Ляхавіцкія старонкі афганскага альбома. 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Сёлета спаўняецца 33 гады вываду савецкіх войскаў з Афганістана.  Можна доўга разважаць, ці патрэбна была СССР тая вайна  (25 снежня 1979 года першыя салдаты Савецкай Арміі накіраваліся несці далёка не мірную воінскую службу ў Афганістан),  ці апраўданы ўвод кантынгенту савецкіх войскаў у краіну, дзе ва ўсю грымела грамадзянская вайна, хто адкажа за тысячы загінулых савецкіх салдатаў…

Генадзій Лойка, Пётр Бурбіцкі, Анатолій Пабягайла (у цэнтры) на сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў.


У Афганістане з 1979 па 1989 гады праходзілі службу каля 30 тысяч беларусаў. Больш за 750 чалавек не вярнуліся дадому, у гэтым трагічным спісе і трое жыхароў Ляхавіцкага раёна. Гісторыю не вернеш назад і не перапішаш. Абавязак сённяшніх пакаленняў –шанаваць памяць пра тых, чый лёс назаўжды апалены полымем афганскай вайны.
У Год гістарычнай памяці, аб’яўлены ў Беларусі сёлета, «ЛВ» прапануе сваім чытачам перагарнуць старонкі афганскага альбома нашых землякоў – моцных сілай і духам, стрыманых у пачуццях і вельмі сціплых, нешматслоўных, адказных і надзейных, чыя біяграфія звязана з выкананнем інтэрнацыянальнага абавязку. Ляхавіцкае афганскае братэрства сёння – гэта 53 чалавекі.

У 2016 годзе ў Ляхавічах па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане пры падтрымцы райвыканкама і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь быў устаноўлены памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам. На перакрыжаванні вуліц Леніна і Юбілейнай на пастаменце ўзвышаецца самая сапраўдная, зараз «у запасе» баявая машына дэсанта БМД-1.
І колькі глыбокага сэнсу, успамінаў, смутку і болю ў кароткім лаканічным надпісе «Урок мужнасці ад воінаў-інтэрнацыяналістаў: памятаць вечна». Гэты помнік – напамін пра ўраджэнцаў Ляхавіччыны, якія ў свой час выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у гарачых кропках, 76 з іх – у Афганістане. Многія з іх прысутнічалі на адкрыцці помніка. З таго часу стаў добрай традыцыяй штогод 15 лютага збор тут былых аднапалчан. Прыходзяць ускласці кветкі, схіліць галовы, памаўчаць пра агульнае сваё, успомніць тых, каго ўжо няма побач.
19-гадовы выпускнік Ляхавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума Генадзій Лойка атрымаў прызыўную павестку на службу ў армію ў красавіку 1984 года. А праз паўгода ў складзе батальёна па рамонце стралковага ўзбраення ўжо дыслацыраваўся на чужой, у прамым сэнсе, гарачай зямлі ў правінцыі Баграм.
Як неаднойчы ўзгадвае сённяшні старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Генадзій Лойка, самае страшнае было – бачыць, як гінуць таварышы, сябры, якія яшчэ нядаўна былі побач, падтрымлівалі, дапамагалі, з якімі разам марылі пра будучыню, абавязкова шчаслівую. А самае доўгачаканае, што надавала сілы і веру ў лепшае – пісьмы з дому, ад родных і блізкіх.
Снежань 1986 года стаў кропкай адліку новай старонкі біяграфіі дваццацігадовага Анатолія Пабягайлы. З гэтага  часу пачалася яго ваенная служба далёка ад дому – у Афганістане. І нібы цэлае жыццё ўсяго ў некалькіх радках успамінаў – расказ пра два гады выканання інтэрнацыянальнага абавязку:
– Ахоўвалі нашу мяжу, абаранялі свае пазіцыі ад набегаў душманаў. За два гады ў Афганістане было ўсякае. Напрыканцы сакавіка 1987 года мяне паранілі, медыкі налічылі восем асколкаў, тры так і не дасталі. Пасля шпіталя зноў ваяваў.
Цяпер Анатолій Рыгоравіч працуе жывёлаводам у ААТ «Шлях новы». Многія яго аднавяскоўцы, калегі нават і не здагадваюцца, што за мужнасць і гераізм іх сціплы сусед узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. 
Жыхар вёскі Ліпск Беларускай ССР Пётр Бурбіцкі, як і тысячы іншых юнакоў з розных рэспублік Савецкага Саюза, выконваў свой воінскі абавязак і застаўся верным прысязе.
– Я воін Узброеных Сіл,  даваў прысягу. Таму, куды Радзіманакіравала, туды і  пайшоў служыць – у Афганістан. Значыць, так было неабходна. Загады ў арміі  не абмяркоўваюцца, – сцвярджае Пётр Пятровіч.
Між іншым, у розных гарачых кропках Афганістана ваявалі яшчэ чацвёра аднакласнікаў Пятра, выпускнікоў Ліпскай СШ 1981 года. І праз больш чым тры дзесяцігоддзі гулкае афганскае рэха час ад часу нагадвае пра тыя страшныя падзеі, і ў снах нашага земляка ўсплываюць імгненні далёкіх баёў, твары загінулых аднапалчан…
Пётр Бурбіцкі жыве ў Ляхавічах, працуе ў лясгасе. Дарэчы,
у розных падраздзяленнях  Ляхавіцкага лясгаса працуюць былыя воіны-інтэрнацыяналісты Міхаіл Дыдышка, Валерый Собаль, Віктар Мажэйка.
І сёлета па даўняй традыцыі 15 лютага плануецца збор сяброў-аднапалчан. Каб падзяліцца ўспамінамі, пагаварыць і абавязкова прыгадаць тых, каго няма ў жывых, але хто назаўсёды застаўся ва ўспамінах, расказах, фотаздымках.

Падрыхтавала  Галіна КАНЬКО.