Кватэра як элемент атмасферы спрыяльнасці. Пра сход жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Сёлета раённае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» адбудзецца ў аграгарадку Навасёлкі. Але гэта падзея аддаленая, прыкладна жнівеньска-вераснёўскага будучага. Сёння – пра сход жыхароў аднайменнага сельсавета па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Адбыўся ён каля тыдня назад у навасёлкаўскім мультыфункцыянальным комплексе. Пад адным дахам тут суседнічаюць, эфектыўна працуюць і, здаецца, нядрэнна дапаўняюць адзін аднаго сельскі Дом культуры, бібліятэка, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з гульнявой залай, урачэбная амбулаторыя.

Інфраструктура  абнаўляецца
Неабходна сказаць, што ажыятажным мерапрыемствам сход
не стаў. На сустрэчу з кіраўніцтвам раённай выканаўчай улады на чале са старшынёй Мікалаем Марозам і прадстаўнічай, якую нядаўна  ўзначаліў Юрый Чаранкевіч, прыйшло прыкладна тры дзясяткі мясцовых: людзі хварэюць, а тыя, што не, трымаюць сацыяльную дыстанцыю, імкнуцца мінімізаваць свае выхады ў свет. Праца, крама, работа па дамашняй гаспадарцы, калі такая маецца. І, нярэдка, усё.
А, між тым, малым сельсавет ніяк не назавеш. Як адзначыў у справаздачы аб сацыяльна-эканамічным развіцці тэрыторыі старшыня мясцовага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка, у 19 населеных пунктах сельсавета пражывае  2073 чалавекі. На тэрыторыі размешчаны сельскагаспадарчае ААТ «Шлях новы» і чатыры фермерскія гаспадаркі. Адукацыя прадстаўлена Насёлкаўскай сярэдняй школай і адным дзіцячым садам, медыцына – ужо згаданай урачэбнай амбулаторыяй і двума фельчарска-акушэрскімі пунктамі. На ніве культуры працуюць Дом рамёстваў і два СДК, прадстаўнікі аднаго з якіх у асобе народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» творча, з бадзёрым запалам выступілі ў якасці першаадкрывальнікаў сходу.
У мінулым годзе па сельсавеце нямала зроблена ў плане добраўпарадкавання. Як жыхарамі вёсак і аграгарадка,
так і спецыялізаванымі арганізацыямі і прадпрыемствамі.
– Так сіламі Ляхавіцкага ДРБУ-200 праведзены работы па асфальтаванні дарогі Навасёлкі – Дарава. Адсыпаны гравійна-пясчанай сумессю завулак Садовы ў вёсцы Пранчакі і часткова вуліца Цяністая ў Навасёлках, – азначыў старшыня сельвыканкама. Яшчэ выконвалася прафіляванне дарог і вуліц з гравійным пакрыццём, праведзены ямачныя рамонты дарог Флер’янова – Карані і Ляхавічы – Навасёлкі, бягучы – вуліцы Школьнай у аграгарадку. У гэтым годзе такой жа катэгорыі рамонт плануецца правесці на Маладзёжнай і Спартыўнай вуліцах.
З мэтай паляпшэння спажывецкай якасці вады ў вёсках Ураджайнай і Каранеўшчыне ўжо сёлета будуць пабудаваны дзве станцыі абязжалезвання.
Максімальная бесперабойнасць і, ключавое ў адносінах да некаторых населеных пунктаў слова, «роўнасць» падачы электрычнай энергіі насельніцтву сельсавета дасягаецца, у першую чаргу, работай Ляхавіцкага раёна электрасетак. Толькі за апошнія некалькі гадоў сіламі РЭС выкананы капітальны рамонт падстанцый і ліній перадачы току ў вёсках Каранеўшчыне, Гарбачы, Кавалі, часткова – Вялікай Лотве. А ўжо у бягучым годзе спецыялісты РЭС з’явяцца ў Адахаўшчыне. Прыйдуць мэтава, з задачай рэканструяваць тамашнюю  ЛЭП.

Міргаючае  святло
Не ў прыклад іншым такога ж фармату сходам, якія адбыліся, у Навасёлках тэма дарог-вуліц прагучала амаль беспраблемна. Хіба толькі ў справаздачы старшыні сельвыканкама:
– Выклікаюць нараканні ў насельніцтва дарога ад вёскі Флер’янова да вёскі Карані і вуліца Южакова ў гэтай жа вёсцы.
У астатнім – пазітыў і словы падзякі ў адрас улады і дарожнікаў. Асаблівы рэспект мясцовых за новы асфальт ад Навасёлак да Дарава. Ён быў пакладзены ў два этапы, па дзвюх адрозных тэхналогіях і каштаваў бюджэту немалых грошай.
– Будзем глядзець цяпер, якая з іх пакажа сябе з лепшага боку ва ўмовах эксплуатацыі, – адзначыў падчас сходу начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.
Склалася ўражанне, што самым хвалюючым праблемным пытаннем для жыхароў некаторых населеных пунктаў сельсавета з’яўляецца міргаючае святло.
– Такое здараецца. Вёска Флер’янова, у прыватнасці, з’яўляецца праблемнай кропкай. Але – займаемся, – патлумачыў сітуацыю са святлом начальнік Ляхавіцкага РЭС Віктар Станкевіч.
Як закрыць лісток непрацаздольнасці ў выпадку, калі мясцовая ўрачэбная амбулаторыя на некаторы час засталася без урача? Як і ці магчыма наогул перавесці прыватны дом на сістэму электраацяплення?
Такія ж і рэдкія іншыя не крытычнага характару пытанні гучалі з залы. У гэтым сэнсе навасёлкаўскі сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння аказаўся дастаткова сціплым, што можна трактаваць як своеасаблівы камплімент у адрас тых, ад каго залежыць вырашэнне гэтых самых мясцовых пытанняў.

Камплімент за работу
Словы падзякі за сваю работу атрымалі ў той вечар многія. Медыкі ўвогуле (і маладыя мясцовыя медыкі ў тым ліку), інструктар-метадыст Навасёлкаўскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Раман Станчык. Ён з мясцовых: вучыўся ў аграгарадской школе, вывучыўся прафесіі і пасля тэрміновай службы вярнуўся да родных каранёў, падымае фізічную падрыхтоўку землякоў, працуе на прафілактыку іх здароўя. Дырэктар базавага  тэрытарыяльнага прадпрыемства  ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш таксама чалавек свой. Вярнуўся, узначаліў гаспадарку ў ці не самы складаны для яе момант. За кароткі, каля паўгода, перыяд  гаспадарка заўважна змяніла  свой твар і імідж. За гэты час больш як на мільён рублёў зменшыліся яе даўгавыя абавязкі, сталі вяртацца людзі, якія ў розны час у пошуках лепшага пакінулі «Шлях новы».
– Важна, што кіраўнік з разуменнем адносіцца да людзей, імкнецца ім насустрач у вырашэнні вытворчых і не толькі пытанняў. І хоць заработную плату па гаспадарцы высокай пакуль не назавеш, чалавечнасць, разуменне работнікаў – важныя для кіраўніка характарыстыкі, прагучала з залы.

Кватэра ці атмасфера?
Адно з выступленняў з залы тычылася пытання магчымасці прадастаўлення жылля маладым спецыялістам – медыкам, педагогам, аграрыям, якія прыходзяць на работу ва ўстановы, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, і вымушаны пражываць на здымных квадратах. Па меркаванні старшыні райвыканкама Мікалая Мароза, жыллё з’яўляецца адной з базавых патрэбнасцяў чалавека. Але, калі гутарка заходзіць пра кватэру ці дом як спосаб затрымаць на месцы патрэбнага спецыяліста, такое правіла працуе далёка не заўсёды. Маўляў, адной толькі кватэрай выніку не дасягнуць. Неабходна ствараць атмасферу спрыяльнасці, вытворчай і агульнай добразычлівасці. Заработная плата павінна быць
дастойнай. Культура рабочых адносін абавязана прысутнічаць, павага, далікатнасць узаемаадносін.
– Стварайце атмасферу, – канстатаваў старшыня райвыканкама.

Пытанні не мясцовага значэння
Як было ўжо сказана, раённыя «Дажынкі-2022» вырашана правесці ў Навасёлках. Да таго часу – другая палова жніўня – пачатак верасня – у аграгарадку будзе, як прагучала, падцягнута многае ў плане інфраструктуры. Напрыклад, асобныя з вуліц аграгарадка. Але і самім жыхарам не выпадае быць простымі назіральнікамі. Падрамантаваць-падфарбаваць агароджы, прыбрацца, навесці парадак на сваіх падворках – звычайныя клопаты гаспадароў перад сустрэчай гасцей.
І пра галоўную падзею, як мінімум, года. Дата 27 лютага ў многім вызначальная. Рэферэндум па прыняцці дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю, па сутнасці, з’яўляецца рэферэндумам аб будучым краіны – і цяперашнім, і заўтрашнім. У такім пытанні абыякавых быць не павінна.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.