Образование Ляховичского района готовится к учебному году

Цэнтральны ўваход у СШ № 2.

На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі горада да новага 2013/2014 навучальнага года з абласнога і раённага бюджэтаў выдаткавана больш як 9 мільярдаў рублёў.

Рабяты яшчэ з задавальненнем адпачываюць, а дарослыя ва ўсю заняты экіпіроўкай дзяцей да школы. Не менш напружаны час у настаўнікаў і тэхнічнага персаналу — у разгары падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да навучальнага года.
Як заўсёды, дзяржава не пакідае школы сам-насам з рамонтам. І калі ў мінулыя гады найбольш значныя фінансавыя ўліванні ішлі ў сельскія школы і дзіцячыя сады (рэалізоўвалася праграма адраджэння вёскі, будаваліся аграгарадкі), то сёлета асноўныя сродкі выдаткаваны, у тым ліку і ў сувязі з правядзеннем абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013», на гарадскія ўстановы адукацыі. Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леаніда Калбасы, на рамонтныя і рэканструкцыйныя работы з абласнога і раённага бюджэтаў выдзелена сёлета больш як 9 мільярдаў рублёў. 3,2 мільярда пайшлі на замену даху, рамонт часткі фасада, замену вадасцёкаў, іншыя неадкладныя работы ў СШ №1. Гатова і праектна-каштарысная дакументацыя на замену вокнаў і рэканструкцыю спартыўнай пляцоўкі каля школы. І, канешне ж, у далейшым будуць выкананы неабходныя ўнутраныя работы.
З новага навучальнага года зусім іншы — стыльны і сучасны — выгляд набудзе і СШ №2. Значна прыгажэйшым стаў школьны дворык. Рэканструкцыя дазволіла немалыя плошчы адвесці пад школьны музей (які некалькі дзесяцігоддзяў назад меў надзвычай багатую экспазіцыю). Часткова будуць заменены вокны, выкананы ўнутраныя работы. Усё вышэйпералічанае каштуе каля 3 мільярдаў бюджэтных рублёў.
З асаблівым задавальненнем Леанід Калбаса адзначае той факт, што сёлета шмат зроблена і ў гарадскіх дашкольных установах адукацыі для ўтульнасці і камфорту маленькіх ляхавічан. Тэрыторыя ўсіх без выключэння дзіцячых садкоў з густам аформленая, з вясны да восені тут шмат кветак, дзіцячыя пляцоўкі добраўпарадкаваныя і бяспечныя. Стараюцца работнікі ўстаноў, бацькі садкоўцаў і, канешне, дзяржаўны клопат самы важны. Сёлета заасфальтаваны дарожкі ў дзіцячым садзе №2 (такое абнаўленне ў хуткім часе чакае і садкі №№ 3 і 4). А дзякуючы спонсарскай дапамозе прыватнага прадпрыемства «Валажынскі і К», літаральна днямі тэрыторыю ўпрыгожаць малыя архітэктурныя формы.
«У дзіцячым садзе №1 заменены вокны і дзверы, зазіхацеў новымі вокнамі і садок № 2. Нарэшце, зроблены капітальны рамонт харчаблока садка № 3. Новы дах з’явіўся на будынках дашкольных устаноў № № 2 і 3», — расказвае начальнік аддзела.
Яшчэ ў мінулым навучальным годзе ў садку № 4 узнікла неабходнасць адкрыцця дадатковай групы. Сваю ролю ў гэтым адыграла і пашырэнне жылога мікрараёна па вуліцы Інтэрнацыянальнай: пераважная большасць навасельцаў — маладыя сем’і. Дзіцячы сад прыме ў верасні замест 62 маленькіх выхаванцаў 80 — памяшканне для новай групы падрыхтавана.
Нягледзячы на тое, што асноўныя затраты маюць гарадскія адрасы, не засталіся без дзяржпадтрымкі ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года і сельскія ўстановы адукацыі. Так, аддзелам адукацыі выдаткавана 546 мільёнаў рублёў на закупку фарбы і іншага неабходнага для бягучага рамонту. На 134 мільёны рублёў набыта абсталяванне для сталовак. Як расказаў Леанід Калбаса, у Жарабковіцкім дзіцячым садзе, Свяціцкай СШ, Дараўскім і Малагарадзішчанскім ДС-СШ заменены вокны (на ўсё пайшло 500 мільёнаў рублёў). Менавіта старыя вокны эксперты палічылі асноўнай прычынай таго, што ў час ацяпляльнага сезона ў будынку было холадна. Унікальны кабінет фізікі ў гэтым навучальным годзе падораны гімназістам, які набыты на сродкі рэспубліканскага бюджэту. Адзіны такога кшталту ў раёне, ён аснашчаны, як гаворыцца, па апошнім слове тэхнікі. Тут усё новае і сучаснае: лабаранцкая з усімі неабходнымі прыстасаваннямі і прыборамі для даследаванняў, парты, камп’ютары і іншае.
Як расказаў Леанід Калбаса, у выніку праводзімай аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі сёлета спынілі сваю дзейнасць Сваятыцкая базавая школа, Тухавіцкі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесіянальнай арыентацыі і Каранеўшчынскі дзіцячы сад. Кіраўнік аддзела адукацыі падкрэсліў, што ўсім педагагічным работнікам прапаноўваюцца варыянты працаўладкавання адпаведна кваліфікацыі. А дашкольнікі і школьнікі пераведзены ў бліжэйшыя навучальныя ўстановы: са Сваятыцкай БШ — у Навасёлкаўскую СШ, з Каранеўшчынскага дзіцячага садка — ва Ураджайнінскі.
Яшчэ адна навіна: аблвыканкам прыняў рашэнне аб выдзяленні аўтобусаў, якія адпавядаюць дзяржстандарту, для дастаўкі школьнікаў да месца вучобы і назад, дадому для 5 раёнаў, у тым ліку і Ляхавіцкага. Дарэчы, нашаму раёну выдзелілі 2 аўтобусы.
Леанід Калбаса нагадаў пра недахоп настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю. Аднак і тут выхад знойдзены: 3 настаўнікі пройдуць двухгадовую перакваліфікацыю і вернуцца ў школы фізікамі і матэматыкамі. Наогул жа, у раёне працуюць 120 настаўнікаў пенсійнага ўзросту, якія прадаўжаюць сеяць разумнае, добрае, вечнае.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *