Мы едзем, едзем, едзем! Запрашаем пакуль у завочны тур па гістарычных, краязнаўчых, культурных мясцінах Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў

Жадаеце правесці выхадныя дні захапляльна, змястоўна, незабыўна, з мноствам эмоцый і безліччу ўражанняў? А яшчэ – удосталь налюбавацца прыгожымі краявідамі і дзіўнымі мясцінамі? Прычым, усё гэта хараство недзе там, далёка ад гарадской мітусні… Зацікавіліся? Жадаеце адправіцца ў такое падарожжа? Запрашаем пакуль у завочны тур па гістарычных, краязнаўчых, культурных мясцінах Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў.

– У мінулым годзе на міжрэгіянальным савеце па турызме з удзелам прадстаўнікоў Ляхавіцкага, Баранавіцкага райвыканкамаў, Баранавіцкага гарвыканкама разглядалася пытанне аб стварэнні двухдзённага турыстычнага маршруту па памятных мясцінах рэгіёна. Акцэнт быў зроблены менавіта на тур выхаднога дня, бо такі від адпачынку з кожным годам набірае ўсё большую папулярнасць і запатрабаваны як сямейны, бо ўключае аб’екты, цікавыя дарослым і дзецям.
Прыемная навіна не прымусіла сябе чакаць – маршрут працягласцю 105 кіламетраў пракладзены. Пройдзе ён праз храмы розных канфесій, старажытныя сядзібы, музеі, будзе магчымасць зазірнуць нават у зааландшафтны парк жывёл. Распрацаваны спецыяльны турыстычны буклет «Тур выхаднога дня «Мама, тата, я – турысцкая сям’я» ў выглядзе ўтульнага аўтамабіля. У буклеце – кароткая інфармацыя пра аб’екты, адрасы месцаў размяшчэння і пражывання, кропак грамадскага харчавання. Для жадаючых асвоіць  такі маршрут ёсць абавязковая ўмова – наяўнасць аўтамабіля, – расказвае галоўны спецыяліст Ляхавіцкага райвыканкама Таццяна Шчука, адна з распрацоўшчыкаў тура выхаднога дня.
Запрашаем зазірнуць на некаторыя прапанаваныя турыстычныя прыпынкі. Першы – поўны яшчэ неразгаданых тайнаў і ў той жа час сучасны аб’ект, дзе поўным ходам ідзе рэканструкцыя – комплекс былой сядзібы Рэйтанаў у вёсцы Грушаўцы. А вось і наш хоць не вялікі, але такі чысты, прыгожы райцэнтр – горад Ляхавічы з багатай гісторыяй. Прыязджаем у колішні цэнтр культуры –
Флер’янова. Менавіта ў сядзібе Бохвіцаў напрыканцы ХІХ–ХХ стагоддзяў збіралася культурнае грамадства. Усё гэта толькі частка цікавых мясцін на Ляхавіччыне.
І вось турыстаў сустракаюць не менш гасцінныя Баранавічы і Баранавіцкі раён. Баранавічы – адзін з самых буйных гарадоў Брэстчыны, сучасны і стыльны.
Нямала ў горадзе месцаў, дзе можна ў камфортных умовах спыніцца на начоўку. Бадай самае запатрабава-
нае – гасцініца «Гарызонт», нямала прыхільнікаў і ў трохзоркавага атэля «Марыінскі».
Канешне, пабываць у Баранавічах і не пакаштаваць знакамітую «лодачку» – своеасаблівы гурманны сімвал горада – проста немагчыма. Ёсць у Баранавічах унікальныя музеі – чыгункі (пад адкрытым небам выстаўлена больш за сотню адзінак чыгуначнага транспарту) і Бібліі (тут захоўваюцца экзэмпляры Святога Пісання з Грэцыі, Кітая, Іспаніі, Біблія для сляпых).
У Баранавіцкім раёне – не менш астраўкоў, дзе турыст любога ўзросту знойдзе нешта цікавае для сябе. Звычайная капліца, каталіцкі касцёл, праваслаўная царква, камандорыя старэйшага ў свеце рыцарскага ордэна – у розныя часы такой была царква Святога Аляксандра Неўскага ў аграгарадку Сталовічы. Завоссе – маленькая вёсачка, але на літаратурнай карце Беларусі займае важнае месца, тут нарадзіўся і вырас паэт Адам Міцкевіч. Захапляльнай канчатковай кропкай аўтамабільнага рэйса стане зааландшафт-
ны парк жывёл «Дыпрыз», дзе на тэрыторыі 200 гектараў раскватараваліся самыя разнастайныя птушкі і жывёлы.
У кожнага, хто пабываў тут, засталіся незабыўныя эмоцыі.
Маршрут і сапраўды разнапланавы і цікавы. Каб упэўніцца, што гэта не проста словы, варта сабрацца сям’ёй і праехацца па знаёмых з буклета адрасах.
Дарэчы, як паведаміла Таццяна Шчука, маршрут-навінка ў хуткім часе будзе шырока разрэкламаваны і прэзентаваны на міжнароднай выставе турыстычных паслуг «Адпачынак-2022», прадстаўлены ў інтэрнэце на сайтах  гаррайвыканкамаў, турфірмаў рэгіёна.
Збіраемся, каб разам адкрываць самыя цікавыя славутасці, адпачываць у лепшых мясцінах, адкрываць для сябе новыя камфортныя маршруты. Дакладна,вам спадабаецца!
Галіна КАНЬКО.