“Вяршкі” прыватнай малочнай жывёлагадоўлі раёна…

Няпроста пазбавіцца ад штампаў, зашмальцаваных у частым ужытку выразаў. Вельмі трывала, часам, той ці іншы з іх укараняецца ў падсвядомасці. У разважанні на тэму малакавытворчасці, паставак-закупак гэтага прадукту так і просіцца банальнае «малочныя рэкі». Тым больш, што і аналогію можна правесці. Як і любая іншая, малочная рака таксама мае два берагі. Буйнатаварная прамысловая вытворчасць — адзін з іх, дзяржаўныя закупкі малака з прыватных падворкаў — другі. Аднак, зусім не другасны, нягледзячы на тое, што яго вышыня — аб’ёмы — разоў у 15 больш сціплая. Прыкладна такая прапарцыянальная залежнасць паміж колькасцю малака, якое прадаюць на перапрацоўку сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны і насельніцтва раёна. Нямала, калі ўлічыць, што ў першым выпадку размова ідзе пра магутную тэхнічна і тэхналагічна адладжаную фабрыку, у другім жа селяніну часта даводзіцца быць адзін на адзін са сваёй буронкай і сваімі ж праблемамі, звязанымі з магчымасцямі яе выпасу, корманарыхтоўкі на стойлавы перыяд, максімальнай спрыяльнасці малаказакупак і іншае. Чаго, па жорсткім меркаванні старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука, не павінна быць у прынцыпе.
Як адзначалася падчас падвядзення вынікаў раённага агляду-конкурсу па закупу малака ў насельніцтва ў 2009 годзе, чалавек, які трымае карову і (ці) вядзе іншую падсобную гаспадарку, пры гэтым яшчэ і знаходзіць магчымасць прадаваць дзяржаве — нам з вамі. Інакш кажучы — за вынікі сваёй нялёгкай, «звышнарматыўнай» працы павінен адчуваць рэальную — не на словах — падтрымку. З боку кіраўніцтва адпаведных служб і раёна ў цэлым, старшынь сельсаветаў і сельгас-прадпрыемстваў на месцах. Усе яны, а таксама і, зразумела, «вяршкі» прыватнай малочнай жывёлагадоўлі Ляхавіччыны знахо-дзіліся на той момант у зале.
У першай зоне пераможцамі сярод сельсаветаў з прысуджэннем, адпаведна, першага і другога месцаў сталі Жарабковіцкі, дзе гадавыя закупкі склалі 1284,9 тоны малака, і Падлескі — 787,6 тоны — сельсаветы. У разліку на адну карову лепшай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкай зоны стаў Конькаўскі сельсавет, дзе закуплена 4,1 тоны малака на кожную «сярэднюю» буронку.
Сярод сельгасарганізацый уладальнікам першага месца стаў СВК «Жарабковічы» — 1611,8 тоны, другім прызёрам — СВК «Шлях новы» з закупам роўным 639,8 тоны малака. У намінацыі з разліку на адну карову першынство ў СВК «Дарава» — 4,43 тоны малака.
Пераможцам і ўладальнікам першай прэміі сярод малаказборшчыкаў стала Валянціна Глобаж з СВК «Жарабковічы». Яе гадавы паказчык — 510 тон закупленага ў насельніцтва малака. У Таццяны Махнач з СВК «Шлях новы» — 363 тоны закупленага малака і другое месца. 4,43 тоны малака ў разліку на адну карову закупіў Вячаслаў Мацуль з СВК «Дарава» — першае, а Аляксей Мураў’ёў з «Жарабковіч» — 4,23 тоны — другое месцы.
У конкурсе малака-здатчыкаў першае, другое і трэцяе месцы за прадстаўнікамі «Жарабковіч»: Аленай Махнач — 20,9 тоны, Генадзіем Туціным — 19,3 і Ларысай Новік — 17,1 тоны, адпаведна.
Сярод прадстаўнікоў другой зоны спіс лаўрэатаў агляду-конкурсу склаўся наступным чынам. На першым месцы Крывошынскі сельсавет, дзе закуплена 733,3 тоны малака, на другім — Востраўскі — 429,8 тоны малака. У пераразліку на карову з паказчыкам 2,93 тоны першае месца дасталося Альхоўскаму сельсавету.
Лепшай сельгасарганізацыяй зоны — 750,2 закупленыя тоны — названы СВК «Ліпнянка», другі прызёр — СВК «Востраў-Агра» (429,8 тоны малака). У пераразліку на адну карову першынство ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс» — 3,06 тоны малака іх паказчык.
Людміла Сасімчык з ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс», якая закупіла 360,7 тоны малака, прызнана лепшым малаказборшчыкам, а ў Святланы Гапановіч з «Ліпнянкі» (закуплена 323 тоны) — другі вынік. У пераразліку на карову лепшымі малаказборшчыкамі сталі Галіна Канапацкая з «Тальмінавіч» і Васілій Лешык з «Ляхавіцкага райаграсервісу»— 3,54 і 3,05 тоны закупленага малака, адпаведна.
Першае, другое і трэцяе месцы сярод малаказдатчыкаў другой зоны ў Канстанціна Дзянішчыка з СВК «Востраў-Агра», Таццяны Мішкевіч — ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс» і Віктара Шпака з «Тальмінавіч» (15,2, 12,1 і 11,3 тоны малака адпаведна).
Прэміі ў памеры 10; 8; 6 базавых велічынь кожнаму, у залежнасці ад месца на подыуме, выдаткавала СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», кіраўнік якога Вячаслаў Жукоўскі і выканаў прыемную для абодвух бакоў працэдуру ўзнагароджання.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *