Імя класіка ў сэрцы адгукнецца. 17 лютага спаўняецца 75 гадоў, як Ляхавіцкая бібліятэка была ўдастоена гонару насіць імя аднаго з класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы

Купалаўка!
Ты – наш духоўны храм.
Нібы іконы, свецяць фаліянты
Дарадцаў, лекараў душ нашых –
Мудрых кніг, збіральнікаў каштоўных дыямантаў –
Шчымлівых апісанняў спавядальных,
Прароцтваў і адкрыццяў геніяльных,
Жыццёва неабходных для ўсіх.

Гэта радкі з верша нашай паэткі-зямлячкі Веры Дыдышка, і прысвяціла яна іх Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сёлета 17 лютага спаўняецца 75 гадоў, як любімая многімі пакаленнямі мясцовых чытачоў бібліятэка была ўдастоена гонару насіць імя аднаго з класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы.

Дарагая сэрцу, заўжды гасцінная і такая ўтульная, наша купалаўка. У гэтым перакананы многія з тых, хто хоць аднойчы пабываў тут у якасці чытача, паўдзельнічаў у культурна-асветніцкіх мерапрыемствах, якія пастаянна праводзяцца ў бібліятэцы.
– Вуліца Гагарына, 11 – гэты гарадскі адрас вось ужо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў добра знаёмы ляхавічанам. Сюды, у аптэку для душы, штодня спяшаюцца землякі на сустрэчу са сваім верным сябрам і дарадчыкам, невычарпальнай крыніцай мудрасці, ведаў і адкрыццяў – яе вялікасцю кнігай. Гэта месца, дзе адначасова сустракаюцца мінулае і сённяшні дзень, і нават можна зазірнуць у будучыню, дзе адбываецца мноства цікавых, няхай і віртуальных, знаёмстваў. Тут кожны можа знайсці самае неабходнае для сваёй душы, тое, што блізка сэрцу, настрою. Сюды на спатканне з творчасцю і мастацтвам спяшаюцца прадстаўнікі розных пакаленняў. Творы айчынных, замежных класікаў і сучасных паэтаў, пісьменнікаў, публіцыстаў, кнігі, даведнікі, энцыклапедыі, падручнікі і зусім рэдкія выданні, часопісы і газеты – такі асартымент прапаноў ад купалаўкі. Сёння цэнтральная бібліятэка можа прапанаваць сваім чытачам кніжны фонд, у якім можна знайсці больш за 270 тысяч экзэмпляраў выданняў, больш за сотню назваў газет і часопісаў.
Акрамя таго, супрацоўнікі купалаўкі – выдатныя краязнаўцы, не толькі самі вывучаюць багатую гісторыю Ляхавіччыны, але і дзеляцца сваімі каштоўнымі здабыткамі – невядомымі раней фактамі, падзеямі, імёнамі – з землякамі. Прычым, актыўна для гэтых мэт выкарыстоўваюцца інтэрнэт-рэсурсы. У біб-ліятэцы стала традыцыяй афармленне выстаў да ўсіх знамянальных і памятных дат.
Немагчыма падлічыць, колькі наведвальнікаў прыняла бібліятэка за час свайго існавання. Афіцыйна днём нараджэння Ляхавіцкай бібліятэчнай сістэмы лічыцца 3 студзеня 1945 года. А праз два гады кніжнаму храму ў нашым райцэнтры прысвоілі імя народнага паэта Беларусі  Янкі Купалы.
І яшчэ адна важкая акалічнасць, нават своеасаблівая візітоўка ляхавіцкай купалаўкі – тут працавалі калісьці і цяпер шчыруюць творчыя, улюбёныя ў кнігу людзі. Яны былі і застаюцца праваднікамі ў свет ведаў, стараюцца разнастаіць формы работы з наведвальнікамі бібліятэк, зрабіць сустрэчы з чытачамі розных узростаў захапляльнымі, змястоўнымі, каб чалавек хацеў зноў і зноў прыходзіць у купалаўку. І не дзіўна, што пры такім падыходзе ляхавіцкім бібліятэкарам удаецца захаваць інтарэс землякоў і да бібліятэкі, і да яе каштоўнага скарба – кніг.
Галіна КАНЬКО.