізацыі, на жаль, пакуль безвынікова. За дапамогай звярталіся ў 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Рабяты не губляюць надзеі: імя невядомага героя, асабліва ў Год гістарычнай памяці, павінна быць адноўлена!


Падчас даследчай работы атрымліваецца не толькі сабраць вельмі цікавую інфармацыю, але і атрымаць своеасаблівы майстар-клас ад прафесіяналаў. Начальнік 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Аляксандр Дударонак падзяліўся з рабятамі – членамі атрада «Следапыты» і групай ваенна-патрыятычнай накіраванасці – карыснымі парадамі, як правільна чытаць медальёны часоў Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзяць ваеннаслужачыя. А яшчэ пераслаў у музей фотаздымкі тых медальёнаў, якія былі знойдзены падчас пошукавых работ на Ляхавіччыне.
У архіве музея СШ № 2 шмат каштоўных матэрыялаў, артэфактаў і напрацовак. Сярод іх і перапіска з роднымі салдатаў, якія некалі ваявалі на тэрыторыі Ляхавіччыны, загінулі тут. Маюцца і ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ўсё – дарагая памяць, гісторыя, якую пакаленне сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак павінна ведаць і шанаваць, а яшчэ ўсведамляць, што мір – вялікая каштоўнасць, якую трэба ўмець зберагчы.

Віталій ТОЛКАЧ, настаўнік гісторыі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2.