Супрацьстаянне прадаўжаецца. Ляхавіцкая паліклініка працуе па графіку сямідзёнкі

Каранавірус з яго ўсё новымі штамамі па-ранейшаму трымае нас у напружанні. І колькі ўсё гэта будзе прадаўжацца, не бярэцца прагназаваць ніхто.
Тым часам, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння COVID-19 у свеце перавысіла 410 мільёнаў. Дамінуе штам «амікрон». Тычыцца гэта і Беларусі, дзе сутачны прырост захварэлых кавідам набліжаецца да дзевяці тысяч чалавек. І ў Ляхавіцкім раёне з кожным днём колькасць землякоў, якія падхапілі каранавірус, узрастае. Намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў прывёў наступныя лічбы: калі 2 лютага каранавірус выяўлены ў 135 жыхароў раёна, якія амбулаторна звярнуліся за медыцынскай дапамогай, праз дзень – ужо ў 208, а 14 лютага – у 256 чалавек.
Двое выхадных запар Ляхавіцкая паліклініка працуе па графіку сямідзёнкі. Па словах Міхаіла Куляшова, у суботу 12 лютага ў чырвоную зону на ўрачэбны прыём звярнуліся 60 дарослых і 42 дзі-цяці, а ў нядзелю 13 лютага – 53 і 17 адпаведна. Акрамя таго, кантактныя кавід-брыгады (усяго ў ЦРБ іх дзейнічае тры) выязджалі да 32 каранавірусных хворых у мінулую суботу і да 41 – у нядзелю.
– Імкнёмся аказаць медыцынскую дапамогу ўсім, каму яна патрабуецца. Урачы ў чырвонай зоне вядуць прыём да апошняга пацыента. Зразумела, што пакуль ідзе рост захварэлых, будуць чэргі. Просьба да наведвальнікаў паліклінікі з разуменнем аднесціся да такой сітуацыі, – гаворыць намеснік галоўнага ўрача.
Каб скараціць чэргі на амбулаторны прыём у чырвонай зоне, кіраўніцтва райбальніцы арганізавала прыём пацыентаў адначасова трыма ўрачамі ў першай палове дня, двума – у другой. Для шпіталізацыі хворых з сярэдняцяжкім і цяжкім цячэннем COVID-19 задзейнічана інфекцыйнае аддзяленне райбальніцы. Зараз яно поўнасцю запоўнена.
– Пік захворвання яшчэ не дасягнуты. А ўлічваючы заразнасць «амікрона», настойліва раю прымаць усе прафілактычныя меры. І самая галоўная і выніковая – вакцынацыя супраць каранавіруса. Прывяду толькі адзін прыклад: з 24 пацыентаў, якія лечацца ў стацыянары інфекцыйнага аддзялення, прышчэплена толькі чацвёртая частка. Высновы напрошваюцца самі па сабе. Не забывайце пра маскі, сацыяльную дыстанцыю. Беражыце сябе і паклапаціцеся пра тых, хто побач, – адзначае Міхаіл Куляшоў.
Па даных райЦГіЭ, 14145 землякоў зрабілі крок насустрач уласнаму здароўю – прышчапіліся супраць COVID-19.
Галіна КАНЬКО.