У раёне будуць працягваць павялічваць паказчыкі

Калі пасля нараду аказалася, што няма свабодных шафёраў, каб падвезці даярак на ферму, старшыня гаспадаркі Уладзімір Мароз заспакоіў: не хвалюйцеся, сам буду падвозіць. І ў 4 гадзіны раніцы, і ў 23 вечара ён нязменна на ферме. Не старшыні гэта работа?  Але ж абставіны вымусілі. Некабінетныя размовы з даяркамі, даглядчыкамі выявілі праблемы, якія на першы погляд здаюцца не самымі важнымі, але ўплывовымі. Хутка ўнесеныя ў работу карэктывы далі добрыя вынікі, да таго ж і дысцыпліна значна палепшылася.

У канцы года падвялі вынікі, успомнілі, як старшыня ўстанавіў штодзённы кантроль, і што з гэтага атрымалася: укараняюцца элементы паточна-цэхавага ўтрымання жывёлы; вядзецца работа па аднаўленні статка, у выніку якой фарміруюцца групы высокапрадукцыйных кароў; арганізавана трохразовае даенне; дыферэнцыраванае кармленне дало магчымасць больш рацыянальна расходаваць кармы. Калі ў Востраве будзе праведзена рэканструкцыя фермы і ўступіць у дзеянне зала для даення кароў, гэта стане завяршэннем фарміравання паточна-цэхавай сістэмы ўтрымання жывёлы.

А пакуль гадавы валавы надой малака склаў 1671 тону, на карову надоена па 3532 кілаграмы малака. Паказчык сціплы, але ёсць адно “але”: кожная рагуля ў параўнанні з 2008 годам прыбавіла ў надоях па 514 кілаграмаў! Ёсць малако, значыць, будуць і грошы.  Сёлета зарплата  даярак, слесараў, загадчыцы фермы пастаўлена ў залежнасць ад якасці атрымліваемай прадукцыі. Гэтае пытанне ўзнята не дарма: сельгаспрадпрыемству патрэбна тэрмінова яго вырашаць. Летась, напрыклад, з-за таго, што прадавалі малако пераважна першым гатункам, гаспадарка недабрала 105 мільёнаў рублёў. Калі ўлічыць, што ў асноўным сельгаспрадпрыемства і жыве за кошт грошай ад малочнай галіны, то і кіраўніцтву СВК, і спецыялістам, і жывёлаводам трэба  вельмі пастарацца і  віртуальна недабраную суму сёлета зрабіць рэальным прыбыткам. А вось як выглядае сітуацыя ў лічбах: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, атрыманай за мінулы год, склала 1 мільярд 910 мільёнаў рублёў. Ад продажу прадукцыі жывёлагадоўлі з гэтай сумы зароблены 1 мільярд 471 мільён рублёў. Усё гэта дзякуючы таму, што і ў мясной жывёлагадоўлі пачаліся станоўчыя перамены. Скажам, на 21 тону больш, чым пазалетась, атрымана прывага жывёлы на адкорме, прададзена дзяржаве 110 тон мяса, што на 31 тону больш, чым у 2008 годзе, на 33 галавы павялічыўся дойны статак.

Сёлета працаўнікі СВК “Востраў-Агра” плануюць не толькі замацаваць свае поспехі, але і выйсці на новыя рубяжы. Асабліва, што датычыць якасці малака: мяркуецца 10 працэнтаў прадукцыі атрымаць гатункам экстра, яшчэ 50 – вышэйшага гатунку, сярэдні надой на карову павінен скласці 4200 кілаграмаў малака, павялічацца прывагі жывёлы і пагалоўе статка. А каб зацікавіць людзей, распрацаваны меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання, асабліва для тых жывёлаводаў, якія адказваюць за якасныя паказчыкі прадукцыі.

Старшыня перакананы, што з такімі працаўнікамі, як у іх гаспадарцы, пос-пех можна забяспечыць адназначна. Адказнасцю вызначаюцца галоўны заатэхнік Вера Варабей, даяркі Ганна Зубік, Вольга Гаўрыльчык, Іна Грачыха, Тамара Лебедзева, пастух Мікалай Зубік, асемянатар Алена Зубік, цялятніцы Вольга Кандраціна, Ніна Азарчык.

Ёсць у гаспадарцы пэўныя зрухі і ў раслінаводстве, і сёлета тут маюць намер дабіцца значна лепшых вынікаў. Рэальна расцэньваюць свае сілы і стаўку робяць на ўмацаванне машынна-трактарнага парка сельгаскааператыва: як вядома, культура земляробства – аснова асноў. За апошнія гады тэхнікі крыху прыбавілася, але не пашкодзіла б мець яшчэ 2 плугі, гноераскідвальнік, сеялку, не хапае ўборачнай тэхнікі – гэта мінімум, які б дазволіў захаваць комплекс тэхналагічных мерапрыемстваў пры вырошчванні кукурузы, ільну. Плануюць тут паспрабаваць сёлета вырошчваць і цукровыя буракі.

У Востраве настойліва шукаюць плённыя шляхі, каб накіраваць па іх дзейнасць сельгаскааператыва. Намаганні, праўда, не заўсёды сябе апраўдваюць. Летась, напрыклад, вырасцілі добры лён, своечасова ўбралі, даставілі на льнозавод. Зарабілі 80 мільёнаў рублёў. Яны зараз так былі б дарэчы сельгаспрадпрыемству. Аднак, калі завод іх пералічыць, невядома.

У гаспадарцы не апускаюць рук, плануюць і працуюць. Нягледзячы на тое, што маюць шматкампанентную пашу, думаюць перазалужваць новыя землі, каб было дзе пасвіцца і статку кароў з асабістых гаспадарак вяскоўцаў, павялічыцца севазварот за кошт плошчаў, якія не давалі аддачы гадоў 15. Плануецца рэканструкцыя, будаўніцтва міні-свінафермы, добра-         ўпарадкаванне тэрыторыі   цэнтральнай сядзібы. Сёлета Востраў набудзе статус аграгарадка.

Шмат планаў і задум у працаўнікоў СВК ”Востраў-Агра”. Усе яны рэальныя. Працаўнікі гэтага сельгаскааператыва  спадзяюцца на свайго старшыню. Яны гатовы разам з Уладзімірам Марозам ісці і далей па абраным шляху пераўтварэнняў. Гэта было бачна на справаздачным сходзе, які нядаўна адбыўся ў сельгаскааператыве. І спецыялісты, і радавыя работнікі падтрымліваюць ідэі і намаганні свайго старшыні. А ён называе асноўнай сілай гаспадаркі механізатараў Паўла Здановіча, Аляксандра Петрашэвіча, Анатолія Дзянішчыка, Анатолія Арцёма, шафёраў Дзмітрыя Бародзіча, Мікалая Сельмановіча, галоўнага інжынера Максіма Горбіка, брыгаду будаўнікоў. А яшчэ старшыня СВК у сваім дакладзе быў крытычны і самакрытычны, вызначыў нявыкарыстаны патэнцыял росту вытворчасці. А гэта – задача на сёння.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *