Гісторыя паўтараецца… Дзе на Ляхавіччыне лепш размясціць скульптуру «Мір»?

Мода вяртаецца, цыклічнасць гісторыі пацверджана часам і падзеямі. Адноўленыя скульптуры зубра, мядзведзяў, лася, што раней размяшчаліся ў Савейках, сёння ўпрыгожваюць наш райцэнтр. Хутка Ляхавічы чакаюць яшчэ адну архітэктурную абноўку.

Не адно пакаленне ляхавічан памятае скульптуру «Мір» – прыгожая жанчына з дзіцем і галубамі, што стаяла ў цэнтры горада. Яна нагадвала пра самую галоўную каштоўнасць чалавецтва: жыць у міры і згодзе.

У 90-х скульптура, напоўненая шчырасцю пачуццяў і пранікнёнасцю, трапіла ў сельгастэхніку і «ўпрыгожыла»
мясцовую «сацыялку», а пасля пераехала ў Савейкі.
Час не шкадуе гістарычныя каштоўнасці, так і з нашым «Мірам». Ад задумкі засталося нямнога – скульптура  разбуралася.
Сёння яна знаходзіцца на рэстаўрацыі – над аднаўленнем працуюць камунальнікі. У хуткім часе «Мір» ізноў будзе радаваць жыхароў і гасцей нашага ўтульнага горада. І цяпер ужо на сучасныя смартфоны будуць зроблены падобныя здымкі. Згадзіцеся, цікавы гістарычны паварот.

Толькі вось пытанне: дзе лепш размясціць скульптуру «Мір»?
Прапаноўвайце, ляхавічане! Райвыканкам разгледзіць усе варыянты, што вы агучыце ў сацсетках раённай газеты.

Рыта Красавіцкая.